Понедельник, 21 апреля 2025

Цукровыя буракі дачакаліся чаргі!

467

Веснавая сяўба набірае сваю моц, пакуль спрыяе ёй надвор’е. Вось і наступіла пара салодкіх караняплодаў, сеяць якія пачалі і ў ААТ «Шані-аграпрадукт». З гэтай нагоды наведаліся на гэтым тыдні карэспандэнты «раёнкі» ў гаспадарку.

Усе прафесіі маюць права быць, кожная спецыяльнасць заслугоўвае ўвагі. Але земляробам — асаблівая павага, бо яны займаюцца адвечнай працай, вядомай нашым дзядам і прадзедам, без якой цяжка ўявіць наша жыццё. Шчыруюць не па гадзінах, а як пагода дазваляе і светлавы дзень. Якая стомленасць і жаданне паляжаць на канапе, калі чакае родная зямля. Ты проста павінен дагледзець свае палеткі, каб праз некаторы час яны дружна далі ўсходы.

Нашаму раёну патрэбна засеяць цукровымі буракамі плошчу ў 1300 га. З іх 350 га — у ААТ «Шані-аграпрадукт». Гаспадарка ўжо не першы год займаецца вырошчваннем караняплодаў, таму гэтую работу праводзіць з толкам і расстаноўкай, улічваючы ўсе негатыўныя акалічнасці, якія могуць перакрэсліць надзеі на добры ўраджай.

Як расказаў аграном сельгаставарыста Мікалай Пекун, усе гектары буракоў размяшчаюцца каля аг. Шані. Чаму? Усё проста, бо гэтая культура патрабавальная да віду глебы, ёй больш падыходзіць супясчаная і сугліністая. І ўтрыманне гумусу павінна быць не менш за 3%. Звычайна высяваюцца караняплоды пасля збожжавых, нават рапсу, бо гаспадарка не шкадуе грошай на эфектыўныя ядахімікаты і мінеральныя ўгнаенні, таму заўсёды і разлічвае толькі на станоўчы рэзультат.

Асноўныя работы па падрыхтоўцы глебы пад караняплоды былі праведзены з восені. Да ўзворвання ўнеслі фосфар і калій, таксама ўгнаілі арганікай. А па вясне, непасрэдна перад сяўбой, наступіла чарга і азоту з разліку 100 кг дзеючага рэчыва на гектар. Усім вядома, што на пустой зямлі можа вырасці толькі пустазелле, не інакш. На пятніцу бягучага тыдня ўжо засеяна 124 га.

Абавязкова за дзень ці нават адразу перад сяўбой праводзіцца апрацоўка плошчаў агрэгатам «АКШ — 7,2», які за адзін праход выконвае рыхленне, выраўноўванне і прыкачванне глебы са стварэннем ушчыльненага пасяўнога слою для насення. Чым і займаўся на трактары «Джон-Дзір» механізатар Аляксандр Ніканчук, працаваў шчыра, так сказаць, не філонячы ад работы.

Высяваюць цукровыя буракі ў ААТ «Шані-аграпрадукт» сеялкай дакладнага высеву «Монасем». Дадзены агрэгат у гаспадарцы ўжо каля дваццаці гадоў, і пакуль нараканняў на яго не было. Дый з чаго б, калі па якасці высеву яму няма роўных: забяспечваецца аднолькавая глыбіня сяўбы ў 3 см і захоўваецца нязменная адлегласць паміж насеннем. А дружная і раўнамерная ўсходжасць — неад’емная ўмова высокай ураджайнасці. Работа праводзіцца няспешна, хуткасць трактара «Беларус 82.1» складае ўсяго 6 км у гадзіну, бо, калі яе павялічыць, узмацняецца вібрацыя сеялкі і не будзе вытрымлівацца норма высеву. Гэта ўсё добра ведае трактарыст-машыніст Андрэй Макарэвіч і лічыць за гонар, што яму даручылі такую важную работу. Можна было б, канечне, і яшчэ адну сеялку падключыць, але пакуль у гэтым патрэбы няма, тэрміны не падціскаюць. Наогул, сельская гаспадарка — тая галіна, дзе ўсё трэба рабіць з разуменнем справы, без лішняй паспешлівасці.

Завітаеш у якое-небудзь сельгаставарыства раёна, палюбуешся краявідамі, пагутарыш з людзьмі — і ўсяляецца ўпэўненасць, што ўсё ў нас будзе складвацца найлепшым чынам. Жылі добра, а жыць будзем яшчэ лепш.

Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік