
Гэта адна з самых вострых праблем планетарнага значэння. Па дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ), ад яе пакутуюць каля 500 млн чалавек ва ўсім свеце, у 98% гэта дыябет другога тыпу. Чаму гэтае захворванне так моцна ўкаранілася ў наша жыццё, як яго папярэдзіць і як з ім змагацца? Па адказ на гэтыя і іншыя пытанні я звярнулася да ўрача-эндакрынолага Пружанскай ЦРБ Таццяны Паляшук.
Даведачна:
Кожныя 5 секунд у свеце ў 1 чалавека дыягнастуецца цукровы дыябет.
Кожныя 7 секунд 1 чалавек памірае ад ускладненняў цукровага дыябету.
Кожныя 30 секунд ампутуюць канечнасць з-за цукровага дыябету.
Кожны 11-ы дарослы чалавек на нашай планеце мае дыягназ цукровы дыябет, з іх кожны другі не ведае, што ў яго ён ёсць.
Спытайце, чаму не ведае? Бо некалькі гадоў дыябет сябе ніяк не праяўляе. Людзі выдатна сябе адчуваюць і скаргі могуць узнікнуць, калі ўжо будзе ўскладненне (страта зроку, нырачная недастатковасць або гангрэна ступні). Дыябет — сапраўдная пуга 21 стагоддзя, прычым ён праяўляецца не толькі ў дарослых, але і ў дзяцей і падлеткаў. Больш за адзін млн ва ўзросце да 20 гадоў у свеце пакутуе ад цукровага дыябету першага тыпу (ЦД 1).
— Таццяна Віктараўна, дык што ж такое цукровы дыябет (ЦД)?
— Дыябет — гэта агульная назва групы хранічных эндакрынных захворванняў. Усе хваробы гэтай групы маюць агульны сімптом — поліурыю (павышанае выдзяленне мачы). Але толькі цукровы дыябет звязаны з павышэннем канцэнтрацыі глюкозы ў крыві.
ЦД — захворванне, пры якім парушаецца вугляводны абмен, а дакладней, павялічваецца ўзровень глюкозы (цукру) ў крыві.
ЦД можа быць не толькі 1 і 2 тыпу, на самай справе іх шмат. Мы разгледзім асноўныя два. У аснове гэтага захворвання ляжыць інсулін — гармон падстраўнікавай залозы, які зніжае глюкозу ў крыві, пераводзіць яе ў клеткі для выпрацоўкі энергіі. Найбольш вядомы 1 і 2 тып ЦД.
— У чым жа розніца?
— Пры ЦД 1 тыпу няма інсуліну, таму што клеткі падстраўнікавай залозы, якія яго выпрацоўваюць, разбураны аўтаімунным працэсам, калі асабістая імунная сістэма пачынае паражаць уласныя здаровыя клеткі і тканіны.
Пры ЦД 2 тыпу —інсулін ёсць і нават у пачатку захворвання яго будзе больш, чым трэба. Толькі ён не ўспрымаецца клеткамі з прычыны неадчувальнасці да інсуліну, яны яго проста не бачаць. Таму правесці глюкозу ў клетку інсулін не можа і ў крыві мы назіраем павышаны ўзровень цукру. Гэты стан развіваецца на фоне лішняй вагі. Вось і простая выснова: асноўная прычына ЦД 2 тыпу — атлусценне!
— Якія магчымасці для выяўлення ЦД 2 тыпу ёсць сёння ў раённых медыкаў?
— Мы маем вялікі спектар магчымасцяў: УГД шчытападобнай залозы можна зрабіць бясплатна на працягу месяца. У складаных выпадках ёсць у наяўнасці глюкозаталерантны тэст (ГТТ) — адзін з метадаў ацэнкі метабалізму глюкозы ў арганізме, падчас якога ўзровень глюкозы вымяраецца нашча. Для дыягностыкі шчытападобнай залозы ў нас бясплатныя рэактывы на гармоны, рэактыў на картызол для выяўлення паталогіі наднырачнікаў. Актыўна выяўляем паталогію парашчытападобных залоз пры наяўнасці дэфіцыту вітаміна D. Пасля абследаванняў пры падазрэнні на захворванне мы адпраўляем у абласны эндакрыналагічны дыспансер для далейшага кантролю.
Статыстыка За 6 месяцаў 2023 года ў Пружанскім раёне ўпершыню выявілі ЦД 2 тыпу ў 133 чалавек, у 2024 годзе за такі ж перыяд у 170 чалавек, гэта на 37 чалавек больш, чым у мінулым годзе. Усяго на ўліку ў эндакрынолага стаяць 2308 чалавек з дыягназам ЦД 2 тыпу.
— З якімі скаргамі звяртаюцца да вас пацыенты?
— Агульная слабасць, пачашчанае мачавыпусканне, сухасць у роце, смага, сухасць слізістых і скуры, дрэнна загойваюцца раны, частыя захворванні скуры, парушэнне зроку (як у змроку), могуць турбаваць гінекалагічныя захворванні (кандыдоз, вульвіт).
Яшчэ раз звяртаю ўвагу: вельмі доўга, магчыма, некалькі гадоў (згодна са статыстыкай — да пяці гадоў) скаргі будуць адсутнічаць, пакуль клетак у падстраўнікавай залозе, якія адказваюць за сінтэз інсуліну, не стане 50% і менш.
Таму важна праходзіць дыспансерызацыю адзін раз у год, пры якой можна выявіць скрыты дыябет!
— Каму ж трэба абследавацца ў першую чаргу?
— Пры адхіленнях, выяўленых па выніках анкетавання (пры прахаджэнні дыспансерызацыі) (і) або медыцынскага агляду ўсім, у каго высокая рызыка па выніках апытальніка FINDRISC (12 і больш балаў). Калі вам больш за 45 гадоў, вы маеце лішнюю вагу, фізічна не актыўныя ці ў вас ёсць сямейная гісторыя дыябету, тым вышэй рызыка развіцця дыябету 2 тыпу. Чым раней вы даведаецеся, што знаходзіцеся ў групе рызыкі, тым хутчэй зможаце зрабіць крокі па прафілактыцы або лячэнні захворвання.
Анкета, якую прапануюць падчас дыспансерызацыі, вельмі простая, затое дзейсная. Вызначыўшы свае рызыкі, можна альбо супакоіцца, альбо пачаць актыўна дзейнічаць, галоўнае, не адкладаць візіт да доктара ў доўгую скрыню і не сумнявацца ў сабе і ў сваіх сілах. Своечасова пачатае лячэнне або прафілактыка звядуць да мінімуму ўсе вашы асцярогі, і вы будзеце жыць доўга і шчасліва.
Яшчэ эндакрынолаг пажадала ўсім паглядзець дакументальную стужку «Сахар» 2014 года выпуску, вытворчасць — Аўстралія. Рэжысёр і сцэнарыст Дэйман Гамо ў сваіх даследаваннях выявіў уплыў цукру на стан нашага арганізма, а таксама раскрыў горкую праўду аб «здаровым харчаванні».
І ў завяршэнні жадаю ўсім нашым чытачам і іх сем’ям моцнага здароўя і дабрабыту, а таксама нізкай рызыкі развіцця цукровага дыябету. Уважліва стаўцеся да свайго арганізма, няхай у нашых дактароў будзе менш расчараванняў, а больш падстаў для радасці і спакою за сваіх пацыентаў.
Гутарыла Ірына Велясевіч. Фота Кацярыны Масік
Пры лячэнні цукровага дыябету вельмі важны рэжым харчавання. Калі выконваць простыя правілы, можна пазбегнуць непрыемных рэцыдываў. Сілкаванне павінна быць дробным, 5-6 разоў у дзень. Пры залішняй вазе неабходна змяншаць агульную сутачную каларыйнасць страў.
Сілкаванне пры дыябеце 1 тыпу
Катэгарычна забаронена ўжываць у ежу простыя вугляводы: цукар, мёд, мучное, шакалад. Пры ўжыванні гэтых прадуктаў у чалавека рэзка павялічваецца ўзровень цукру ў крыві. Пры складанні меню трэба ўлічваць і каларыйнасць прадуктаў і аддаваць перавагу нізкакаларыйным. Есці трэба часта, але невялікімі порцыямі, у дзень — 5-6 прыёмаў. Аснову рацыёну павінна складаць бялковая ежа, садавіна і агародніна.
Сілкаванне пры дыябеце 2 тыпу
Рэкамендавана нармалізаваць вагу і кантраляваць узровень цукру ў крыві. Пры гэтым неабходна цалкам адмовіцца ад простых вугляводаў (салодкае, выпечка), ад салодкай садавіны (абрыкосы, банан, вінаград, чарэшня, ананас, кавун, дыня). Можна есці толькі тыя прадукты, якія маюць невысокі глікемічны індэкс.
Спіс дазволеных прадуктаў
АГАРОДНІНА: памідоры, агуркі, капуста, кабачкі, зялёная фасоля.
САДАВІНА І ЯГАДЫ: вішня, журавіны, брусніцы, груша, яблыкі.
КАШЫ: ячменная, рысавая, аўсяная, грачаная.
МЯСА: трус, індычка, цяляціна.
РЫБА: траска, мінтай, рачная рыба нятлустых гатункаў: лешч, шчупак, судак.
Спіс поўнасцю або часткова абмежаваных прадуктаў
МАЛОЧНЫЯ ПРАДУКТЫ: кефір, малако.
АГАРОДНІНА: буракі, морква, бульба.
КРУПА: пшанічная, манная.
САДАВІНА І ЯГАДЫ: кавун, вінаград, бананы, маліна, разынкі, дыня, ківі.
МЯСНЫЯ ПРАДУКТЫ: каўбаса, сасіскі, свініна, тлустыя гатункі мяса, першыя мясныя булёны.
ЦУКРАЗМЯШЧАЛЬНЫЯ ПРАДУКТЫ: цукеркі, шакалад, салодкая выпечка.
Захаванне дыеты і рэжыму харчавання пры цукровым дыябеце дазволіць пазбегнуць непажаданага ўздыму ўзроўню цукру ў крыві.
