Вторник, 21 января 2025

«Цукровая хвароба», або Што выклікала спажывецкі ажыятаж? Разбіраліся карэспандэнты «раёнкі»

456

«Кажуць, што цукар заўтра будзе па 4.60!» — такое паведамленне даслаў мне сябар з Брэста яшчэ ў мінулую нядзелю. Першай рэакцыяй было здзіўленне, затым – сумненне, а потым – шок. І зусім не ад росту цэн, якія так і засталіся на ранейшым узроўні, а ад спажывецкага ажыятажу. У абласным цэнтры людзі літаральна змялі з паліц салодкі прадукт, пацвярджэннем сталі шматлікія фота і відэа ў інтэрнэце.

Дайшла паніка і да Пружан. Дык як жа развівалася сітуацыя ў нашым раёне?

Цукару Жабінкаўскага завода ва «Універсаме» хапае, цана — 2,57 р.

Калі перафразаваць класіка, то, бадай, галоўным пытаннем адыходзячага тыдня стала «Браць ці не браць?» І некаторыя жыхары горада аддалі перавагу першаму варыянту, так сказаць, захварэлі на «цукровую хваробу». Ужо было не важна, хто вытворца. З пустымі паліцамі давялося сутыкнуцца многім магазінам і пакупнікам, якія прыйшлі па адзіны пачак цукру. Але не таму, што цэны раптоўна ўзляцелі ці прадукт у краіне ўвогуле скончыўся. Прычына адсутнасці якраз у небывалым попыце. Адпаведна гандлёвыя сеткі проста не паспявалі прывезці патрэбны аб’ём тавару.

Гэта ў сераду пасля працоўнага дня пацвердзілі і прадаўцы магазіна «Шанц» на вул. Вашкевіча. «Амаль пустыя паліцы можна было назіраць у панядзелак. У гэты ж дзень мы завезлі вечарам 350 кг цукру. Разабралі ўмомант. У аўторак прыбыла партыя ў 570 кг. Таксама раскупілі. Вось прыйшлі чарговыя 500 кг», — расказала прадавец Таццяна Птуха.

Упакоўку цукру купляла тут Алёна. Жанчына адразу тлумачыць: пачаўся сезон закатак, а цукар якраз прапаў. У пошуках яго нават давялося аб’ехаць некалькі магазінаў, таму вымушана браць у запас.

Падключылася да размовы пенсіянерка Алена Міхайлаўна: «Не разумею гэтага ажыятажу. Сябры расказвалі, што ў суседніх гарадах нават рафінад разабралі. Лічу, што ўсё гэта надумана. Калі і павысяцца цэны, то дакладна не ў два разы».

Гарадзейскі цукар рэгулярна пастаўляюць у «Белмаркет».

Бліжэй да закрыцця ў фірменным магазіне Аранчыцкай птушкафабрыкі, які знаходзіцца непадалёк ад «Шанца», цукру не было зусім. Прадавец тлумачыць: за адзін ажыятажны дзень прадалі аб’ём, які раней рэалізоўвалі на працягу месяца.

Такі ж каментарый наконт росту аб’ёмаў продажу мы атрымалі і ад загадчыцы «Універсама» Жанны Ліцкевіч. У чацвер сюды, а таксама ў «Белмаркет» і магазін у Шанях мы адправіліся разам са старшынёй раённага аб’яднання прафсаюзаў Таццянай Гаманчук. Яна штомесяц кантралюе рост цэн і праводзіць маніторынгі. Дык вось, самі ўбачылі, што кошт салодкага прадукту жабінкаўскага вытворцы ў параўнанні з мінулым месяцам ва «Універсаме» не павялічыўся. Кілаграм тут каштуе 2,57 руб.

Пакупніца «Універсама» Наталля Пятроўна.

Падыходзім да паліцы з «ажыятажным» таварам і бачым, што яна запоўненая. Якраз у гэты момант пачак цукру клала ў кошык Наталля Пятроўна.

— Колькі ўжо гэтых ажыятажаў было, — кажа жанчына. — Але заўсёды ў выніку тавар прысутнічаў. Я не закупляюся «на потым» — у гэтым няма патрэбы.

Пакупніца «Універсама» Галіна Аляксееўна.

А вось пенсіянерка Галіна Аляксееўна ўзяла два кілаграмы. Кажа, што столькі ёй і трэба на месяц. Летам яе асабістая норма ўзрастае, бо пайшлі агародніна і садавіна. «Вось і зараз закатваю малінавае варэнне. Ніколі не паверу, што цэны настолькі ўзрастуць. Наш Прэзідэнт проста не дапусціў бы гэтага», — кажа пакупніца.

Марыя Аляксееўна і Алена Іванаўна ў магазіне аг. Шані.

А як сітуацыя за горадам? Каб высветліць гэта, адправіліся ў Шані. Тут працуе магазін райспажыўтаварыства «Верасок». Адразу на касе сустракаем Марыю Аляксееўну і Алену Іванаўну. Першая кажа, што пра ажыятаж нават не ведала: у панядзелак ездзіла па чарніцы. Варэнне чакаць не можа, таму і па цукар завітала. Другая жанчына падтрымлівае і дадае: і «раёнка», і іншыя СМІ супакоілі. Паліцы ж, па словах прадаўца, і не пусцелі. Цукар сюды прывозяць з Жабінкі, кошт — 2,58 р.

А ў паштовым аддзяленні «Шані», што насупраць магазіна, у чацвер зранку цукру не аказалася. Аказваецца, разабралі яшчэ ў аўторак, цяпер чакаюць новую партыю. Цана тут крыху ніжэйшая, чым у магазіне, — 2,47 руб.

На фоне ажыятажу тлумачэнні наконт цэн на салодкі прадукт дала ў сваім Telegram-канале прэс-служба Міністэрства антыманапольнага рэгулявання. Тут пад-крэслілі, што кошт прадукту рэгулюецца Пастановай Саўміну № 214. Згодна з ёй, гандлёвая надбаўка (з улікам оптавай) складае 15%. Як запэўнілі ў МАРГ, вытворцы краіны павышаць цэны на цукар не плануюць.

Сітуацыю ў магазінах філіяла «Прадтавары» пракаментавала яго дырэктар Таццяна Жук:

— Летам мы традыцыйна назіраем павышэнне попыту на цукар, бо ён — асноўны прадукт для кансервацыі ягад і садавіны. Але на гэтым тыдні попыт стаў не проста павышаным, а ажыятажным. Складскія запасы разлічаны на пэўны аб’ём рэалізацыі тавару ў магазіне. Калі рэзка і істотна павялічваецца попыт, то, канечне, можа з’явіцца пустая паліца, што мы маглі назіраць у апошнія дні ў гарадскіх магазінах. Сітуацыю выпраўлялі за кошт перакідвання з іншых магазінаў і павелічэння аб’ёму паставак. У рознічную сетку філіяла «Прадтавары» з 18 па 22 ліпеня паступала з завода-вытворцы па 9,5 тон цукру штодзень. Раней гэты аб’ём практычна пакрываў месячную патрэбу.

Грузчык Аляксандр Берднік.

Сутыкнуліся з павышаным попытам і сеткавыя магазіны. Але і тут тавар аператыўна дастаўлялі. За разгрузкай цукру з Гарадзеі мы засталі ў «Белмаркеце» грузчыка Аляксандра Бердніка. Сам мужчына не затарваўся ў запас. Ды і навошта, калі такі папулярны тавар у родным магазіне каштуе 2,51 руб.? Такая ж цана была ў мінулым месяцы, аналагічны тавар ад іншага вытворцы, паводле маніторынгу прафсаюзаў, каштаваў 2,59 руб.

Намеснік загадчыка Марына Сідарук кажа, што спачатку цукровы бум назіраўся, хоць і не вельмі моцны. Увогуле, тавар у магазін паступае з размеркавальнага цэнтра ў Мінску. Пастаўкі — чатыры разы на ты-дзень. Цукру зараз у дастатку. За мінулы тыдзень без ажыятажу прадалі 1,5 тоны. За сераду — 500 кг. Новую партыю чакаюць ужо сёння, у суботу.

Пружанец Сяргей на касе магазіна «Белмаркет».

Пагаварылі мы з пакупнікамі і тут. Сяргей, які разлічваўся на касе, кажа, што падобнай паніцы не паддаецца.

Пакупніца «Белмаркета» Наталля Уладзіміраўна.

Наталля Уладзіміраўна прызнаецца: «Многія нават сярод маіх знаёмых цягнулі цукар цэлымі ўпакоўкамі! Сама ж рабіць гэтага не стала. Усё таму, што пачула тлумачэнне сітуацыі па тэлебачанні. Думаю, што пасля збору новага ўраджаю цукровых буракоў кошт прадукта можа падрасці, але ж не да касмічных памераў».

Як будзе развівацца сітуацыя далей, вядома, пакажа час. І «раёнка» абяцае сачыць за гэтым. На момант адпраўкі нумара ў друк Таццяна Жук нам паведаміла, што ў сетцы «Прадтавары» ажыятаж cпаў. Цукру на паліцах дастаткова.

Што ж, паддацца эфекту натоўпу лёгка. Падобныя ж чуткі далёка не першыя і, магчыма, не апошнія. Таму заклікаем чытачоў у такіх выпадках не панікаваць, а разабрацца ў сітуацыі. І спадзяёмся на добры ўраджай цукровых буракоў і сёлета.

Уладзіслаў Шпарла. Фота аўтара