Людзі, якія перанеслі хваробу ў цяжкай форме, працягваюць дзяліцца з чытачамі «раёнкі» сваімі адчуваннямі.

Кавідам я паспеў перахварэць двойчы. Улічваючы вялікую вірусную нагрузку, якой вось ужо другі год падвяргаюцца ўсе медыкі, гэта нядзіўна. Як бы мы ні засцерагаліся, як бы ні абараняліся, каварны каранавірус акружае з усіх бакоў.
Першы раз я захварэў летась, у ліпені, але лячыўся амбулаторна. Тады знік пах, турбаваў моцны кашаль, але самаадчуванне ў цэлым было нядрэнным. Праз паўгода, у снежні, гісторыя паўтарылася, але ў зусім іншым ракурсе. Прыйшоў на працу і адчуў сябе вельмі дрэнна. Слабасць прыйшла хваляй, як цунамі: рэзка і нечакана. Абліваўся потам, не было сілы хадзіць. Але што самае страшнае, пачаў задыхацца. У літаральным сэнсе, нават на вуліцы перастала хапаць паветра.
Памятаю, тады была субота, таму адразу звярнуўся па дапамогу ў прыёмны пакой. Праз паўгадзіны тэст паказаў, што я падхапіў «карону». У бальніцу тады не паклалі, адправілі лячыцца амбулаторна. За выхадныя стала яшчэ горш — і я прыйшоў у паліклініку на прыём да ўчастковага тэрапеўта. Урач Жанна Шаблінская мяне праслухала, адзначыла, што лёгкія ёй не падабаюцца, і адправіла на рэнтген. Аднак здымак нічога не паказаў. Толькі камп’ютарная тамаграфія, якую я прайшоў у Брэсце, паказала ўсю карціну: 70% паражэння лёгкіх. Пры гэтым, што характэрна, паказчык сатурацыі ніжэй за 90 не апускаўся…
Каля трох тыдняў лячыўся ў кавідным шпіталі Пружанскай ЦРБ, пад які тады было перапрафілявана траўматалагічнае аддзяленне. Дзесяць дзён правёў пад кіслароднай маскай, балазе, рэанімацыя не спатрэбілася. Лячэнне, прызначанае ўрачом Вольгай Касюк, а па сумяшчальніцтве жонкай майго ўнука, дало плён. Я жывы і зараз праходжу рэабілітацыю ў санаторыі «Буг». На працу я не вярнуўся.
Што хацелася б сказаць праз год пасля перанесенай хваробы? Кавід значна каварней за грып. Так, у гэтых хвароб шмат аднолькавых сімптомаў, але «тануць» суткамі пры грыпе людзям не даводзіцца. Такога нават ворагу не пажадаеш.
Да таго ж, кавід пакідае пасля сябе шлейф цяжкіх наступстваў. У мяне з’явіліся праблемы з памяццю і вельмі моцна пачалі балець суставы. Таму, карыстаючыся выпадкам, хачу звярнуцца да чытачоў з парадай: заўсёды давярайце ўрачам, яны дрэннаму не навучаць. Раяць выконваць сацыяльную дыстанцыю і насіць маскі — рабіце гэта абавязкова. Рэкамендуюць вакцынавацца — не сумнявайцеся. І яшчэ старайцеся больш гуляць на свежым паветры, беражыце родных людзей. Ніхто не ведае, што будзе заўтра, і ці наступіць яно ўвогуле.
Шануйце ўласнае жыццё і жыццё дарагіх вам людзей! Будзьце здаровы!
Георгій Касюк, былы фельчар аддзялення неадкладнай хуткай дапамогі Пружанскай ЦРБ