Цыклон з моцнымі парывамі ветру (да 25 метраў у секунду), што ў панядзелак прайшоў праз Брэсцкую вобласць, не мінуў і Пружаншчыну, хаця і не з такімі сур’ёзнымі наступствамі, як у нашых суседзяў у Бярозаўскім і Кобрынскім раёнах.
Паводле інфармацыі райаддзела па надзвычайных сітуацыях, рэгістраваліся адключэнні электраэнергіі ў населеных пунктах у зоне Белавежскай пушчы. Таксама паступіла скарга ад МТС, што адключылася перадаючая вежа ў в.Бельчыцы. Ва ўсіх выпадках прычынай аварый сталі абрывы правадоў напружання зламанымі галінамі.
У выніку падзення дрэў на кароткі час быў перакрыты рух на дарозе каля в.Ялова і на вул.Кастрычніцкай у г.Пружаны. Усе аварыйныя наступствы былі аператыўна ліквідаваны камунальнай службай і работнікамі ДРБУ-140.
Алег Сідарэнка.