Среда, 19 февраля 2025

Ці з’явяцца ў раёне новыя зялёныя маршруты? Абмеркавалі на семінары ў Палацы культуры (+відэарэпартаж)

447

Бяскрайнія прасторы, крыштальна чыстыя азёры, маляўнічыя палеткі, гістарычныя будынкі… У нашым раёне ёсць на што паглядзець, чаму здзівіцца і ад чаго атрымаць асалоду. А ў час пандэміі ўнутраны турызм становіцца асабліва папулярным. Адзін з новых накірункаў яго развіцця — адкрыццё зялёных маршрутаў. Іх стварэнню і функцыянаванню быў прысвечаны семінар «Зялёныя маршруты як рэалізацыя гісторыка-прыроднага патэнцыялу раёна ў турызме», які прайшоў у райцэнтры.

Заклад плённага супрацоўніцтва

Першыя зялёныя маршруты на карце краіны з’явіліся яшчэ ў 2004-м. Ля вытокаў іх стварэння стаяла «Беларускае геаграфічнае таварыства». Пры яго актыўнай падтрымцы такія маршруты зараз дзейнічаюць у Чэрвеньскім, Расонскім, Лідскім і многіх іншых раёнах. Займець новыя зялёныя маршруты, вырашыў і наш раён. Як адзначыў падчас семінара намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч, гэта можа даць добры штуршок для больш інтэнсіўнага развіцця турызму на Пружаншчыне. Менавіта таму летась паміж райвыканкамам і геаграфічным таварыствам было заключана пагадненне аб двухбаковым супрацоўніцтве.

Дык што ж такое зялёны маршрут? На гэтае пытанне адказаў старшыня Беларускага геаграфічнага таварыства Аляксей Яротаў.

— У першую чаргу, «зялёны» значыць экалагічны. У аснове канцэпцыі падобных турыстычных маршрутаў – выкарыстанне транспарту, які не забруджвае навакольнае асяроддзе – веласіпедаў, лодак, саней ці лыж. Праз кожныя 15 км зялёны маршрут уключае ўнікальныя аб’екты – архітэктурныя помнікі, кузні ці керамічныя майстэрні або нават людзей з непаўторнай гутаркай ці тых, хто ведае і можа паказаць даўні абрад. Праз кожныя 20 км на шляху ёсць зоны адпачынку, праз 30 – аб’екты харчавання. І, самае галоўнае, па ўсім маршруце — шчыты з інфармацыяй пра аб’екты на ім, — патлумачыў Аляксей Яўгенавіч.

Па словах спецыяліста, зараз асабліва важна задзейнічаць электронныя рэсурсы, напрыклад, тую ж платформу TikTok. На ёй можна размяшчаць кароткія ролікі пра значныя аб’екты. Самае ж галоўнае для падарожнікаў — эмоцыі. Калі яны ёсць, то як адзначыў Аляксей Яротаў, будзе і пастаянны турпаток.

Сцяжынка ў свет прыроды

Варыянтаў для стварэння зялёных маршрутаў, як аказалася, вялікае мноства. Адзін з іх — экалагічныя сцяжынкі. На тым, як іх распрацаваць, спынілася член геаграфічнага таварыства Наталля Пісарчук.

Па перакананні старшага выкладчыка кафедры фізічнай геаграфіі свету і адукацыйных тэхналогій БДУ, экасцяжынка – своеасаблівы навуковы палігон, які выхоўвае экалагічную культуру. Стварыць яе можна ў лесе ці парку – месцах, дзе ёсць унікальныя расліны або, напрыклад, крыніцы. Пры гэтым чырванакніжнікаў абавязкова трэба пазначаць адпаведнымі таблічкамі. Білборды з карыснай для падарожніка інфармацыяй па ходзе маршруту — таксама важны пункт пры абсталяванні сцяжынкі. Плюс да гэтага яна не павінна быць манатоннай, гэта значыць, аб’екты па шляху павінны мяняцца. Месцаў для стварэння такіх сцяжынак у раёне дастаткова. Таму настаўнікі геаграфіі, спецыялісты па развіцці турызму, супрацоўнікі музеяў і ўласнікі аграэкасядзіб, якія прысутнічалі на мерапрыемстве, узялі ідэю на ўзбраенне.

Зрабіць з Ружан жамчужыну раёна

Напэўна, самым цікавым для ўдзельнікаў семінара было выступленне экскурсавода ТДА «Віаполь» Таццяны Яцкевіч. Выступоўца адзначыла, што першасная задача, якую павінна ставіць перад сабой турыстычная галіна раёна, – затрымаць чалавека не на пару гадзін, а на некалькі дзён. Як гэта можна зрабіць, Таццяна Дзмітрыеўна расказала на прыкладзе г.п. Ружаны.

— З гарадскім пасёлкам звязаны імёны шматлікіх вядомых людзей. Напрыклад, сёлета спаўняецца 500 гадоў з дня кананізацыі каралевіча Казіміра, 385 гадоў з дня атрымання Ружанамі Магдэбургскага права… Калі ўзяць гэтыя даты за аснову, прадумаць праграму святкаванняў, у пасёлак пацягнуцца людзі, — сказала Таццяна Яцкевіч.

Экскурсавод узгадала, што ў Ружанах здымалася тры вядомыя фільмы — «Я родам з дзяцінства», «Песнь пра Маншук», «Хлеб пахне порахам». Таму лагічным бачыцца змяшчэнне шыльдаў са стоп-кадрамі з гэтых карцін на месцах, дзе яны былі зняты, а яшчэ лепш – стварэнне ўласнай кінаалеі. Сярод ідэй Таццяны Дзмітрыеўны таксама выкарыстанне ў навучанні ў Ружанскай ДШМ твораў мясцовых кампазітараў, правядзенне ў Ружанах фестывалю выцінанкі, распрацоўка пазлаў, з якіх будзе складвацца выява Палаца Сапегаў, і маляванак для дзяцей. А яшчэ трэба «заманьваць» турыстаў старажытнымі стравамі ці, напрыклад, пернікамі з выявай Льва Сапегі.

— Ружаны — гэта ж ружы. Калі б пасёлак наладзіў супрацоўніцтва з тым жа батанічным садам, і каля кожнага дома з’явіліся квітнеючыя ружы, паверце, ад турыстаў у гарачы сезон не было б адбою! — упэўнена экскурсавод.

І гэта далёка не ўсе годныя прапановы. Прыслухацца да іх і зрабіць з Ружан мясцовую Мекку — ужо задача жыхароў раёна.

Ідэі сабраць, апрацаваць і рэалізаваць

Папрактыкавацца ў распрацоўцы зялёных маршрутаў змаглі і ўдзельнікі семінара. Яны разбіліся на групы, кожная з якіх распрацавала свае прапановы. Адна з іх — стварыць так званае «пружанскае кальцо», аб’яднаўшы ў адзін маршрут Залессе, Вежнае, Шчарбы, Стойлы і іншыя вёскі. Цікавым бачыцца развіццё архітэктурнага тура, які можа прайсці праз Шарашэва, Лыскава, Гарадзечна, Каштанаўку і Паддубна. Сярод іншых варыянтаў — маршрут па месцах нараджэння вядомых людзей, экалагічнае падарожжа па заказніку «Буслаўка», Ліноўскім піхтарніку, парку ў Пружанах і нават мілітары-тур па райцэнтры.

Другая група прапанавала надаць большую ўвагу байдарачным сплавам па р. Ружанцы і фотапаляванню. Не варта забывацца пра в.Асошнікі і калоны Канстытуцыі.

Словам, ідэй і накірункаў шмат. Іх рэалізацыя будзе залежаць ад жадання настаўнікаў, спецыялістаў і ўсіх нераўнадушных людзей. У сваю чаргу, Беларускае геаграфічнае таварыства абяцае падтрымліваць навуковыя распрацоўкі вучняў і педагогаў, садзейнічаць развіццю маршрутаў і дапамагаць у рабоце з ВНУ.

Уладзіслаў Шпарла (тэкст і відэарэпартаж), Кацярына Масік (фота)