Зараз нам часта задаюць падобнае пытанне, з улікам чаго мы вырашылі звярнуцца па вашу параду, паважаныя чытачы.
Магчыма, нехта ўспрыме гэты аналітычны матэрыял, як жальбу на жыццёвыя складанасці, але менавіта з тых праблемных пытанняў, якія даводзіцца зараз вырашаць рэдакцыі раённай газеты, варта пачаць.
На пачатку другога паўгоддзя 2024 года паштовая сувязь адчувальна змяніла расцэнкі і тарыфы на свае паслугі. Без спецыяльнага пасрэдніка, які дапамагае падтрымліваць сувязь паміж газетай і чытацкай аўдыторыяй, нам не абысціся. А падпісныя індэксы з цэнамі на другое паўгоддзе ўжо загадзя былі сфарміраваны…
Для індывідуальных
падпісчыкаў:
(63949) на 1 месяц— 14,02 руб.,
(63648) на 1 месяц (па суботах) — 11,58 руб.,
(63292) на квартал (для пенсіянераў, шматдзетных сем‘яў, інвалідаў) — 32,65 руб.
Для прадпрыемстваў і
арганізацый:
(64164) на 1 месяц — 18,59 руб.
Для юрыдычных асоб,якія афармляюць падпіску для сваіх работнікаў, пенсіянераў: (639492) на 1 месяц — 17,54 руб.
Такія падпісныя кошты застаюцца нязменнымі працяглы час, што ў пэўнай ступені дазваляе захоўваць нашу чытацкую аўдыторыю. Хаця, як кажуць, «эканамічна абгрунтавана» іх трэба было б павялічыць на 5-10%. З іншага боку, страты атрымліваюцца невялікія і іх можна кампенсаваць з іншых крыніц атрымання прыбытку. Вось толькі…
Тарыфныя змены адбыліся і ў іншых арганізацыях, паслугамі якіх мы карыстаемся, каб даць сваім чытачам максімальна поўную і рознабаковую інфармацыю. А напрыканцы года чакаем падобныя «навіны» ад Брэсцкай друкарні, дзе «Раённыя будні» нараджаюцца на папяровым носьбіце.
Атрымліваецца такая сітуацыя, згодна з якой, здаецца, мы не зможам парадаваць сваіх чытачоў прыемнымі навінамі. Нельга сказаць, што нам такое рашэнне даецца лёгка, бо мы, як і ўсе пружанцы, жывём з заробленага. І, калі прытрымлівацца адпаведнай логіцы, з пачатку 2025 года рэдакцыя павінна павышаць цэны на газету для падпісчыкаў. Вось толькі гэта самае простае выйсце, самае відавочнае. І падрабязна прааналізаваўшы цяперашняе становішча, мы ўсё-такі знайшлі іншую магчымасць. Дакладней кажучы, кампраміснае рашэнне нам падказалі чытачы.
«Сёння ў паштальёна выпісваў «Раённыя будні» і работнік мяне запытаў, па якім індэксе жадаю аформіць падпіску. Пералічыў некалькі варыянтаў, у тым ліку і асобна на суботні выпуск, хаця «раёнка» выходзіць двойчы на тыдзень — у сераду і суботу. Няўжо ёсць тыя, хто задавольваецца толькі «паловай» пружанскіх навін? На маю думку, гэта ўсё роўна, што чытаць кожную кнігу толькі да сярэдзіны. Або глядзець кіно з сярэдзіны і спрабаваць зразумець, пра што гаворыцца ў сюжэце».
Калі карыстацца толькі статыстыкай, то адзначым, што менавіта так мяркуе пераважная большасць чытачоў. Пры колькасці падпісчыкаў амаль у 5000 адрасатаў прыкладна 1 з 50 выпісвае толькі суботні выпуск «раёнкі». Раней гэта было апраўдана, таму што многія карысталіся тэлепраграмай перадач, якая традыцыйна публікуецца ў газеце па суботах. Вось толькі зараз гэта інфармацыя стала настолькі даступнай, што дастаткова націснуць некалькі кнопак на пульце або тэлефоне, каб даведацца не толькі поўны расклад тэлеперадач па любым канале, а нават атрымаць падрабязную інфармацыю пра яе змест.
Яшчэ некаторыя кіраваліся магчымасцю зэканоміць, атрымліваючы хаця б некаторыя навіны раёна па зніжаным кошце. Аднак і такіх чытачоў становіцца ўсё менш, таму што грошы зараз людзі падлічваюць вельмі беражліва. І тыя, хто выпісвае поўны тыднёвы выпуск «раёнкі» за 14,02 руб., мае рацыю больш за тых, хто плаціць 11,58 руб., але толькі за суботні выпуск. З калькулятарам лёгка вылічыць, што першым кожная свежая газета з 8-9 выпускаў за месяц абыходзіцца па цане менш за 1 рубель. А другія атрымліваюць інфармацыю часткова, але плацяць за гэта на 50% больш. Ці ёсць сэнс у такой эканоміі?
Між тым, для таго каб забяспечваць 105 падпісчыкаў толькі суботнім выпускам, нам даводзіцца несці даволі адчувальныя выдаткі, якія істотна перавышаюць працэнтныя суадносіны па чытацкай аўдыторыі. Таму мы і задумаліся: ці ёсць сэнс працягваць былую практыку, калі ў ёй амаль што няма патрэбы? А вось змены нам дадуць магчымасць зэканоміць і ўсё-такі пакуль адмовіцца ад павышэння цэн на падпіску-2025 у першым паўгоддзі. Атрымаецца, што 105 нашых падпісчыкаў вымушаны будуць патраціць на 2,5 рубля больш, затое астатнія — каля 5 тысяч — зберагуць амаль столькі ж.
Ад рэдакцыі. Для чаго мы выносім свае разважанні на старонкі газеты? Маўляў, прынялі б самастойнае рашэнне і проста паставілі ўсіх перад фактам. Але мы шануем кожнага нашага падпісчыка, нам вельмі важна меркаванне любога. Таму і вырашылі вынесці гэта пытанне на агульнаграмадскае абмеркаванне. Раптам яшчэ хто-небудзь з вялікай чытацкай аўдыторыі «Раённых будняў» падкажа цікавае выйсце? Мы чакаем вашых прапаноў, а таксама нагадваем, што да канца падпіскі на 4 квартал 2024 года засталося менш за 2 тыдні. Не адкладвайце на потым, аформіце падпіску зараз і спакойна чакайце чарговы свежы выпуск раённых навін на пачатку кастрычніка.
Алег Сідарэнка