Среда, 15 января 2025

Ці зберажэм спадчыну Шырмы? Шосты раз на пружаншчыне прайшоў конкурс харавога мастацтва «Пеўчае поле»

863

Здавалася, што пасля насычанай двухдзённай праграмы фальклорнага свята “Радавод” у бліжэйшы час мяне, адданага аматара беларускай песні, ужо нічым і не здзівіш. Аднак рэгіянальны конкурс харавога мастацтва “Пеўчае поле”, які адбыўся ў Пружанах у мінулую нядзелю, прынёс свае незабыўныя эмоцыі.


Шосты год праводзіцца наш, ужо брэндавы, конкурс “Пеўчае поле”, які пазіцыяніруецца, як даніна памяці славутаму фалькларысту і публіцысту, хормайстру і дырыжору, заснавальніку Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капелы Рыгору Раманавічу Шырме, які нарадзіўся на пружанскай зямлі.


Калі вы памятаеце, то першы фестываль пачынаўся менавіта на малой радзіме фалькларыста – у вёсцы Шакуны. Тады каля памятнага знака на павароце ў вёску выступаў прафесар тагачаснага Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры А.В.Жураў, які шмат гадоў працаваў побач з Рыгорам Раманавічам. Мінскі спецыяліст падкрэсліваў важнасць праведзенай калегам працы па збору і папулярызацыі ў грамадстве менавіта беларускіх народных песень і шчыра дзякаваў арганізатарам “Пеўчага поля” за такую павагу да спадчыны свайго земляка. На наступны год на фестывалі падымаўся спецыяльны сцяг свята і гучалі словы пра тое, што задача фестывалю – не забываць справу славутага продка і далучаць маладое пакаленне пружанцаў да вытокаў нацыянальнай песеннай спадчыны.


Але заўважу, што клапатліва “засеянае” поле песні сёлета нечакана прынесла “экзатычны” ўраджай: у агучаным рэпертуары некаторых пружанскіх калектываў не знайшлося месца ні для адной беларускай народнай песні.


Такі “нефармат” выканаўцы, у якіх спытала пра гэта, патлумачылі проста: “Варта выходзіць за рамкі, інакш фестываль “памрэ”. Не згодна з гэтым: фестываляў харавога мастацтва, на якіх можна прадэманстраваць сваё вакальнае майстэрства і абсалютны музычны слух, – мноства па ўсёй Беларусі і блізкім замежжы. А вось “шырмаўскае” поле ў нас адно. І берагчы яго, на мой погляд, трэба як зрэнку вока.


Ці зберажэм спадчыну Шырмы? Усё ж мяркую, што зберажэм. І сябры з суседніх рэгіёнаў нам у гэтым дапамогуць. Госці з Кобрынскага, Жабінкаўскага, Свіслацкага, Камянецкага, Ваўкавыскага, Слонімскага і іншых рэгіёнаў Брэстчыны і нават Польшчы паказалі прыклад сапраўднай пашаны да нашай спадчыны. Дзякуй ім, таксама як і многім пружанскім выканаўцам, за песні, якія ліліся быццам з самага сэрца.


Дзякуй дыпламанту I ступені ў намінацыі “Фальклорныя дзіцячыя гурты” ансамблю Пружанскай школы мастацтваў імя Р.Шырмы, вакалісты якога пад кіраўніцтвам Кацярыны Гуга ў чарговы раз даказалі, што няма кампазітара больш геніяльнага за народ. У іх песнях адчувалася любоў да роднага краю і яго старажытных традыцый.


Дзякуй дыпламантам II ступені народнаму хору ветэранаў вайны і працы “Чырвоны гваздзік” (мастацкі кіраўнік – Святлана Машкала) Пружанскага гарадскога Палаца культуры і хору ветэранаў працы “Крынічанька” з Ружанскага цэнтра культуры і вольнага часу, а разам з імі – і пераможцам у намінацыі “Хор з народнай манерай выканання” народнаму хору “Крушына” Хідрынскага цэнтра культуры і вольнага часу і народнаму хору “Палескія перазвоны” з Кобрынскага Палаца культуры за вельмі шчырыя і мілагучныя спевы.
Бурнымі апладысментамі гледачы віталі народны вакальны ансамбль “Землякі” Новазасімавіцкага СДК, якім кіруе Сяргей Більшэвіч. Цудоўныя галасы, моцная харызма і неверагодны артыстызм дапамаглі артыстам вылучыцца сярод астатніх калектываў, заяўленых у адной з галоўных і прадстаўнічых намінацый “Калектывы з народнай манерай выканання”. Заслугоўвае ўвагі і той факт, што словы песні “Святочная”, якую “Землякі” выконвалі на фестывалі, напісаў вакаліст гурта Алег Вішнявецкі. У ліку пераможцаў у гэтай намінацыі таксама аказаліся народныя ансамблі народнай песні “Заранак” (г.Бяроза) і “Ясніца” (аг. Стрыгава, Кобрынскі р-н).


Спіс пружанскіх дыпламантаў I ступені “Пеўчага поля” дапоўнілі народны камерны хор ДШМ імя Р.Шырмы і ўзорны хор “Вітанак”, якія перамаглі ў сваіх узроставых катэгорыях у намінацыі “Хор з акадэмічнай манерай выканання”, а таксама ансамбль маладзёжнага брацтва ў гонар Праабражэння Гасподня.


Слоў удзячнасці, на мой погляд, заслугоўвае сям’я Ціханчук з вёскі Клятное, якая ўпершыню прымала ўдзел у фестывалі. Маці з дзвюма дачкамі не разгубіліся сярод такой колькасці вялікіх калектываў і, высту-піўшы даволі ўпэўнена, атрымалі дыплом III ступені.

Адметна, што сёлета на фестывалі з’явілася – што не можа не радаваць – яшчэ адна намінацыя “Носьбіты фальклору”. Лепшымі ў ёй сталі народны фальклорны гурт “Бабіна лета” Аранчыцкага СДК, а таксама госці – народны фальклорны гурт “Чараўніцы” (г.Ваўкавыск) і народны клуб аматараў фальклору “Магдаліна” з Кобрыншчыны. Апошні, дарэчы, разам з народным аматарскім аб’яднаннем “Смаляначка” Навасёлкаўскага сельскага Дома культуры выступалі па-за конкурснай праграмай акурат у той час, калі журы пад старшынствам начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама К.І.Панімаша падводзіла вынікі фестывалю.


Прызнацца, дэфіле ў аўтэнтычных народных строях, наладжанае фалькларыстамі, было незабыўным. Як і “этнадыскатэка” ад галоўнага завадатара “Смаляначкі” Таццяны Харытановіч. Пад пільным кіраўніцтвам гэтай неверагодна тэмпераментнай жанчыны ліха танцавалі на галоўнай сцене Палаца культуры нават гледачы.
Аднак сапраўдны фурор на “Пеўчым полі” зрабілі артысты народнага вакальнага ансамбля “Славяначка” са Слонімскага раёна, якія далучылі пружанцаў да лепшых узораў народнага вакальнага мастацтва і заслужана атрымалі Гран-пры фестывалю. Гэтых цудоўных артыстаў пружанская публіка праводзіла са сцэны самымі гучнымі апладысментамі.

Слухаючы галоўных пераможцаў, мы, гледачы, адчувалі гонар за нашу беларускую народную песню, якая, дзякуючы такім руплівым выканаўцам, не згіне ў бліжэйшай будучыні. Так што жыве справа “чараўніка-ўладара” народнай песні Рыгора Раманавіча Шырмы!
Алена Зялевіч, фота Сяргея Талашкевіча.