Мазаічныя пано сталі папулярнымі ў аздабленні аўтобусных прыпынкаў у так званы «брэжнеўскі» перыяд часу (1960—1980-я гады), калі актыўна развіваўся грамадскі транспарт. Вялікая колькасць аднолькавых прыпынкаў натхніла некага на ідэю цікава аформіць непрывабныя месцы чакання аўтобусаў. Наогул, лічыцца, што ідэю ўпрыгожвання прыпынкаў мазаікай «падгледзелі» ў аздабленні Маскоўскага метрапалітэна. І мастакі па крупінках, са смальты і пліткі стваралі ўнікальныя мазаікі, а гэта каласальная праца!
Нагадаю, што мазаіка (ад лац. musivum — прысвечанае музам) — гэта малюнак, выкананы пры дапамозе кампаноўкі, набору і замацавання на паверхні рознакаляровых камянёў, смальты, керамічнай пліткі.
Мазаічнымі пано ў савецкія часы часта афармлялі сцены сацыяльных устаноў: адукацыі, культуры, аховы здароўя. І тут ўсё зразумела. Яркія запамінальныя выявы звярталі на сябе ўвагу, запаўнялі вялікія прасторы, давалі адчуванне нейкага свята. А вось навошта аздабляць мазаікай прыпынкі грамадскага транспарту? Можа, каб радаваць людзей, якія спяшаюцца на работу? Уздымаць настрой кожнаму, хто тут апынецца, нават у шэры пахмурны дзень? Дарэчы, адразу ўспамінаецца прыпынак з сонейкам у Слабудцы.
Канечне, мазаіка гэта проста аздабленне. У нашым раёне для яго выкарыстоўваліся і нацыянальны узор на ручніках (на жаль, гэтыя выявы не захаваліся), і раслінныя матывы. І варта разумець, што падобныя мазаічныя прыпынкі — пласт беларускай культуры савецкага перыяду. Зараз, як ніколі раней, у беларусаў ідзе асэнсаванне сваёй ідэнтычнасці, таму, на маю думку, нельга адкідваць прыклады нашай культурнай спадчыны канкрэтнага перыяду часу, а наадварот, актуалізаваць іх і захоўваць. Тым больш, што наогул на Беларусі засталося яшчэ шмат прыпынкаў з мазаічнымі малюнкамі, а вось на Пружаншчыне — толькі чатыры: два — у в. Слабудка, па адным — у Паддубна і Дабучыне.
На жаль, сучасныя патрабаванні да дарожных службаў дыктуюць умовы, пры якіх прыгожыя, ні на што не падобныя прыпынкі могуць змяніцца на тыпавыя канструкцыі. Але вельмі хочацца абараніць тое, што маем, нягледзячы на «нефармат» канструкцый.
Цікава, што гісторыя аўтобусных мазаічных прыпынкаў у Расіі, Казахстане, Сярэдняй Азіі і іншых рэгіёнах вывучалася даследчыкамі. Існуе нават кніга «Савецкія аўтобусныя прыпынкі», выдадзеная канадцам Крыстаферам Хервігам. У суседніх з намі краінах у інтэрнэце ёсць карты з пазначанымі прыпынкамі — творамі мастацтва.
А ў нас? Чаму замежныя турысты неаднаразова звяртаюць увагу на нашы «цікавосткі», гавораць пра іх каштоўнасць, а самі мы гэтага не ўсведамляем?
Вольга Зінкевіч. Фота Кацярыны Масік