Пятница, 18 апреля 2025

Ці застанецца «раёнка» даступнай для чытачоў?

359

Гэта пытанне зараз вельмі клапоціць рэдакцыю газеты «Раённыя будні» на фоне праводзімага паштовай сувяззю эксперымента з заменай шэрага традыцыйных паштальёнаў на мотадастаўку карэспандэнцыі і прэсы.

На здымку: работнік Пружанскага аддзела Дэпартамента аховы Ігар Галтурэнка знаходзіць час, каб пазнаёміцца з раённымі навінамі ў друкаваным варыянце газеты.

Пачалася падпіска на першае паўгоддзе наступнага года, і вельмі трывожаць яе вынікі. Ці змогуць работнікі мотадастаўкі дайсці да кожнага нашага падпісчыка з улікам таго, што не ўсім хапае фізічнага здароўя для наведвання паштовых аддзяленняў?

А хтосьці за паўсядзённымі клопатамі забудзецца, што тэрмін падпіскі абмежаваны, а вось нагадаць не будзе каму?

Безумоўна, рэдакцыя не можа абсалютна падмяніць работу пошты. Хаця некаторыя спробы ў гэтым кірунку ўсё-такі магчымы.

У прыватнасці, некалі паспяхова працаваў і нават развіваўся інстытут грамадскіх распаўсюджвальнікаў. Зараз жа многія ўжо і не ведаюць, што на кожным прадпрыемстве, у арганізацыях, нават студэнцкіх калектывах былі актыўныя калегі, якія займаліся падпіскай на газеты і часопісы тых, з кім працуюць або вучацца. Каму трэба, напаміналі, збіралі грошы, афармлялі бланкі і кантактавалі з поштай у пытаннях будучай дастаўкі прэсы.

У наш час гэты інстытут амаль знік: нам вядома, што падобныя абавязкі ўзялі на сябе прадстаўнікі райспажыўтаварыства, завода радыёдэталяў, раёна газазабеспячэння і малочнага камбіната. Хаця ў нашым раёне каля паўсотні арганізацый і прадпрыемстваў з вялікімі працоўнымі калектывамі.

Разгарнуцца ёсць дзе, вось толькі інтарэс адсутнічае. З улікам таго, што ў якасці матэрыяльнага стымулу грамадскі распаўсюджвальнік атрымлівае ўсяго толькі 2,5 % ад кошту падпіскі (за падпісаную на месяц «раёнку» прыкладна 35 капеек), то для занятку такой справай трэба быць сапраўды адданым ёй.

Таму рэдакцыя газеты вырашыла падтрымаць (а ў ідэале зацікавіць і іншых) грамадскіх распаўсюджвальнікаў і прапануе ўласную стымулюючую праграму. Вось нашы прапановы.

КАЛІ ў вашым працоўным калектыве з’явіўся грамадскі распаўсюджвальнік, то, акрамя выплат ад паштовай сувязі, «Раённыя будні» ўводзяць дадатковыя: 1 базавая велічыня (цяпер гэта 37 рублёў) за кожных 10 падпісчыкаў сярод работнікаў арганізацыі (для ўстаноў з колькасцю работнікаў 50 і больш). Такім чынам, за 20 падпісаных на квартал на «раёнку» калег выплата складзе 2 б.в. і ў такой прагрэсіі далей.

Калі ваш грамадскі распаўсюджвальнік паставіць рэкорд сярод іншых падобных актывістаў прадпрыемстваў (незалежна ад колькасці экземпляраў, галоўнае — больш за іншых), то гэтай арганізацыі будзе дадзена магчымасць бясплатна заказаць тэматычную старонку ў «Раённых будняў» (кошт 700 рублёў). У гэтай публікацыі можна будзе павіншаваць ветэранаў, адзначыць лепшых работнікаў, расказаць пра навінкі сваёй прадукцыі і многае іншае.

Для таго, каб далучыцца да гэтай праграмы, дастаткова выбраць самага актыўнага ў вашым калектыве. Кандыдат павінен звязацца з намі па тэл. 8-029-529-17-30 для таго, каб зарэгістравацца ў спісе ўдзельнікаў і даведацца пра акалічнасці выканання абавязкаў грамадскіх распаўсюджвальнікаў.

Спадзяёмся, што наша прапанова зацікавіць сельгаставарыствы, такія буйныя прадпрыемствы, як ільнозавод, дарожныя, камунальныя службы, калектывы сілавых падраздзяленняў, нават прыватныя арганізацыі. Мы адкрыты для супрацоўніцтва з усімі!

Рэдакцыя газеты «Раённыя будні». Фота Кацярыны МАСІК