Многія жыхары нашага горада наведваюць Водны палац СДЮШАР № 2, дзе можна не толькі паплаваць у басейне або адпачыць у аквапарку, але і пазаймацца ў трэнажорнай зале, пагуляць у більярд. Але не ўсім людзям па сваім стане здароўя магчыма падняцца на другі і трэці паверхі. У Водным палацы ёсць ліфт, але ён не дзейнічае. Гэта і падштурхнула чытача нашай газеты звярнуцца ў рэдакцыю па дапамогу ў вырашэнні дадзенага пытання.
У сваю чаргу, мы звярнуліся па тлумачэнні да дырэктара СДЮШАР № 2 Аляксандра Шаманава і галоўнага інжынера ўстановы Сяргея Самусева.
— Ліфт не працуе з-за таго, што няма падпісанага дакумента аб уводзе ў эксплуатацыю з боку прамысловага нагляду, — патлумачылі яны. — А прычына, па якой гэтая арганізацыя не падпісвае акт, аргументаваная і зразумелая. Але каб растлумачыць яе, варта пачаць здалёк.

Водны палац будаваўся на падставе праекта, які прадугледжваў на трэцім паверсе жалезабетонную бэльку. І яна зроблена. Але, апроч таго, у канструкцыі ліфта дадзенай маркі мяркуецца на тым месцы і размяшчэнне вузла аварыйнага выратавання, яго ж зрабілі збоку. Цяпер спецыялісты прамнагляду сцвярджаюць, што такое размяшчэнне непрактычнае ў выкарыстанні, а значыць, ёсць верагоднасць, што пры магчымай аварыі будзе праблематычна вызваліць людзей з дапамогай дадзенай прылады. Адным словам, пад пытанне ставіцца бяспека людзей.
— Каб вырашыць праблему, мы накіравалі ліст у ААТ «Белліфт», — кажа Аляксандр Шаманаў. — Яго спецыялісты павінны прыехаць і правесці тэхнічнае абслугоўванне. Пасля гэтага мы зможам зноў звярнуцца да эксперта прамысловага нагляду, які дасць сваё заключэнне. Калі яно нарэшце акажацца станоўчым і дакумент аб уводзе ў эксплуатацыю будзе падпісаны, ліфт пачне працаваць. У адваротным выпадку давядзецца рабіць ліфтавую шахту вышэй.
Як бачна, работа ў гэтым напрамку не стаіць на месцы, але вельмі марудна рухаецца. Між тым, паскорыць яе ў сілах таксама і кіраўніцтву СДЮШАР. Вырашэнне пытання работы ліфта газета бярэ і на свой кантроль.
Руслан Басак. Фота аўтара