Суббота, 15 февраля 2025

Ці ёсць у раёне даўжнікі, ці захоўвае актуальнасць праблема зарплаты «ў канверце» і ці цяжка працаваць пад уплывам санкцый? Расказала начальнік інспекцыі МПЗ па Пружанскім раёне Ірына Басько

710

Кожны год у другую нядзелю ліпеня адзначаюць сваё прафесійнае свята супрацоўнікі падатковай службы Беларусі. Гэта свята ўсіх тых, хто сваёй паўсядзённай працай кантралюе выкананне падатковага заканадаўства і забяспечвае папаўненне бюджэту дзяржавы, сацыяльную стабільнасць у краіне.

Начальнік інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Пружанскім раёне Ірына Басько.

Пра будні службы мы пагутарылі з начальнікам інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Пружанскім раёне Ірынай Басько.

— Ірына Аляксандраўна, зараз, падчас эканамічных санкцый, напэўна, калектыву працаваць асабліва цяжка?
— А лёгкіх перыядаў не было ніколі, нават у спрыяльныя для эканомікі гады. Задачы перад нашай службай заўсёды стаяць напружаныя.

На працягу ўсёй гісторыі існавання падатковых органаў галоўнай іх місіяй з’яўлялася бездакорнае выкананне планаў даходнай часткі бюджэту ўсіх узроўняў. Хачу адзначыць, што гэты паказчык наша інспекцыя выконвала заўсёды.

Нашымі буйнейшымі плацельшчыкамі падаткаў у кансалідаваны бюджэт з’яўляюцца УП «Белавежскія віны», КУВП «Камунальнік», УП «Пружанская ПМК-21», ДЛГУ «Пружанскі лясгас», ААТ «Пружанскі завод радыёдэталей».

— А ААТ «Пружанскі малочны камбінат» чаму не назвалі?
— Малочны камбінат — экспартаарыентаванае прадпрыемства. Гэты фактар, а таксама тое, што сёння яно праводзіць мадэрнізацыю, не дазваляе ўвайсці ў пяцёрку буйнейшых падаткаплацельшчыкаў, хоць па выручцы гэта самае буйное прадпрыемства раёна.

Пасля малочнага камбіната ў лідарах па выручцы ААТ «Жураўлінае», ААТ «Ружаны-Агра», ААТ «Велікасельскае Агра». Але з-за таго, што яны карыстаюцца прэферэнцыямі як вытворцы сельскагаспадарчай прадукцыі, таксама менш выплачваюць падаткаў у бюджэт.

— Калі ўжо сказалі аб перадавіках, то лагічна назваць і даўжнікоў. Іх шмат?
— Запазычанасць па падатковых паступленнях у бюджэт плацельшчыкаў раёна складае 0,2 працэнта да гадавога плана, пры заданні не больш як адзін працэнт. Гэта сведчыць аб тым, што ў раёне падтрымліваецца плацежная дысцыпліна. Значыць, недарэмныя намаганні нашага калектыву. Свядомасць грамадзян і суб’ектаў гаспадарання вырасла. І, здавалася б, банальная фраза «заплаці падаткі і спі спакойна», як бачым, працуе. У даўжніках знаходзяцца суб’екты гаспадарання, якія на дадзены момант сваю дзейнасць не ажыццяўляюць, адпаведна, няма з чаго пагасіць даўгі, але такіх адзінкі.

Начальнік упраўлення падаткаабкладання фізічных асоб Святлана Жук, начальнік інспекцыі Ірына Басько і галоўны дзяржаўны падатковы інспектар Алена Сакалоўская.

— А які падатак з’яўляецца асноўнай крыніцай даходу?
— Падаходны. Чым больш працоўных месцаў, чым вышэй заработная плата, тым вышэй узровень даходаў і, адпаведна, большы аб’ём падатковых плацяжоў паступае ў бюджэт. Падаходны падатак складае больш за 40% у агульнай структуры падатковых паступленняў.

— Ці захоўвае сваю актуальнасць такая праблема, як зарплата «ў канверце»?
— Вядома, адной з задач, пастаўленых Кіраўніком дзяржавы перад дзяржаўнымі органамі, з’яўляецца процідзеянне выплатам зарплаты «ў канвертах». Матывуючы работніка пагадзіцца на выплату зарплаты без дакументальнага афармлення, наймальнік у якасці аргументу выказвае «клопат», маўляў, без выплаты падаткаў сума заработнай платы, якая выплачваецца работніку на рукі, будзе большай, чым афіцыйная. І пры гэтым замоўчвае, што работнік губляе сацыяльную абароненасць. Таму ад атрымання зарплаты «ў канверце» ў пройгрышы застаецца не толькі бюджэт, але і, у першую чаргу, сам работнік.

Інспекцыяй пастаянна вядуцца кантрольна-аналітычныя мерапрыемствы па выяўленні парушэнняў у сферы захавання наймальнікамі заканадаўства аб працы і занятасці насельніцтва ў частцы афармлення працоўных адносін і забеспячэння дзяржаўнага сацыяльнага страхавання работнікаў.

За мінулы год выяўлена больш за 110 грамадзян, з якімі не аформлены працоўныя адносіны, у бюджэт ужо дадаткова паступіла амаль 20 тысяч рублёў падаходнага падатку. Працягваецца гэтая праца і сёлета.

Вось, напрыклад, зусім нядаўна да нас у інспекцыю звярнуўся грамадзянін. Ён працаваў некалькі гадоў у індывідуальнага прадпрымальніка, а той з заработнай платы наёмнага працаўніка не пералічваў у бюджэт падаходны падатак. У справаздачнасці, якую прадпрымальнік падае ў інспекцыю, звесткі аб наёмных адсутнічалі. У выніку, дзякуючы звароту свядомага грамадзяніна, прадпрымальніку давялося дадаткова заплаціць у бюджэт за работніка больш за 2 тыс. рублёў падаходнага падатку.

Работнікі падатковай службы раёна Т.В.Ганіна, С.М.Жук, Н.В.Пулікоўская, начальнік інспекцыі І.А.Басько, А.М.Падгурская.

— Як Вы думаеце, чаму са зніжэннем падатковай нагрузкі і павелічэннем штрафаў у нас усё яшчэ вядзецца шэры бізнес? Стала менш праверак, аднак колькасць выяўленых парушэнняў, такіх як незарэгістраваная прадпрымальніцкая дзейнасць, ценявая эканоміка, расце з кожным годам, таксама, як і сума штрафаў?
— Праверак сапраўды стала нашмат менш, але яны маюць кропкавы характар. Мяркую, гэта правільна. Трэба прымяняць эканамічныя меры. Шмат парушэнняў выяўляем у сферы таксі. Самае крыўднае, што да гэтага часу нават сярод афіцыйных таксістаў сустракаюцца вадзіцелі, якія спрабуюць не ўключыць лічыльнік, правезці цябе «міма касы».

А тут ужо патрэбна казаць і аб нізкай прававой і фінансавай граматнасці самога насельніцтва. Набываючы тавар або паслугу, патрабуйце чэк — вашу гарантыю якасці на тавар або паслугу з таго, у каго вы гэта набываеце. Напрыклад, чэк не ўзялі, значыць, нават у судзе нічога не дакажаце. Адказнасць трэба выхоўваць узаемную, гэтак жа, як і ўзаемную патрабавальнасць.

— Але зараз за няякасную паслугу або тавар можна атрымаць вялікі штраф.
— На жаль, нават істотна павялічаныя памеры штрафаў не вырашаюць праблемы. Вось узмацнілі жорсткасць пакарання за язду ў нецвярозым стане, а ці стала менш п’яных кіроўцаў за рулём? Відаць, трэба ісці іншым шляхам: выхоўваць у саміх грамадзян пачуццё нецярпімасці да парушэння закону. Так і з падаткамі. У многіх краінах за нявыплату падаткаў можна і свабоды пазбавіцца. Прычым выявіць нядобрасумленных суб’ектаў, якія ўхіляюцца ад выплаты падаткаў, дапамагаюць законапаслухмяныя грамадзяне.

У апошнія гады кантроль з боку падатковых органаў сканцэнтраваны, перш за ўсё, на плацельшчыках, якія наўмысна парушаюць заканадаўства і выкарыстоўваюць схемы ўхілення ад падаткаў — утойванне выручкі, выплату заработнай платы «ў канверце», драбненне бізнесу. У аснове гэтай работы, перш за ўсё, тлумачальныя і прафілактычныя мерапрыемствы, даванне магчымасці даплаціць падаткі добраахвотна.

Так па выніках аналізу дзейнасці суб’ектаў гаспадарання за мінулы год у адрас больш за 300 суб’ектаў гаспадарання былі накіраваны паведамленні і апавяшчэнні ў рамках наступнага этапу камеральнага кантролю. Як вынік, сума добраахвотна выплачаных падаткаў перавысіла 2,5 млн. рублёў. Разам з тым, адносна суб’ектаў, якія працягваюць парушаць заканадаўства, у далейшым праводзяцца праверкі і прымяняюцца адпаведныя меры адказнасці.

Таксама праводзіцца кантроль за адпаведнасцю даходаў і расходаў фізічных асоб. Калі фізічная асоба не можа растлумачыць легальнасць паходжання крыніцы сваіх даходаў, накіраваных на набыццё маёмасці і іншыя асабістыя патрэбы, то сума перавышэння расходаў над даходамі абкладаецца падаходным падаткам. Ад такой катэгорыі грамадзян у мінулым годзе ў бюджэт раёна паступіла амаль 100 тыс. рублёў.

Шмат гадоў аддалі працы ў падатковых органах гэтыя жанчыны — работнікі ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб інспекцыі МПЗ па Пружанскім раёне. Фактычна кожная з іх стаяла ля вытокаў станаўлення падатковай службы незалежнай Беларусі. Справа налева — начальнік упраўлення Святлана Міхайлаўна Жук, галоўны падатковы інспектар Алена Фамінічна Сакалоўская, намеснік начальніка ўпраўлення Алена Васільеўна Макарэвіч.

— У Вас, магчыма, ёсць работнікі, якія працуюць з моманту заснавання арганізацыі?
— Так, але іх, на жаль, засталіся адзінкі. Большасць тых, хто стаяў ля вытокаў інспекцыі, зараз знаходзіцца на заслужаным адпачынку. А ў цэлым у нас невысокая цякучасць кадраў, хіба што ў дэкрэтны адпачынак ідуць. Калектыў жаночы, сярэдні ўзрост нашых работнікаў — да 40 гадоў.

Дарэчы, па выніках работы за 2020 і 2021 гады наша інспекцыя з’яўлялася адной з лепшых у вобласці. Ужо сёлета атрымалі высокія ўзнагароды нашы работнікі. Нагрудным знакам Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь «Выдатнік падатковай службы» ўзнагароджана Святлана Міхайлаўна Жук, Алена Васільеўна Макарэвіч атрымала Ганаровую грамату Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь, Таццяна Вітальеўна Ганіна — Ганаровую грамату інспекцыі МПЗ па Брэсцкай вобласці, Алена Фамінічна Сакалоўская і Алена Міхайлаўна Падгурская — Падзяку абласной інспекцыі.

Напярэдадні нашага прафесійнага свята хачу павіншаваць калектыў інспекцыі. Жадаю стабільнай, паспяховай, плённай працы. Няхай высокі прафесіяналізм, адказныя адносіны да справы будуць накіраваны на далейшае ўмацаванне эканомікі і фарміраванне бюджэту краіны. Добрага здароўя, веры ў свае сілы, волі і настойлівасці ў дасягненні новых прафесійных вышынь.

Асабліва дзякуем і выказваем найлепшыя пажаданні здароўя і шчасця нашым ветэранам, якімі быў створаны надзейны фундамент у мінулыя гады.

Гутарыла Ірына Сядова