Понедельник, 16 сентября 2024

Ці ёсць сярод пружанцаў «Фізкультурнікі Беларусі»? Вызначалі падчас летняга мнагаборства «Здароўе»

838

У мінулую пятніцу на базе СДЮШАР прайшло летняе мнагаборства «Здароўе» Дзяржаўнага фізкультурна-аздараўленчага комплексу Рэспублікі Беларусь, прыняць удзел у якім запрашаліся працоўныя калектывы арганізацый і прадпрыемстваў раёна.

Як паведаміла адзін з арганізатараў спаборніцтваў дырэктар РФСК «Мухавец» Вікторыя Шаманава, нягледзячы на «каманднае запрашэнне», умовы мнагаборства прадугледжваюць «асабісты ўдзел» з падвядзеннем вынікаў па кожным спартсмене. Гэта звязана з тым, што пры дасягненні вызначаных нарматываў кожны ўдзельнік можа прэтэндаваць на атрыманне ўведзенага ў мінулым годзе значка «Фізкультурнік Беларусі»: за дасягненне адзнакі не ніжэй за 5-6 балаў — бронзавыя значкі, 7-8 — сярэбраныя, 9-10 — залатыя.

Пры гэтым нарматывы ўзроўню фізічнай падрыхтоўкі «Здароўе і прыгажосць» падзелены на пяць узроставых катэгорый — 19-22, 23-29, 30-39, 40-49, 50-59 гадоў. Для падзелу на групы ўсім спартсменам на пачатку спаборніцтваў было прапанавана запоўніць анкеты. Акрамя асабістых дадзеных, у гэты дакумент таксама ўносіліся вынікі фізічных выпрабаванняў, што праходзілі ўдзельнікі на працягу ўсяго дня мнагаборства. І кожнаму неабходна было прайсці іспыты па вызначаных відах спорту — чаўночны бег, падцягванні, адцісканні ад падлогі, скокі ў даўжыню, падыманне тулава і бег па трох дыстанцыях — ад кароткіх да амаль марафонскіх.

— Няхай вам спадарожнічае ўдача, — пажадаў удзельнікам мерапрыемства старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец. — Я перакананы, што многім з вас ўдасца прайсці выпрабаванні, бо кожны мае выдатную магчымасць падтрымліваць свой фізічны стан дзякуючы дзясяткам спартыўным аб’ектам, якія ўзведзены на Пружаншчыне, якія, перакананы, многія з вас наведваюць рэгулярна.

Забягаючы наперад, варта сказаць, што старшыня раённага Савета дэпутатаў правільна спрагназаваў. Як адзначаюць арганізатары мерапрыемства па папярэдніх выніках, зусім мала ўдзельнікаў спартакіяды, чые анкеты не пройдуць вызначаныя рубяжы. Хаця назваць прозвішчы тых, хто абавязкова атрымае значок, пакуль рана: працэс апрацоўкі дасланых дакументаў зойме пэўны час. Але ж будзем спадзявацца, што не менш дзясятка новых «Фізкультурнікаў Беларусі» з’явіцца на Пружаншчыне.

Тым больш, што ўдзельнікі мнагаборства падышлі да выпрабаванняў сур’ёзна. Варта адзначыць, што выдатную магчымасць паказаць сябе фізкультурнікам далі арганізацыі, дзе яны працуюць: выдзелілі транспарт, а таксама забяспечылі спартыўнай формай. Гэта адзначыў і старшыня прафсаюза работнікаў АПК Дзмітрый Чайкоўскі, які мяркуе, што падобны падыход гартуе працоўны калектыў і, безумоўна, узнімае аўтарытэт прадпрыемства.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік

Больш фотаздымкаў: https://ok.ru/budni/album/941349766792