Вторник, 18 февраля 2025

Ці хапае прадуктаў харчавання і навагодніх тавараў у вясковых магазінах раёна? Журналісты правялі ўласны маніторынг

384

Нягледзячы на тое, што мандарыны цяпер можна купіць у магазінах амаль круглы год, Новы год асацыіруецца ў большасці з нас менавіта з пахам гэтых цытрусавых. А яшчэ — з адкрыццём пад бой курантаў бутэлькі шампанскага і, зразумела, з цукеркамі, якія павінны абавязкова знаходзіцца ў падарунках ад Дзеда Мароза.

Усе гэтыя атрыбуты свята ў вялікай колькасці прадстаўлены ў прадуктовых крамах нашага райцэнтра. А што ў невялікіх вясковых магазінах? Каб даведацца пра гэта, у апошнія дні адыходзячага года мы здзейснілі невялікае падарожжна па наваколлі. І аказалася…

Аказалася, што асартымент вясковых крам сістэмы рай-спажыўтаварыства нічым не саступае гарадскому. А недзе нават і багацейшы. Гэта там, дзе прадавец, што называецца, на сваім месцы і клапоціцца пра пакупнікоў.

У магазіне аг. Руднікі. Наталля Спіжавая дэманструе навагоднія падарункі.

У краме аг. Руднікі нас сустрэла прадавец Наталля Спіжавая.

— У нашым аграгарадку значная частка насельніцтва — пенсіянеры. Куды ж ім ехаць у далёкі свет па пакупкі? Імкнёмся ўсё неабходнае завезці ў краму, — кажа Наталля Мікалаеўна. — І не толькі мандарыны з шампанскім. І вінаград ёсць, і агуркі з памідорамі, і раздзелка птушкі.

Звяртаем увагу на халадзільную вітрыну, шчодра запоўненую каўбасамі: ці змогуць зрабіць рудніцкія гаспадыні і традыцыйную салату аліўе?

— Гэта яшчэ мала каўбасных вырабаў, рана вы прыехалі, пасля абеду чакаем прывоз тавару з двух мясакамбінатаў, — усміхаецца жанчына. — А свежае мяса завозім з «Белавежскага», свіныя тушы самі рубаем. Людзі вельмі задаволены.

Да размовы падключаецца пакупніца, пенсіянерка Тамара Кабрынец:

— Нікуды нам не трэба ехаць па пакупкі, нават у думках такога няма. Усё ў краме ёсць, а калі не знаходзім — можна заказаць. Агародніна, зразумела, у нас свая, мы ж у вёсцы жывём, а вось садавіна разнастайная, птушка, рыба, каўбасы, кандытарскія вырабы зоймуць месца і на святочным стале.

Тамара Уладзіміраўна прызнаецца, што і смачныя падарункі сваім чатыром унукам падрыхтавала.

Падобнае мы ўбачылі і ў краме аг. Калядзічы. Яна крыху большая па памеры і знаходзіцца паблізу ад трасы, у гэтым, напэўна, усе адрозненні ад рудніцкай. Запатрабаванні сваіх пакупнікоў, як прызнаецца прадавец Аксана Корсак, тут таксама ведаюць дасканала. І імкнуцца падтрымліваць неабходны асартымент не толькі перад святамі.

— Цяпер, магчыма, крыху пашырылі асартымент шампанскага, хаця два-тры віды яго заўсёды і без свята ёсць. Садавіны больш завезлі, на яе будзе попыт, тым больш што працаўнікам ААТ «Агра-Калядзічы» павінны добрую прэмію да Новага года даць, — разважае Аксана Барысаўна.

— Я ўсё купляю ў нашым магазіне, — прызнаецца жыхарка аграгарадка Алена Шукурава.

Алена Паўлаўна кажа, што вельмі задаволена і работай прадаўцоў, і асартыментам.

Як патлумачыла намеснік старшыні праўлення Пружанскага райспажыўтаварыства Ларыса Жуковіч, да перадсвяточнага гандлю пачалі рыхтавацца загадзя.

— Наогул нават уявіць немагчыма, што ў нас у раёне і ў цэлым на Брэстчыне будуць адсутнічаць нейкія тавары ў магазінах. Вы самі бачыце, што ўсяго дастаткова, — кажа Ларыса Мікалаеўна. — Але перад святамі павялічылі асартымент кандытарскіх вырабаў, дзіцячых цацак, сфарміравалі падарункі з цукеркамі і ласункамі, завезлі навагоднія ўпрыгажэнні. Пашырылі і асартымент шампанскага: у магазінах спажыўтаварыства, акрамя беларускіх, з‘явіліся гатункі расійскіх і італьянскіх вытворцаў. Думаю, што, нягледзячы на адчувальную канкурэнцыю іншых гандлёвых сетак, нашы стацыянарныя магазіны і аўтакрамы да сустрэчы Новага года і Каляд падрыхтаваліся грунтоўна. Віншую ўсіх жыхароў раёна з надыходзячымі святамі! Дабрабыту і шчодрага святочнага стала вам!

Ірына Сядова. Фота Кацярыны Масік