Жыхары горада, якія гадамі жывуць на роднай зямлі, ездзяць па адных і тых жа дарогах, ходзяць па тых жа вуліцах, папрасілі карэспандэнтаў «раёнкі» разабрацца ў гісторыі, якая цягнецца ўжо не адно дзесяцігоддзе.
На мінулым тыдні ў рэдакцыю патэлефанаваў пенсіянер і расказаў нам гісторыю, якая заслугоўвае асаблівай увагі. Хаця ўсе праблемныя пытанні, якія тычацца рамонту дарог, заўсёды гучаць востра і патрабуюць канкрэтных крокаў у гэтым напрамку.
— Жывём мы з жонкай на завулку Казіміра Марача ўсё жыццё. Па гэтых дарогах ездзілі на работу, добрасумленна працавалі, дзяцей вазілі ў школу. Цяпер мы на пенсіі, дзеці выраслі, стварылі свае сем’і і засталіся ў Пружанах. Жывуць яны, вядома, у іншым раёне, які быў пабудаваны значна пазней нашага, і ў іх усё хораша: і тратуары выкладзены, і дваровая тэрыторыя добраўпарадкавана, і ў прыватным сектары ўсюды асфальт. У нас карціна зусім іншая. Быццам бы і жывём тут даўно, а дарог як не было, так і няма. Нас увесь час адштурхоўваюць на потым, і вось гэтае «потым» зацягнулася ўжо на 30 гадоў. Калісьці за наш кошт тут правялі каналізацыю, вадаправод, газ, мабыць, і на асфальт прыйдзецца скідвацца. Хочацца хоць на старасці адчуць сябе часткай цывілізацыі, — расказвае пенсіянер.
Прыкладна 15 гадоў таму жыхары 1-га і 2-га завулкаў Казіміра Марача і завулка Мачалава звярталіся з пісьмовай просьбай нават у райвыканкам, але атрымалі банальны адказ, маўляў, грошай няма, чакайце. Праз некаторы час звярнуліся ў нашу рэдакцыю з просьбай хоць неяк праз СМІ звярнуць увагу на іх праблему.
Тыдзень таму на гэтых завулках правялі грэйдзіраванне, частковую падсыпку гранулятам, але гэта часовая мера праблему ніяк не вырашае.
Каментарый, які мы атрымалі ад кіраўніцтва КУВП «Камунальнік», на самай справе нас вельмі абнадзеіў:
— Рашэннем раённага Савета дэпутатаў ад 28 верасня 2023 года за № 296 распрацаваны перспектыўны план, згодна з якім ў першую чаргу асфальтуюць вуліцы і завулкі, дзе пракладзены ўсе інжынерныя сеткі. З іх ліку сёлета прыведзены ў поўны парадак 22, і ўжо ўшчыльную падышлі да раёна за каталіцкімі могілкамі. Менавіта вул. К. Марача і гэтыя праблемныя завулкі ідуць пад нумарамі 23, 24, 25, 26 і стаяць першымі ў спісе па добраўпарадкаванні на наступны год, але, падкрэсліваем, пры наяўнасці фінансавання. Са свайго боку мы робім усё магчымае, каб выправіць становішча. Аддзел ЖКГ райвыканкама ўжо падаў дакументы ў абласныя структуры, каб пэўная частка сродкаў, закладзеных у бюджэт на 2025 год, была накіравана менавіта на гэтыя патрэбы. Як толькі грошы паступяць на рахунак, рамонтныя работы адразу працягнуцца.
Як кажуць, лепш позна, чым ніколі… І мы вельмі спадзяёмся, што ў першай палове 2025 года гэтая праблема ўсё ж такі будзе вырашана. Людзі настолькі стаміліся жыць абяцаннямі, што проста жадаюць бачыць канчатковы вынік. А іх цярпенню можна пазайздросціць.
Ульяна Рысь
Фота аўтара