Четверг, 17 апреля 2025

Ці выконваюць жыхары раёна правілы бяспекі падчас распальвання кастроў? Журналісты і работнікі РАНС праверылі падчас сумеснага рэйду

838

З надыходам цёплага надвор’я тэма выпальвання травы зноў, як і ў папярэднія гады, набыла актуальнасць. На жаль, нягледзячы на прафілактыку і рэгулярныя папярэджанні пажарнай службы, гэта з’ява носіць такі ж рэгулярны характар і становіцца моцным разбуральным фактарам, аказваючы негатыўны ўплыў не толькі на навакольнае асяроддзе, але і матэрыяльны дабрабыт. Здараецца, што забірае і чалавечае жыццё.

Бяздумна выкінуты непатушаны акурак, пакінуты без нагляду касцёр, наўмыснае спальванне смецця ў небяспечным месцы або ў ветранае надвор’е… Менавіта з-за такіх прычын узнікаюць трагічныя здарэнні.

З мэтай папярэджання пажараў, выпальвання гектараў пасяўных плошчаў, а таксама тарфянікаў або лясоў работнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях разам з абласнымі калегамі праводзяць штодзённыя прафілактычныя рэйды, выступаюць з тэматычнымі лекцыямі ў працоўных калектывах і навучальных установах. У адным такім рэйдзе пабывала і наша карэспандэнцкая група.

Як расказвае намеснік начальніка РАНС Андрэй Пісьман, за першую палову сакавіка пажарныя падраздзяленні 26 разоў выязджалі на тушэнне веснавых палаў, у тым ліку зарэгістраваны чатыры пажары.

Звычайна трывожная група выклікаецца грамадзянамі тады, калі агонь ужо выходзіць з-пад кантролю і патушыць яго можна толькі пры дапамозе спецсродкаў. Таму, калі паступіў выклік, пажарныя ведаюць, што змагацца давядзецца не з кастром, а з сапраўдным пажарам, які па сухой траве распаўсюджваецца хутка і далёка. Нярэдка пагражаючы пабудовам.

— На жаль, за той жа перыяд у вобласці падчас спальвання расліннага смецця загінула трое чалавек,— зазначае Андрэй Сяргеевіч. — Адзін з іх у нашым раёне.

Трывожны выклік паступіў днём 16 сакавіка з аграгарадка Роўбіцк. Агонь да таго, як на яго звярнулі ўвагу, ахапіў амаль увесь прысядзібны ўчастак аднаго з мясцовых жыхароў. Пажар быў ліквідаваны выкліканымі падраздзяленнямі, але на папялішчы пажарныя знайшлі загінулага мужчыну 1937 г.н. Гэта быў гаспадар сядзібы.

Па словах намесніка начальніка РАНС Андрэя Пісьмана, менавіта састарэлыя людзі становяцца ахвярамі веснавых палаў. Напэўна, ужо не хапае рэакцыі, сіл збегчы ад агню, хутка прыняць меры па ліквідацыі ўзгарання.

Прычыны могуць быць і іншыя, вось толькі яны не могуць патлумачыць неабдуманасць учынкаў некаторых нашых пенсіянераў. Гэтыя людзі маюць багаты жыццёвы вопыт і ў той жа час паводзяць сябе горш за малалетніх дзяцей. Так здарылася і ў гэтым выпадку. Па словах суседзяў, загінулы ў Роўбіцку мужчына вёў нармальны лад жыцця, нават не курыў. Аднак з ім і раней неаднаразова праводзіліся тлумачальныя гутаркі: часта пенсіянер спальваў смецце, здаралася, і сухую траву на агародзе. На ўсе перакананні сцвярджаў, што разумее небяспеку і заўсёды спраўляецца з агнём…

Аб разуменні небяспекі казалі нам падчас рэйду гаспадары ў вёсцы Вялікія Якавічы, у садовым таварыстве «Маяк» у в.Слабудка, у прыватным сектары райцэнтра. Усе, хто быў заўважаны за распальваннем кастроў.

Трэба сказаць, што спальваць смецце на сваім участку не забаронена, галоўнае — выконваць правілы бяспекі. Чаго на зямельных участках не дапускаецца, дык гэта выпальвання сухой расліннасці на корані. А вось сабранае смецце, пажніўныя астаткі можна падпаліць, выбіраючы аддаленае ад пабудоў, зараснікаў месца.

Ніколі нельга разводзіць касцёр пры ветры, які калыша голыя галіны дрэў. Таксама на ўвесь час гарэння смецця трэба знаходзіцца паблізу вогнішча, трымаць каля яго вядро з вадой і рыдлёўку. А напрыканцы дакладна праліць вуголле вадой і нават закідаць зямлёй.

Нельга раскладваць вогнішчы на тарфяных грунтах, пад кронамі дрэў. Таксама не дапускаецца выкарыстанне для распальвання кастроў гаручых вадкасцяў (за выключэннем спецыяльна прызначаных для распальвання).

Дык вось, усе (!) гаспадары парушалі гэтыя простыя правілы. Адны кантралявалі агонь, але пад рукой не мелі ніякіх сродкаў тушэння пажару. Як паказвае аналіз здарэнняў, сухая трава разгараецца за некалькі секунд. Гэтага часу хопіць, каб тут лінуць вады з вядра або кінуць на агонь зямлі. Але ж полымя не будзе чакаць, пакуль чалавек збегае дадому па ваду або папросіць у суседкі рыдлёўку…

Гаспадар аднаго з участкаў у садовым таварыстве «Маяк» склаў з камянёў спецыяльнае кастрышча, падрыхтаваў лісты бляхі для таго, каб стрымаць полымя або іскры з-за ветру. Але і ён палічыў слушнымі заўвагі работнікаў МНС, якія адзначылі, што іскра лёгка пералятае праз такую перашкоду. А побач складзіраваны драўляныя будаўнічыя матэрыялы…

Агонь не робіць скідак на ўзрост, на дрэнную памяць і нават на жыццёвы вопыт. Можна дзесяцігоддзямі разводзіць кастры на ўчастку без бяды і здарэнняў. Пакуль…

З усімі грамадзянамі работнікі МНС правялі тлумачальныя гутаркі, раздалі тэматычныя лістоўкі. І абавязкова папярэджвалі. Трэба нагадаць, што за парушэнне супрацьпажарных правілаў прадугледжана і адміністрацыйная адказнасць. Забароненае выпальванне сухой расліннасці, травы на корані, а таксама раслінных астаткаў і іншага смецця на палях або непрыняцце мер па ліквідацыі палаў на зямельных участках прадугледжвае накладанне штрафу ў памеры ад 10 да 30 базавых велічынь (зараз да 960 рублёў). І некаторыя грамадзяне з пачатку сакавіка ўжо былі пакараны матэрыяльна.

Нагадаем, што ў выпадку выяўлення гарэння сухой расліннасці, а таксама іншых надзвычайных сітуацый тэлефануйце па нумарах 101 ці 112.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік