На мінулым тыдні пасля праліўных дажджоў многія жыхары нашага горада былі занепакоеныя колерам і ўзроўнем вады ў рацэ Мухавец. У сувязі з гэтым мы вырашылі звярнуцца да галоўнага спецыяліста Пружан-скай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандра Гаруса, які падрабязна пракаментаваў дадзенную сітуацыю.
— Карычневы колер ракі і высокі ўзровень вады, які назіралі жыхары горада на мінулым тыдні, быў абумоўлены сукупнасцю некалькіх фактараў. Многія сельскагаспадарчыя землі, якія непасрэдна прылягаюць да канала Вец і рэчкі Муха, былі ўзараны яшчэ ў першай палове жніўня, а ўвесь гэты перыяд на тэрыторыі нашага раёна ўсталявалася спякотнае надвор’е. І, як толькі на працягу кароткага часу выпала немалая колькасць дажджавых ападкаў, зямля перастала паспяваць уцягваць у сябе вільгаць, што паспрыяла змыццю з палёў гліны і пяску.
Варта адзначыць, што канцэнтрацыя рэчываў, якія трапілі ў ваду, і ўзровень вады не перавышае нарматыўныя паказчыкі, таму за стан ракі трывожыцца не трэба. Рыба ў рацэ таксама знаходзіцца ў бяспецы, аб чым сведчыць адсутнасць заморных з’яў, — адзначыў Аляксандр Аляксандравіч.
Фота з інтэрнэту