Вторник, 14 января 2025

Ці трэба закупацца ў запас? Журналісты высвятлялі падчас маніторынгу разам з раённым аб’яднаннем прафсаюзаў (+відэарэпартаж)

543

Многія з нас чыталі ў сацсетках або чулі ад знаёмых, нібыта «з паліц магазінаў хутка знікнуць некаторыя віды тавараў і трэба ісці закупляцца пра запас». Карэспандэнты «раёнкі» разам са старшынёй Пружанскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Таццянай Гаманчук прайшлі па магазінах горада з мэтай высветліць, ці сапраўды ёсць недахоп пэўных відаў тавараў. А таксама пагаварылі на гэтую тэму з пакупнікамі «Універсама» і «Белмаркета».

Таццяна Гаманчук, старшыня Пружанскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі:

— Маніторынг цэн на сацыяльна значныя тавары раённым аб’яднаннем прафсаюзаў праводзіцца з 2017 года. Акрамя планавага штомесячнага аналізу кошту тавараў, мы перыядычна арганізуем так званыя «экспрэс-маніторынгі». Гэта робіцца тады, калі ўзнікае пэўнае напружанне сярод насельніцтва нашага рэгіёна, з’яўляецца нейкая неправераная інфармацыя ў розных сацыяльных сетках або ажыятажны попыт на пэўныя групы тавараў.

Як паказваюць праведзеныя экспрэс-маніторынгі, ні разу падобная інфармацыя не пацвердзілася. Такімі таварамі, як мука, соль, цукар, грэцкія крупы, гандлёвыя кропкі заўсёды забяспечваліся, і ў цяперашні час яны маюцца на паліцах крам. У апошні час назіраецца нязначны рост кошту тавараў, асабліва гэта датычыцца прамысловай групы, таксама агародніны і садавіны не беларускіх вытворцаў. Я лічу, што гэта звязана найперш з нестабільным курсам валют. Думаю, што з яго стабілізацыяй кошт тавараў таксама павінен стабілізавацца і дадзенае пытанне перастане выклікаць такую вострую напружанасць сярод насельніцтва нашага рэгіёна.

Зоя Іванаўна:

— Я асабіста не рабіла пакупак у запас. Мне, па-першае, падабаецца наш універсам, тут усе дзяўчаты такія добрыя, адказныя, яны заўсёды падыдуць, калі запытаешся, выбіраеш нешта, то дапамогуць, параяць. А па-другое, я не заўважыла, што на паліцах можа не хапаць нейкіх прадуктаў. Тут заўсёды многа ўсяго. І ажыятажу я тут не бачыла. Калі чаго няма, дык падвязуць. Так, цэны павышаюцца, але што зробіш? Іх кантралюе дзяржава. Павышаюцца — значыць па-іншаму немагчыма.

Віктар Мікалаевіч Каўрыга:

— Я пастаянны кліент «Белмаркета», бо жыву побач. Было аднойчы, прыйшоў я ў краму, а цукру няма. Я спытаў у дзяўчат, няўжо салодкі прадукт становіцца дэфіцытным, а мне адказалі, што хутка падвязуць, маўляў, не хвалюйцеся. І сапраўды, усё падвезлі. Як пастаянны чытач раённай газеты, хачу ўсім сказаць, што няма неабходнасці сёння запасацца вялікай колькасцю тавару, каб ён дома гніў. Ёсць такія тавары, якія знікаюць, але з-за штучна створанага ажыятажу, а не з прычыны таго, што яны ўвогуле адсутнічаюць. Не трэба хвалявацца. У нас у Беларусі ўсё будзе добра.

Эдгар і Іна:

— Запасаў прадуктаў мы не рабілі, але асабіста я заўважыла, што неяк адзін-два дні не было мукі, солі, але праз пару дзён усё гэта з’явілася. І зараз без праблем можна купіць.

— А я чуў са слоў сваёй мамы, што яна закупляла грэчку, што не магла знайсці муку, усю разабралі, і што солі няма на паліцах. Але сам я не заўважыў ніякага недахопу. Усё ёсць у крамах. Таму мы не лічым патрэбным закупляць нейкія тавары пра запас. Можна ў любы час прыйсці ў краму і спакойна набыць усё, што трэба.

Думкамі цікавілася Вольга Вадзяновіч. Фота Кацярыны Масік. Відэарэпартаж Уладзіслава Шпарлы