Пасля серыі публікацый пра адкрыццё і наступную дзейнасць школьных ваенна-патрыятычных клубаў у рэдакцыю паступіла нямала тэлефанаванняў, у якіх чытачы дзяліліся сваімі меркаваннямі наконт гэтых з’яў.
Варта сказаць, што ў пераважнай большасці грамадзяне выказвалі адабрэнне падобнай выхаваўчай рабоце, выкарыстоўваемым падыходам. Хаця былі і іншыя думкі. У прыватнасці, адзін з чытачоў выказаў сумненне ў неабходнасці такіх новаўвядзенняў:
— Па-першае, старэйшае пакаленне ўжо «пабывала» ў маладзёжных суполках савецкага часу, пачынаючы ад акцябрат і заканчваючы камсамолам. І лічу, што нічога карыснага з гэтага не атрымалася, таму са зменай палітычнай фармацыі ўсё і згарнулася. Па-другое, зараз у моладзі больш розных захапленняў, у тым ліку інтэрнэт-суполак, дзе яны могуць паспяхова рэалізавацца добраахвотна, без націску з боку дарослай ідэалогіі.
Мудрасць пачынаецца з прызнання памылак
Прызнацца, у падобным меркаванні ёсць «зерне праўды». Таму і я скарыстаюся падказкай Макіявеллі, які сцвярджаў: «Мудрыя людзі не баяцца прызнаваць свае памылкі і не баяцца гаварыць праўду, нават калі яна можа пакрыўдзіць іншых. Яны ведаюць, што праўда — гэта аснова мудрасці».
Сапраўды, «савецкія» падыходы да арганізацыі маладзёжнага супольніцтва адразу былі згорнуты, як толькі пачаўся «парад суверэнітэтаў». У многім гэтаму паспрыяў той фармалізм, з якім адказныя асобы ставіліся да падобнай грамадскай работы. Памятаю, як мяне прымалі ў камсамол пры паступленні ў прафесійную навучальную ўстанову. Сакратар камсамольскай арганізацыі вучылішча звярнуўся са словамі: «Ты ўступаеш у камсамол», — а калі заўважыў мае замяшанне, дадаў: «Я не пытаю, а сцвярджаю».
І тады мяне засмуціла тое, што ніхто нават і не задумаўся: а ці годны я такога гонару? Зараз разумею, што ішла гонка за колькасцю і нікога не хвалявала якасць, на якую акцэнтаваўся галоўны апалагет камсамольскага руху Уладзімір Ленін, калі выказаўся: «Лепш менш, ды лепш».
Напэўна, хто-ніхто з ветэранаў-«камсамольцаў» будзе са мной спрачацца, але ў большасці людзей стварылася ўражанне, што напрыканцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя ўжо забыліся пра былыя запаветы УЛКСМ, зніклі высокія мэты, што і прывяло да расчаравання і нават зняважлівага стаўлення да самой арганізацыі.
Калі ж з развалам СССР зніклі ідэалагічныя рычагі, то і падобная грамадская работа ў маладзёжным асяроддзі знікла. Як і людзі, якія хацелі б яе праводзіць. Вось гэта і стала тым «падмуркам» для ўзнікнення высноў, нібыта цэнтралізаванае стварэнне маладзёжных суполак — недзеяздольная ідэя, час якой вельмі кароткі і безвыніковы. Маўляў, моладзь і без дапамогі самаарганізуецца.
Аднак любы земляроб скажа, што само па сабе пасеянае зерне не дае падстаў чакаць добрага ўраджаю. Варта прыкласці яшчэ нямала намаганняў, каб вырас паўнаважкі колас.
Зазірнём у гісторыю
Насуперак хібнасці кадравай палітыкі ў маладзёжных суполках канца 1980-х успамінаецца час, калі вера ў правільнасць ідэі была трывалай. Гэта адназначна адбівалася на светапоглядзе падрастаючага пакалення.
Зноў звярнуся да ўласных успамінаў. Па традыцыі ў школах у піянерскія шэрагі прымалі да дня нараджэння Леніна. Вось толькі якраз напярэдадні я пабіў акно ў класе. З-за хуліганскага ўчынку мяне выключылі са спісаў кандыдатаў у піянеры. І 22 красавіка толькі з боку назіраў за тым, як павязвалі гальштукі маім аднакласнікам. Уласна для мяне гэта стала незабыўным сорамам. Разам з татам мы зашклілі шыбу ў кабінеце, я актыўна далучаўся да розных грамадскіх даручэнняў. І нарэшце на Дзень піянерыі, 19 мая, мне адзінаму перад класам павязалі жаданы чырвоны трохвугольнік. Нават увечары ў ім пайшоў гуляць на вуліцу.
Наогул ставіліся мы да піянерскага гальштука з павагай, самі прасавалі яго. Мы, піянеры, бралі шэфства над старымі людзьмі, дапамагалі прыбірацца ў кватэрах і на падворку, збіралі макулатуру-металалом не асабіста ад сябе, а менавіта калектыўна, сваім атрадам, дружынай. Грамадскіх даручэнняў было нямала, і кожная задача ставілася, нібыта яе могуць выканаць толькі ганаровыя піянеры.
І ўспаміны ад тых часоў у мяне засталіся самыя добрыя. Многаму навучыла піянерыя, нямала з атрыманага перадаваў потым сваім дзецям. Піянерская навука не вучыла ідэалагічнай нянавісці да «капіталістаў», пагардзе да іншых нацыянальнасцей, наогул да іншых людзей.
Піянеры павінны былі заставацца прыкладам, узорам паводзін, сумленнасці, патрыятызму для навакольных. Ці можна гэта назваць некарысным і непатрэбным у наш час?
Што зойме пустату?
З чытачом-спрачальшчыкам пагаджуся, што народная прыказка пра «святое месца, якое пустым не бывае», не губляе актуальнасці і ў наш час. Вось толькі што займае пустату? Найноўшая гісторыя паказвае: спачатку скінхэды, фанацкія суполкі, потым — «рёданцы», спорцікі. З улікам той «талерантнасці», што спрабуе трапіць да нас з Захаду, страшна прагназаваць, што будзе далей.
Наўрад ці хто будзе аспрэчваць, што станаўленне асобы маленькага чалавека нагадвае работу з пластылінам. А ён не можа самастойна зляпіцца ў фігуру, патрэбны знешні ўплыў. І гэты ўплыў не заўсёды можа быць станоўчым: з аднаго і таго ж кавалка пластыліну можна вылепіць і кветку, і камяк гразі. Як бачна, пакідаць гэты працэс без нагляду з боку грамадскасці нельга, наступствы абыякавасці потым адчуем на ўласнай скуры.
Прывяду яшчэ адзін яскравы прыклад з уласнай практыкі, ужо настаўніцкай. Тата адной з маіх вучаніц забараніў дачцэ ўступаць у піянеры: маўляў, не трэба «замбіраваць» маё дзіця. У выніку дзяўчынка засталася па-за межамі жыцця сваіх аднакласнікаў, якія разам удзельнічалі ў розных мерапрыемствах піянерскай дружыны. Малая адчувала сябе непатрэбнай, зайздросціла — і злавалася на дарослых, на грамадства. Калі яна стала самастойнай асобай, то хібнае выхаванне першым на сябе адчуў… тата. Нямоглы стары звярнуўся да яе па дапамогу і пачуў у адказ: ты вучыў жыць самастойна, не падтрымліваць нікога і не сябраваць, дык цяпер з усім спраўляйся сам. Думаю, што падобныя гісторыі могуць расказаць многія чытачы «раёнкі»…
У суверэннай Беларусі існуе нямала суполак і аб‘яднанняў для дзяцей і падлеткаў. І школьныя ваенна-патрыятычныя клубы — толькі адна з формаў работы.
На мой погляд, гэта вельмі важны аспект выхавання: тут вучаць любіць Радзіму, грамадства, з павагай ставіцца да людзей старэйшых пакаленняў. Паважаць сябе і сваіх сяброў, абараняць сумесныя інтарэсы, а не імкнуцца кіравацца толькі ўласнымі жаданнямі.
Не наступім на тыя ж граблі?
Як паказвае час, нягледзячы на ўсе «плюсы» і дасягненні, мы нярэдка «наступаем на граблі» былых пралікаў. Калі сёння зноў пагонімся за колькасцю, ставячы кожнай школе задачу па неадкладным стварэнні ваенна-патрыятычных клубаў, бяздумна аб‘ядноўваючы ўсіх дзяцей у новыя суполкі, то прыйдзем да ўзнікнення тых жа высноў, што выказаў чытач-спрачальшчык.
Мне здаецца, варта зрабіць з патрыятычных аб’яднанняў элітныя арганізацыі, у шэрагі якіх можна трапіць толькі за значныя заслугі. А страціць такі статус можна будзе вельмі лёгка. Члены ваенна-патрыятычных клубаў павінны вылучацца сярод равеснікаў не толькі формай, але і ўчынкамі, паспяховай вучобай, трывалым светапоглядам, жаданнем звязаць далейшы лёс з сілавымі структурамі, службай у арміі і г.д.
Адпаведна павінна праводзіцца выхаваўчая работа, даручаная людзям, якія імкнуцца выконваць яе па закліку душы, а не загадзе кіраўніцтва.
Патрэбна ў гэтым накірунку і дзяржаўная падтрымка, каб дзеці адчулі сваю патрэбнасць як патрыёты. Каб яны бачылі, што ўдзел у падобных патрыятычных суполках дае карысныя бонусы.
Словам, аднаго жадання «зверху» ў такой рабоце мала, тут не абысціся без прадуманай, шматвектарнай праграмы з прыцягненнем усіх слаёў грамадскасці. Загадзя распрацаванай, зацверджанай без змяненняў і адступленняў ад вызначанага курсу. Каб у падрастаючага пакалення не ўзнікла адчування ў «сумніўнасці» выхаваўчых падыходаў, а нараджалася непарушная вера, што яны ідуць у будучыню правільным шляхам.
Алег Сідарэнка.
Фота Кацярыны Масік