Як газеце эфектыўна працаваць у інтэрнэт прасторы? На што варта звярнуць увагу ў публікацыях? Чаму каналам у месенджарах трэба надаваць асаблівую ўвагу? Гэтыя і іншыя пытанні абмеркавалі на мінулым тыдні падчас семінара-вучобы ў Бярозе.
Мерапрыемства прайшло ў раённай бібліятэчнай сістэме, а ў якасці прымаючага боку выступілі калегі з Бярозаўскай раённай газеты «Маяк». Што да ўдзельнікаў, то імі сталі рэдактары інтэрнэт-рэсурсаў рэгіянальных друкаваных СМІ вобласці, у тым ліку аўтар гэтых радкоў.

Як адзначыла напачатку семінара начальнік аддзела па рабоце са СМІ галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Юлія Цікунова, у поле зроку рэгіянальшчыкаў павінны трапляць падзеі рознага ўзроўню — ад лакальных да рэспубліканскіх. Важна быць першакрыніцай навін і прапаноўваць аўдыторыі запатрабаваную інфармацыю.
У якасці прыкладу такога сродку масавай інфармацыі якраз можна назваць Бярозаўскую газету. Па словах загадчыцы аддзела інтэрнэт-рэсурсаў Аляксандры Дэрбіс, якая выступіла ў якасці спікера, новы сайт BEREZA.BY быў запушчаны ў кастрычніку 2020-га. Калі раней у сярэднім за месяц яго праглядала каля 60 тыс. чалавек, то ў гэтым ліпені колькасць праглядаў дасягнула 130 тыс. Дынамічна развіваецца і аднайменны Telegram-канал. Цяпер тут 5,3 тыс. падпісчыкаў, хаця калісьці меркавалі спыніцца на трох тысячах. Страціць чытачоў друкаванай версіі ў Бярозе не баяцца: кантэнт на сайце, у месенджарах і газеце розны. Для кожнай платформы ён па-свойму перапрацоўваецца.
Але ж «Маяк» — далёка не адзінае СМІ Брэстчыны, якое паспяхова працуе ў сетцы. Юлія Іванаўна адзначыла выданні Століна і Баранавіч. У ліку добрых Telegram-каналаў быў названы і канал нашай газеты — Budni.by. Пры гэтым удзельнікаў семінара-вучобы зацікавіў той факт, што «Раённыя будні» — адзіная газета вобласці, якая вядзе свой Telegram цалкам па-беларуску. Нагадаем, што так захацелі калісьці самі чытачы, таму нашы электронныя рэсурсы застануцца беларускамоўнымі.

Далей удзельнікі падзяліліся вопытам вядзення сайтаў, сацсетак і месенджараў, расказалі пра складанасці і размеркаванне часу, асноўныя тэматычныя блокі. Галоўны прынцып, якім павінны кіравацца ўсе СМІ, па глыбокім пераканні Юліі Цікуновай, — павага да чытача. А яшчэ ўзаемадапамога: неаднойчы падчас семінара звярталі ўвагу на тое, што працаваць на развіццё электронных рэсурсаў павінен кожны творчы супрацоўнік рэдакцыі.
Практыку правядзення такіх сустрэч будуць працягваць. Своеасаблівыя «лятучкі» мяркуецца праводзіць у розных гарадах рэгіёна. Ну, а калектыў нашай рэдакцыі пастараецца зрабіць усё, каб «раёнку» было цікава чытаць як на паперы, так і ў інтэрнэце.
Уладзіслаў Шпарла. Фота Сяргея Баброва