Вторник, 18 февраля 2025

Ці стане дарога «Надзеі» дарогай мары? Карэспандэнт пабывала на месцы

378

Пытанні наконт участка дарогі паміж вёскамі Слабудка і Семянча-1 уздымаюцца дастаткова працяглы час. Два гады таму жыхары Семянчы звярталіся ў Пружанскі сельвыканкам з просьбай вырашыць іх, але справа з месца не зрушылася. А зараз рэдакцыя атрымала пісьмо з просьбай разабрацца ў існуючай сітуацыі.

З ліста ў рэдакцыю:
«Скардзімся на стан дарогі паміж вёскай Слабудка і вёскай Семянча-1, па якой перамяшчаемся на свае дачныя ўчасткі. Хто павінен сачыць за станам гэтай дарогі і чаму яна сёння ў нездавальняючым стане?
Члены садовага таварыства «Маяк».

У той жа дзень мы адправіліся ў азначанае месца, каб пракаціцца па «дарозе мары». Пракаціцца — гэта, вядома ж, гучна сказана. Разбітая дарога не дазваляе нават нармальна прайсці па ёй, не кажучы ўжо пра мабільныя сродкі перамяшчэння. На вуліцы спякотнае лета, а ў гэтых непраходных джунглях — глыбокія ямы, месцамі да паўметра, якія, здаецца, ніколі не перасыхаюць. І звярнуць нікуды немагчыма: уздоўж злашчаснай дарогі шчыльнай сцяной растуць дрэвы і кусты.

Але насамрэч членам садовага таварыства «Маяк», значная частка якіх — гараджане, прасцей. Праехаць з Пружан яны могуць з усімі зручнасцямі і па трасе. А вось для тых, хто пражывае ў Семянчы-1, 400-мятровая дарога — самая кароткая для сувязі з «вялікай зямлёй», вёскай Слабудка, дзе ёсць ФАП, магазін, аддзяленні банка і пошты, прыпынак грамадскага транспарту. Ды дабрацца сюды пасля моцных дажджоў можна толькі ўплаў або ў гумовых ботах па самыя вушы.

Па каментарый сітуацыі мы звярнуліся ў аддзел землеўпарадкавання Пружанскага райвыканкама. І даведаліся, што гэты ўчастак дарогі з’яўляецца стыхійным праездам і не ўваходзіць у структуру дарожнай сеткі раёна.

Каму ж яна належыць?

Участак прыкладна ў 100 метраў адносіцца да палявых дарог ААТ «Пружанскае», а астатняя частка прымыкае да тэрыторыі іншага садовага таварыства «Надзея». Магчыма, за кошт членскіх узносаў членаў таварыства можна было б правесці пэўныя рамонтныя работы? Але стан таварыства «Надзея» на сённяшні дзень не адпавядае яго назве. Афіцыйна ў гэтым аб’яднанні зарэгістравана ўсяго восем дачных участкаў, у структуры няма ні старшыні, ні бухгалтара, ні адказнай асобы, якая магла б арганізаваць збор грошай.

Мы праверылі на сайце: кантактаў «Надзеі» сапраўды няма. Што рабіць? Пакуль пытанне застаецца адкрытым. Можа, гаспадарка возьме яго пад сваю ўвагу?

Падрыхтавала Ульяна Рысь.

Фота аўтара