Понедельник, 20 июля 2026

У інспекцыі прыродных рэсурсаў расказалі, ці шмат у Пружанскім раёне звалак

396

У нашым раёне створаны ўсе ўмовы для таго, каб людзі маглі выкідваць адходы ў спецыяльных для гэтага месцах. Аднак не ўсе пазбаўляюцца ад смецця там, дзе гэта дазволена, тым самым утвараючы звалкі. Ці шмат у нашым раёне падобных месцаў, як з гэтым змагаюцца і што пагражае землекарыстальніку, які праігнаруе патрабаванне аб ліквідацыі звалкі? На ўсе гэтыя пытанні мы атрымалі адказ ад начальніка раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Вольгі Дрозд.

— Вольга Міхайлаўна, ці ёсць у нашым раёне несанкцыянаваныя звалкі і якія іх маштабы?

— Гэта праблема па-ранейшаму актуальная. Нядаўнія рэйды паказалі, што некаторыя людзі так і не навучыліся пазбаўляцца ад адходаў ва ўсталяваных месцах. Што датычыцца вялікіх звалак, то тут назіраецца станоўчая дынаміка, такіх апошнім часам не выяўлялі. Але мы працуем для таго, каб дасягнуць максімальнага эфекту ў гэтым накірунку, а значыць, хочам скараціць колькасць месцаў несанкцыянаваных выкідаў адходаў да мінімуму, а ў ідэале — каб і зусім іх не было.

— Што трэба зрабіць, каб звалак станавілася менш ці зусім не было?

— Гэтага можна дамагчыся выключна комплексам дзеянняў. Самае галоўнае — гэта навучанне дзяцей з ранняга ўзросту беражлівым адносінам да прыроды. Яно павінна пачынацца ў сям’і, а затым працягвацца ў садку і школе. Тады з вялікай доляй верагоднасці на выхадзе ў дарослае жыццё мы атрымаем чалавека, які не толькі не будзе смяціць усюды, але і ўсяляк стане садзейнічаць таму, каб навакольнае асяроддзе знаходзілася ў добрым стане. Калі ж закрануць нашу работу, то мы актыўна ўзаемадзейнічаем са старшынямі сельвыканкамаў, на тэрыторыі якіх выяўлены звалкі. Але хочацца, каб да работы падключаліся і старасты розных населеных пунктаў. Яны могуць праводзіць з мясцовым насельніцтвам прафілактычныя гутаркі, выяўляць несанкцыянаваныя выкіды адходаў і нават садзейнічаць іх выкараненню, толькі тады мы станем бліжэй да сваёй мэты.

— Нядаўна, згодна з даручэннем Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь, вы праводзілі кантрольна-аналітычныя мерапрыемствы ў мэтах ліквідацыі месцаў несанкцыянаванага размяшчэння адходаў на тэрыторыі раёна. Якія ж вынікі?

— Як ужо згадвала раней, маштабных звалак у нашым раёне выяўлена не было. Аднак на тэрыторыі розных землекарыстальнікаў былі выяўлены невялікія несанкцыянаваныя звалкі ў месцах, дзе рэдка ходзіць чалавек. У асноўным гэта бытавыя адходы.

— Вольга Міхайлаўна, а што адбываецца пасля такога выяўлення?

— Мы аператыўна інфармуем землекарыстальніка аб гэтым. Ён, у сваю чаргу, абавязаны ў кароткі тэрмін усё прыбраць і даслаць фотаздымкі, на якіх будзе бачна, што звалка ліквідавана. Калі ж землекарыстальнік праігнараваў накіраваны раней інфармацыйны ліст, то ў дачыненні да яго пачынаецца адміністрацыйны працэс. Што ж датычыцца нашых апошніх кантрольна-аналітычных мерапрыемстваў, то ўсе выяўленыя несанкцыянаваныя выкіды адходаў былі ліквідаваны адпаведнымі землекарыстальнікамі на працягу кароткага часу, таму ў адносінах да іх адміністрацыйны працэс пачаты не быў.

— Ці былі ўнесены ў апошні час змены ў заканадаўчыя акты па абыходжанні з адходамі?

— Так, з 6 кастрычніка гэтага года ў новай рэдакцыі ўступіў у сілу Закон Рэспублікі Беларусь «Аб абыходжанні з адходамі». У ім змяненні закранулі шэраг артыкулаў. Напрыклад, цяпер адходы, выяўленыя на зямельных участках, лічацца ўласнасцю землекарыстальнікаў гэтых участкаў, якія абавязаны забяспечыць іх збор і ўтылізацыю, а таксама прыняць іншыя меры па папярэджанні іх шкоднага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе, здароўе людзей і маёмасць.

— А куды неабходна звяртацца грамадзяніну, які знайшоў несанкцыянаваную звалку, для далейшай яе ліквідацыі?

— Калі выяўлена звалка на тэрыторыі населенага пункта, то для гэтага дастаткова звярнуцца ў мясцовы сельвыканкам. Грамадзяне таксама могуць звязацца і з намі, раённай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя па нумары 4-13-18 ці 4-13-19. Таксама хацелася б, каб і самі грамадзяне прымалі ўдзел у навядзенні парадку. А ў выпадку, калі яны валодаюць інфармацыяй аб парушэннях заканадаўства, перадавалі дадзеную інфармацыю нам.

Гутарыў Руслан Басак

Фота Кацярыны Масік