Воскресенье, 19 января 2025

Ці прыемна кошцы моцнае слоўца? Разглядаем тэму нецэнзурнай лексікі

136

У гэтым невялікім матэрыяле я закрану праблему мацерных слоў. А чаму такі загаловак абраў? Справа ў тым, што у 80-х гадах мінулага стагоддзя быў вельмі папулярны спектакль юмарыста Яўгена Петрасяна «Добрае слова і кошцы прыемна», а ўжо чалавеку — удвая.

Падаплёка тэмы


Неяк ехаў я хуткім цягніком з Мінска да Аранчыц. Настрой быў вельмі добры — цешылі ўспаміны пра цікавыя курсы павышэння кваліфікацыі, пра аднагрупнікаў, з якімі з’ядналіся. За акном мільгалі карцінкі беларускай восеньскай прыроды. Было сонечна і на двары, і на душы. Пасажыры займаліся сваімі справамі: нехта не адводзіў вачэй ад экранаў гаджэтаў, нехта мірна драмаў. Такую спакойную, нават ціхую, не лічачы перастук колаў, абстаноўку парушыў тэлефонны званок. Тэлефанавалі юнаку, які сядзеў ля акна на некалькі сядзенняў далей. Побач з ім і насупраць былі суседзі, як я зразумеў, зусім незнаёмыя маладому чалавеку людзі. «Ну няхай сабе размаўляе. Хто так не робіць у грамадскім месцы, калі трэба адказаць на званок?», — скажа наш чытач. І будзе мець рацыю. Але справа ў тым, як размаўляеш. Мала таго, што ўвесь вагон даведаўся, што хлопец абдурыў куратара навучальнай установы і збег дамоў з заняткаў, што хутка павінны прыслаць з Амерыкі некалькі пачак «фірмовага» адзення па таннай цане і яго можна выгадна прадаць, дык уся гэтая гучная, здавалася, на публіку размова праз слова-другое перамяжоўвалася адборнымі мацюкамі. Не буду пісаць пра тое, што, маўляў, не знайшлося чалавека, каб спыніць гэтую непрыстойную тыраду. Справа не ў тым. Адкажыце, калі ласка: з якой пары нецэнзурная лексіка стала грамадскадаступнай, шырокаўжывальнай, нягледзячы на ўзрост, абставіны, навакольнае асяроддзе?

На днях насустрач мне трапіла невялікая зграйка так званых тынейджараў гадоў па 13-14. Акрамя хлопчыкаў былі там і дзяўчаткі, якія мацюгаліся не горш, як кажуць, за шаўцоў.

Крыху гісторыі


Дык адкуль пайшла гэтая ўся нецэнзуршчына? Звернемся да крыніц.

Аўтар малюнка К. Іваноў, выдавецтва «Плакат», 1981 г.

Зараз ужо дакладна невядома, адкуль з’явіліся так званыя рускія мацюкі. Некалі была даволі папулярная версія, што дасталіся яны ад мангола-татарскага прыгнёту. Гэта цалкам абвергнута з выяўленнем наўгародскіх берасцяных грамат ХІІ-ХІІІ стагоддзяў. Абвінаваціць у гэтым захопнікаў не атрымалася. Яно і зразумела, бо ва ўсіх мовах свету існуе свая нецэнзурная лаянка.

Ёсць і іншыя версіі. Дзве з іх з’яўляюцца асноўнымі. Першая — мат звязаны з эратычнымі ведычнымі абрадамі, якія адыгрывалі важную ролю ў земляробчай магіі. Другая — мацерныя словы на Русі калісьці мелі рознае значэнне, напрыклад, падвойнае. Але з часам адно значэнне выцеснілася, ці яны былі злітыя разам, ператварыўшы значэнне слова ў негатыўнае.

Ці такі шкодны мат, як яго малююць?


Звернемся да думак хрысціянскіх праваслаўных пастыраў. Вось што амаль у адзін голас яны гавораць наконт нецэнзурнай лаянкі: «Звычка да гэтага падобна на апантанасць. Мацюгальнік часам не можа даць рады сабе, яго знутры падпірае, каб устаўляць у прамову гэты бруд. Так цёмныя духі імкнуцца ўсё перапсаваць, апаганіць, ачарніць, падкідваюць нашай душы спакусы, якія губяць нас. Так што выбірайце самі, што вы хочаце: душу сваю выратаваць ці згубіць. Нецэнзурная лаянка — гэта, калі казаць каротка, малітва да сатаны. Гэта вельмі шкодзіць таму, хто ўжывае лаянку». Асабліва падвяргаюцца ўздзеянню гэтай чартаўшчыны дзеці з няўстойлівай псіхікай, тонкімі пачуццямі, слабым здароўем.

У эзатэрыкаў лічыцца, што брыдкаслоўе патанчае біяполе, робіць чорнай аўру. Праз гэтыя дзіркі ў чалавека пранікаюць сутнасці, якія шкодзяць здароўю і шчасліваму жыццю людзей.

Не буду ханжой, чаго граху ўтойваць, другі раз і сам пры абставінах мацюка загну. Пасля, здаецца, і палягчэла. А ці надоўга? Гэта як напіцца і забыцца: палёгка — на час, а пахмелле — на вельмі доўга.

Самая брыдкае, калі лаюцца дзеці, малыя, якія яшчэ няўцямліваюць сэнс і згубнасць такіх слоў. Дарослыя ж падначваюць і вельмі весяляцца — смешна ж. Малое бачыць, што дарослыя ўхваляюць такое і ўпэўніваецца, што ўсё правільна робіць. Добра, калі знойдзецца чалавек з цвярозым розумам і растлумачыць дзіцю, што гэта дрэнна, нельга так рабіць. І гэты чалавек павінен быць аўтарытэтам для малога. Кажуць: хай мацюкаецца, абы не краў. Ад аднаго да другога — вельмі маленькі крок, ён нават нябачны. Усёдазволенасць даводзіць і да злачынства.

Упэўнены, што ў прыстойнай сям’і, дзе бацькі паважаюць адзін аднаго і на словах, і на справе, месца мацюку няма. Там і дзеці пераймаюць такія адносіны. Нават у акружэнні аднагодкаў не будуць імітаваць дарослых. Яны шануюць слова. Бо яно як верабей, вылеціць — не зловішь. Ці не так?

Віктар Ільюшчанка

Аўтар малюнка К. Іваноў, выдавецтва «Плакат», 1981 г.