Суббота, 18 января 2025

Ці праўда, што ў 2023 годзе «пружанскае» смецце паедзе ў Кобрын? Адказвае намеснік дырэктар КУВП «Камунальнік» В.І.Казлоў

779

Згодна з рашэннем Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, у краіне павінны быць закрыты і рэкультываваны ўсе міні-палігоны бытавых адходаў. Існуе меркаванне, што сваю функцыю папярэджання ўтварэння стыхійных смеццязвалак яны выканалі, пэўны ўзровень культуры насельніцтва дасягнуты. А значыць, патрэбнасць у існаванні такіх пляцовак знікла. Больш таго, адпаведна з нацыянальнай стратэгіяй, а таксама канцэпцыяй развіцця аб’ектаў па ўтылізацыі адходаў будуць закрывацца і палігоны цвёрдых камунальных адходаў (ЦКА) з намерам стварыць буйныя пляцоўкі — па адной на некалькі раёнаў.
Як у такіх умовах будзе дзейнічаць цэнтралізаваны вываз смецця з населеных пунктаў, асабліва ў сельскай мясцовасці? Пра гэта мы спыталі ў намесніка дырэктара КУВП «Камунальнік» В.І.Казлова.

— На сённяшні дзень вываз дазволеных для захавання адходаў у нашым раёне ажыццяўляецца на два палігоны ЦКА і тры міні-палігоны: каля вёскі Слабудка, аграгарадкоў Кабылаўка, Шчарчова, а таксама г.п.Ружаны і Шарашэва,— паведамляе Віталій Ігаравіч.— Трэба сказаць, што гэтыя пляцоўкі адкрываліся з добрым запасам плошчаў, а таму яшчэ не запоўнены і маглі б смела выкарыстоўвацца яшчэ некалькі гадоў. Аднак Саветам Міністраў РБ была зацверджана іншая канцэпцыя, якая прадугледжвае закрыццё раённых пляцовак і стварэнне міжрэгіянальнай сеткі.

— Якія пляцоўкі ўжо закрыты?
— Гэта міні-палігоны каля вёскі Кацёлкі і ў раёне аграгарадка Клепачы і в.Магілёўцы. Яны зараз знаходзяцца ў стадыі стабілізацыі і далей будуць рэкультываваны. Працэс стабілізацыі заключаецца ў частковым перагніванні і ўшчыльненні адходаў, на што спатрэбіцца 3-5 гадоў. Потым участак будзе выраўноўвацца і закрывацца грунтам для далейшага выкарыстання земляў пад іншыя задачы.

— Лагічна, што закрыццё міні-палігонаў, а ў перспектыве ўсіх пляцовак для захавання смецця ў раёне з намерам адкрыцця міжрэгіянальных участкаў, прывядзе да павелічэння адлегласці, якую трэба пераадолець смеццявозам. Якім чынам гэта паўплывае на графік збору адходаў з населеных пунктаў?
— Інстытутам «Белкамунпраект» распрацавана рэгіянальная схема абыходжання з камунальнымі адходамі для Пружанскага, Кобрынскага і Драгічынскага раёнаў. Згодна з ёй, пасля закрыцця міні-палігонаў у раёне будзе адведзена адна пляцоўка для акумуліравання смецця з наступным сартаваннем і вывазам на міжрэгіянальны палігон.

У выніку менавіта кобрынская камунальная служба стане выступаць арганізатарам сістэмы збору смецця ад насельніцтва.
Зараз мяркуецца, што ў дадатак да ўстаноўленага графіка вывазу смецця будуць набыты кантэйнеры для кожнага прыватнага домаўладання на падставе адпаведных пісьмовых дамоўленасцей з гаспадарамі. Гэтыя смеццевыя рэзервуары будуць мець аб’ём 120 літраў.

Для шматкватэрнай жылой забудовы таксама плануецца шэраг мерапрыемстваў, якія ўключаюць у сябе замену кантэйнернага парка, дааснашчэнне пляцовак дадатковымі рэзервуарамі, частка якіх можа быць заглыбленага тыпу, а таксама павялічанага аб’ёму (больш за 1 кубаметр).

Дадам, што гэтыя змены будуць укараняцца не сёлета і нават не на наступны год. Адкрыццё міжрэгіянальнага палігона ў Кобрынскім раёне запланавана на 2023 год. Але зразумела, што падрыхтоўчыя мерапрыемствы трэба пачынаць ужо цяпер.

— Віталій Ігаравіч, а ці павялічыцца кошт паслуг па вывазе цвёрдых бытавых адходаў?
— Гэта будзе вырашаць арганізатар з улікам аб’ёмаў збіраемага ад насельніцтва раёна смецця. Скажу толькі, што кожны год гэты аб‘ём павялічваецца: у 2020-м, напрыклад, намі было вывезена амаль 20 тысяч тон адходаў.
Каб змяніць сітуацыю, а значыць, зменшыць аб‘ёмы, насельніцтву варта нарэшце прывучацца да эканамічна абгрунтаванага раздзельнага збору смецця. Пакуль жа назіраецца іншая сітуацыя, калі ў спецыяльныя кантэйнеры выкідваецца бытавое смецце.

Алег СІДАРЭНКА