Воскресенье, 19 января 2025

Ці па зубах «Арэшнік»?

142

На пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы, якое нядаўна праходзіла ў Мінску, у стратэгічныя напрамкі далейшага развіцця інтэграцыйнага аб’яднання, акрамя многіх, быў унесены і пункт пра ваенна-палітычную бяспеку.

У сувязі з гэтым Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін зацвердзілі Канцэпцыю бяспекі Саюзнай дзяржавы. Дакумент быў прыняты ў сувязі са значнымі змяненнямі ваенна-палітычнай абстаноўкі і сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ва ўсходне еўрапескім рэгіёне, у тым ліку і на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы, узмацненнем санкцыйнага ціску з боку Захаду і беспрэцэдэнтнай інфармацыйнай вайны супраць дзяржаў-удзельніц. У тым ліку была заключана дамоўленасць між Кіраўнікамі дзвюх дзяржаў аб разгортванні комплексу гіпергукавой ракеты «Арэшнік» на тэрыторыі Беларусі. Адбудзецца гэта ў сярэдзіне 2025 года.

Некалькі фактаў пра гэтую да нядаўняга часу нікому невядомую ракету. Максімальная дыстанцыя паражэння складае 5,5 тысяч кіламетраў. Максімальная хуткасць палёту — 10 махаў (12380 км/ч). Ракета здольная несці баявую частку масай да 1,5 тоны. У ядзерным выкананні ракета можа дастаўляць зарады агульнай магутнасцю 900 кілатон (45 Хірасім). Дарэчы, перахапіць ракету можна толькі падчас вылету, амаль немагчыма — пры наборы хуткасці і зусім немагчыма — пры падлёце.

Зусім нядаўна «Арэшнік» нарабіў шмат шуму, калі знішчыў аб’ект ВПК ва Украіне. Палова свету здрыганулася ад страху, палова — вельмі зацікавілася зброяй. Той, хто здрыгануўся, няхай і далей знаходзіцца ў гэтым стане. Можа, паастываюць гарачыя галовы? Гэта для іх вельмі карысна. Можна дадаць, што аналагаў «Арэшніка» ў свеце няма і не хутка яшчэ будзе. Як сказаў падчас сустрэчы з калектывам ААТ «Пружанскі малочны камбінат» памочнік Прэзідэнта, галоўны інспектар па Брэсцкай вобласці Валерый Вакульчык: «Дабро павінна быць з кулакамі, калі хочаш міру, рыхтуйся да вайны». А пагроз у апошні час суверэннай Беларусі стала вельмі шмат. Захапіць краіну, паставіць тут марыянетачны рэжым — даўняя мара заходніх «сяброў». А не тут тое было. Дальнабачнасць нашага лідара, яго прадчуванне небяспекі для Беларусі, клопат аб заўтрашнім дні, прынцыповасць, мужнасць зблыталі ўсе карты заходніх гульцоў. Мала таго, што на тэрыторыі Беларусі разгорнута тактычная ядзерная зброя, дык яшчэ і ў хуткім часе «вырасце» такая грозная зброя. Ці будзе гэты арэх па зубах нашым праціўнікам? Наўрад ці…

Віктар Ільюшчанка