Четверг, 5 декабря 2024

Ці можна сумясціць бізнес і спорт? Пагутарылі з дырэктарам ТАА «Голдэнхольц», які выдзяляе грошы вясковай футбольнай камандзе

2 238

Магчыма, што даказвае прыклад дырэктара ТАА «Голдэнхольц» А.А.Чарнухі.

Гэта кампанія працяглы час дзейнічае на тэрыторыі Ліноўскага сельсавета, размяшчаецца вытворчая база непадалёк ад аграгарадка. У свой час Арцём Анатольевіч, выбіраючы месца для адкрыцця вытворчасці, настолькі захапіўся прыгажосцю гэтага населенага пункта, што вырашыў нават асесці тут: стварыў сям’ю, пабудаваў дом.

— Новая радзіма мне спадабалася настолькі, што захацелася зрабіць нешта для таго, каб аграгарадок развіваўся, каб тут заставалася моладзь,— расказвае прадпрымальнік.— На маю думку, прыцягваць павінны не толькі заробкі, наяўнасць жылля або сацыяльная інфраструктура. Трэба яшчэ, каб маладыя людзі мелі магчымасць для самарэалізацыі.


У якасці такога падмурка А.А.Чарнуха бачыць спорт, у прыватнасці, футбол, бо ў Лінове ўжо была створана свая вясковая каманда, якая аб’яднала мясцовых аматараў скуранога мяча. Зразумела, што ўзровень такога «гуртка па інтарэсах» не выходзіў за межы дваровага. Проста некалькі апантаных маладых людзей збіралася ў вольны час паганяць мяч. Здаралася, што праводзілі сустрэчы з камандамі такога ж узроўню з іншых вёсак Пружаншчыны.


Сур’ёзны, можна сказаць, арганізацыйны, штуршок да росту дала ініцыятыўнасць кіраўніка ТАА «Гольдэнхольц». А.А.Чарнуха выдзеліў грошы на набыццё ўласнай формы для каманды і спартыўнага інвентару. Акрамя таго, сёння на выязныя матчы каманду адвозіць спецыяльна выдзелены аўтобус кампаніі. Арцём Анатольевіч дабіўся ўключэння новастворанага клуба «Лінова» ў Кобрынскую лігу, дзякуючы чаму, мясцовыя футбалісты ўзняліся вышэй на адну прыступку — з дваровага ўзроўню перайшлі на аматарскі. Хаця ў рэальнасці камандзе давядзецца яшчэ нямала папрацаваць, каб зраўняцца са сваімі сапернікамі па лізе. Што і паказалі першыя дзве гульні напачатку чэрвеня, калі лінаўчане вярнуліся дадому з разгромным лікам.


Але ж няўдачы не зламалі маладую футбольную каманду і яе заснавальніка. Правялі «разбор памылак» і зразумелі, што асноўнае — наладжванне трэніровачнага працэсу. Камандзе не хапае дасведчанага трэнера, ролю якога пакуль узяў на сябе адзін з гульцоў. Няма ў аграгарадку і ўладкаванага стадыёна. Ліноўскія футбалісты абралі для сваіх штотыднёвых трэніровак спартыўную пляцоўку мясцовай школы па дамоўленасці з яе дырэктарам. Відавочна, што гэты варыянт абмяжоўвае і па плошчы, і па нагрузках.


— Галоўнае, што ёсць мэта, мы бачым свае хібы, над выкараненнем якіх і будзем працаваць,— зазначае прадпрымальнік.
Арцём Анатольевіч мяркуе запрасіць на некаторы час сваіх знаёмых з Мінска, якія працяглы час займаюцца гэтым відам спорту. Ёсць спадзяванні, што «легіянеры» змогуць не толькі палепшыць рэйтынг клуба, але і падвучаць мясцовых футбалістаў.


Больш складана вырашыць пытанне з уладкаваннем стадыёна. А.А.Чарнуха мяркуе, што побач з вясковым вадаёмам можна адкрыць цэлы спартыўны парк: там ёсць вельмі зручная пляцоўка, дзе можна размясціць стадыён з трыбунамі, арганізаваць сапраўдны спартыўны гарадок з трэнажорамі адкрытага тыпу і лыжа-ролернай трасай.

— Усе фінансавыя выдаткі наша кампанія гатова ўзяць на сябе, як і арганізацыю будаўнічага працэсу,— дзеліцца меркаваннямі Арцём Анатольевіч.— Нам патрэбны толькі афіцыйны дазвол на выкарыстанне вызначанага ўчастка.


Што тычыцца сумяшчэння бізнесу і спорту, то А.А.Чарнуха не бачыць у гэтым ніякіх перашкод. Наогул, на яго думку, усё ў нашым жыцці ўзаемазвязана. Рубель, укладзены ў спорт, таксама як і ў культуру, адукацыю, потым абавязкова вернецца ў дзесяціразовым памеры ў выглядзе добрых кадраў.
Алег Сідарэнка, Кацярына Масік (фота).