— Лета на Пружаншчыне чакаецца багатым на падзеі і, адпаведна, шмат будзе гасцей, якія прыедуць у наш раён па эмоцыі і ўражанні. Хочацца, каб усё было як след падрыхтавана да сустрэчы. Але паглядзіце на памятны знак нашаму знакамітаму земляку-пісьменніку Юзафу Крашэўскаму, устаноўлены на малецкай дарозе ля павароту на вёску Круглае. Надпіс, высечаны на светлым мармуры, дрэнна чытаецца, і некалькі разоў сутыкаўся, што людзі, якія праязджаюць па шашы, пытаюцца, што гэта за помнік. Ці можна неяк умяшацца ў сітуацыю?
Са званка ў рэдакцыю.
Пытанне чытача мы адрасавалі спецыялісту па ахове помнікаў Вользе Зінкевіч і начальніку аддзела культуры райвыканкама Канстанціну Панімашу.
Вольга Уладзіславаўна паведаміла, што пра магчымае вырашэнне праблемы гутарка ўжо ішла, прапанавалася некалькі варыянтаў і быў выбраны найбольш аптымальны з іх.
— Гэты помнік стаіць на балансе ў аддзеле культуры, і зрабіць надпіс больш выразным дапаможа наш мастак, — пацвердзіў Канстанцін Іванавіч.
Словы не разышліся са справай: у хуткім часе літары на помніку былі падфарбаваны.