Пятница, 17 января 2025

Ці можна ў Пружанах здаць экзамен па ваджэнні? Адказвае начальнік аддзялення ДАІ

1 017

Вучуся ў прыватнай аўташколе г.Пружаны. І вельмі занепакоена тым, што здаваць на правы трэба будзе ехаць у г.Бярозу, магчыма, нават (як гэта часта бывае ў такіх выпадках) некалькі разоў. А гэта немалыя выдаткі — і грошай, і часу. Хацелася б ведаць, чаму мы, пружанцы, не можам здаць патрэбныя экзамены: і ваджэнне і тэорыю — на месцы? Наколькі ведаю, у ДТСААФ часам прыязджаюць спецыялісты з ДАІ г.Бярозы.

Ганна, г.Пружаны

Адказвае начальнік аддзялення ДАІ Пружанскага РАУС Сяргей Мышкевіч:

— Галоўныя экзамены, неабходныя для атрымання вадзіцельскіх правоў, павінны здавацца толькі ў Міжраённых рэгістрацыйна-экзаменацыйных аддзелах ДАІ. У Пружанах па штатным раскладзе такога аддзела няма. У нас, заўважу, увогуле, аддзяленне ДАІ, а не вялікі аддзел, не трэба блытаць. Больш за тое, па правілах пры здачы тэорыі ў МРЭА вядзецца спецыяльная аудыё- і відэаздымка, у аддзяленні такое абсталяванне не прадугледжана.

Што тычыцца візітаў бярозаўскіх спецыялістаў ДАІ ў Пружаны, то, сапраўды, па дамоўленасці з кіраўніцтвам ДТСААФ яны часам сюды прыязджаюць, але толькі дзеля таго, каб прыняць ваджэнне, а не тэорыю.

Кіраўніцтва прыватнай аўташколы таксама можа дамовіцца пра падобныя візіты.

Падрыхтавала Алена Зялевіч. Фота Кацярыны Масік, носіць ілюстрацыйны характар.