Пятница, 17 апреля 2026

Ці магчыма дабіцца поўнай адсутнасці пажараў на Пружаншчыне? Актуальны дыялог з начальнікам РАНС Паўлам Талстым

307

Пра гэта сведчыць адпаведная мінулагодняя статыстыка, згодна з якой на тэрыторыі раёна адбылося пажараў на чвэрць менш, чым у 2022 годзе. Заўважна знізілася і колькасць загінулых у агні — трое супраць дзевяці (хаця можна было б лічыць дасягненнем, калі б гэты сумны спіс увогуле застаўся пустым).

Ці магчыма дабіцца ідэальнай сітуацыі з поўнай адсутнасцю вогненных здарэнняў? Гэта пытанне мы задалі начальніку райаддзела па надзвычайных сітуацыях Паўлу Талстому падчас гутаркі напярэдадні прафесійнага свята — Дня выратавальніка.

— Станоўчы эфект прынесла поўнамаштабная і ўсеахопліваючая прафілактычная работа, — зазначае Павел Міхайлавіч. — У 2022 годзе ў сувязі з рэзкім ростам пажараў да нас некалькі разоў прыязджалі калегі з вобласці, якія падзяліліся вопытам у правядзенні супрацьпажарных мерапрыемстваў, тлумачальных рэйдаў і сустрэч з насельніцтвам, многімі іншымі спосабамі прафілактыкі. Усё гэта было ўзята на ўзбраенне нашымі работнікамі з прымяненнем на практыцы і атрыманнем адпаведнага выніку. Калі ўспомніць масавыя мерапрыемствы ў 2023 годзе, то немагчыма назваць хаця б адно, дзе не дзейнічала б наша інтэрактыўная навучальная пляцоўка.

— Па якіх прычынах здараліся пажары на Пружаншчыне і ці былі сярод іх непераадольныя?

— Да такіх вогненных здарэнняў можна аднесці два выпадкі ўдару маланкі, што былі зарэгістраваны на тэрыторыі раёна. Быў яшчэ адзін выпадак самазапальвання саломы, збег абставін якога здзівіў нават вопытных экспертаў з-за аднаго шанца на мільён узнікнення ўзгарання ў такіх умовах. Аднак пераважная колькасць узгаранняў звязана з грубымі парушэннямі супрацьпажарных правілаў — неасцярожнае карыстанне агнём, сапсаваная электраправодка, выпальванне сухой расліннасці ці курэнне ў нецвярозым стане ў ложку. Відавочна, што многіх трагічных выпадкаў можна было б пазбегнуць пры элементарнай асцярожнасці.

— Наколькі сур’ёзная ўвага надаецца бяспецы на вытворчасці, з улікам двух «гучных» пажараў з гібеллю сельгасжывёлы ў гаспадарках раёна?

— Сапраўды, летась Пружаншчына стала адзіным у рэспубліцы рэгіёнам, дзе адбыліся адразу дзве такія трагедыі. Больш за тое, з розніцай па часе ў пару месяцаў. У першым выпадку, на Ружаншчыне, вінаваты ў пажары быў устаноўлены і прыцягнуты да крымінальнай адказнасці. У другім пакуль высвятляюцца падрабязнасці здарэння. Але побач з гэтым заклапочвае іншае: на Ружаншчыне было бачна, што работнік не адзін раз спальваў там смецце, кожны раз ствараючы пагрозу ўзгарання. І ніхто не звяртаў на гэта ўвагі, пакуль не здарылася бяда. Відавочна, што без строгага і адказнага кантролю за бяспекай не будзе, спакой можа быць парушаны ў любы момант.

Ва ўсялякім разе, узровень прафілактычнай работы зніжаць не будзем, нават больш увагі станем надаваць сацыяльным аспектам паўсядзённага жыцця нашага грамадства. У прыватнасці, летась, у тым ліку і па нашай ініцыятыве, 22 грамадзяніны былі накіраваны на прымусовае лячэнне ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі. Ніхто не аспрэчыць меркаванне, што такім чынам мы выратавалі жыццё 22 чалавекам.

— Ці хопіць сіл і сродкаў калектыву райаддзела для дасягнення больш высокіх вынікаў?

— Забеспячэнню падраздзялення выратавальнай службы штогод надаецца значная ўвага. Для павышэння баявой гатоўнасці летась мы атрымалі з рэспублікі і вобласці два спецыяльныя аўтамабілі на базе «МАЗ», абсталяваных з улікам сучасных патрабаванняў. Набыта на 95 тысяч рублёў новае аснашчэнне для падраздзяленняў, якія прымаюць удзел у ліквідацыі ДТЗ, яшчэ адна лодка з маторам для часці № 1 г. Пружаны з перадачай папярэдняй на аварыйна-выратавальны пост г.п. Ружаны. Трэба адзначыць, што некаторы цяжар фінансавання падобнага перааснашчэння мы бяром на сябе, аказваючы арганізацыям платныя паслугі.

Паралельна вырашаем і кадравыя пытанні, за мінулы год амаль поўнасцю закрылі патрэбныя вакансіі, адначасова павышаючы прафесійную кваліфікацыю і навічкоў, і стараслужачых, пастаянна праводзячы трэніроўкі ва ўмовах, набліжаных да баявых.

— Павел Міхайлавіч, з улікам набліжэння Дня выратавальніка што пажадалі б сваім калегам?

— Па-першае, больш спакойных дзяжурстваў, а па-другое — адказнага стаўлення да сваіх абавязкаў, памятаючы, што дома нас чакаюць родныя. Беражыце здароўе, мацуйце сваю гатоўнасць да любых выклікаў. А яшчэ зычу ўсім займець побач добрых і надзейных таварышаў, каб разам змагацца нават з самымі складанымі выпрабаваннямі.

Гутарыў Алег Сідарэнка

Фота Кацярыны Масік