Што ў зямлю пакладзеш, такі ўраджай і атрымаеш. Неаспрэчная ісціна, якая добра знаёмая нашым хлебаробам. Насенне павінна быць самай высокай якасці, тады і хлебная ніва парадуе буйнымі залацістымі каласамі. І хоць на вуліцы яшчэ зіма, але пасяўны матэрыял ужо цяпер патрэбна падрыхтаваць да вясенняй яравой сяўбы. Адпаведнасцю насення пасяўным кандыцыям займаюцца ў Пружанскай раённай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін. Ці гатовы раён да веснавых палявых работ, расказаў начальнік інспекцыі Ігар Гаманчук.
— Ігар Іванавіч, што трэба зрабіць з насенным матэрыялам, каб у выніку разлічваць на добры ўраджай?
— Абавязкова насенне перад сяўбой патрэбна апрацаваць адным з прэпаратаў, якія для гэтага прызначаны і ўключаны ў «Дзяржаўны рэестр сродкаў абароны раслін і ўгнаенняў, дазволеных да прымянення на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь». Пратручванне насення з’яўляецца абавязковым прыёмам ва ўмовах рэспублікі, дазваляе знізіць заражанасць насеннага матэрыялу, што прадухіляе паражэнне раслін хваробамі, што ў цэлым забяспечвае атрыманне дружных усходаў і аптымальны фітапаталагічны стан пасеваў. Неабходна пачысціць насенне ад пустазелля і іншых культур, каб атрымаць якасны кандыцыйны матэрыял. Таксама звяртаем увагу на рэпрадукцыю яго, якая павінна быць не ніжэй за другую. У структуры пасяўных плошчаў насенне высокіх рэпрадукцый (арыгінальныя і элітныя) павінна складаць не менш за 10%.
— З якімі лічбамі падыходзім да сяўбы 2024 года?
— Сельскагаспадарчымі арганізацыямі для правядзення вясенняй сяўбы засыпана, праверана і адпавядае патрабаванням Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь насення яравых збожжавых, зернебабовых і крупяных сельскагаспадарчых раслін 2516,7 тоны, з якіх ячменю — 1469 тон, аўсу — 180,5, яравога трыцікале — 189, грэчкі — 33,3, проса — 6 і зернебабовых культур — 638,9 тоны. З засыпанага насення на суперэліту і эліту даводзіцца 26,4%, першую рэпрадукцыю — 60,3%. Для правядзення абнаўлення сартавога і рэпрадукцыйнага саставу плануецца набыццё 120 тон насеннага матэрыялу эліты.
— Ці можна ў нашым раёне купіць добрае насенне?
— Канечне, у ААТ «Агра-Калядзічы», «Мурава» і «Жураўлінае» маецца для рэалізацыі насенне эліты ячменю ў колькасці 156,6 тоны, яравога трыцікале — 113,8, аўсу — 60, гароху пасяўнога — 10 тон. У РУП «Брэсцкая абласная сельскагаспадарчая даследная станцыя Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» падрыхтавана да рэалізацыі арыгінальнае насенне аўсу 8,58 тоны, элітнае насенне ячменю — 10,2, гароху пасяўнога — 25,9 і грэчкі — 8,1 тоны.
— Як сябе адчувае «царыца палёў»?
— Усё, як кажуць, пад кантролем. Сёлета для правядзення сяўбы кукурузы неабходна 540 тон насення, з якіх у наяўнасці 81,641 тоны, або 15,1% ад патрэбнасці. Астатняя колькасць насення будзе закуплена на Івацэвіцкім кукурузакалібровачным заводзе і праз біржавыя таргі.
— А траву будзем якую касіць?
— Насення шматгадовых траў ёсць у сельгаспрадпрыемствах 123,75 тоны, з якіх 80,62 тоны, або 65,1%, адпавядаюць патрабаванням Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь.
— Ігар Іванавіч, некалькі слоў пра бульбу і лён.
— Насеннага матэрыялу бульбы засыпана 1988,59 тоны, які знаходзіцца ў сховішчах. Што тычыцца ААТ «Пружанскі льнозавод», то прадпрыемства мае 429,7 тоны насення льну-даўгунцу.
— Як бачна з дыялогу, раён у асноўным забяспечаны якасным насенным матэрыялам. Застаецца пажадаць нашым хлебаробам цёплых сонечных дзянькоў, упэўненасці ў сваіх сілах і багатай аддачы ад іх нялёгкай, але такой патрэбнай працы.
Вадзім Раўнейка