
Падрыхтаваны насенны матэрыял — гэта адзін з самых важных фактараў для атрымання высокага ўраджаю. Першы этап — падрыхтоўка якаснага насення. Яго неабходна ачысціць і давесці да адпаведных пасяўных кандыцый, сфарміраваць партыі. Далей гаспадаркі падаюць у інспекцыю заяву аб правядзенні адбору проб ад партыі насення і яго аналізу. Падчас гэтай работы ўвага ўдзяляецца пасяўным якасцям насення: чысціні, усходжасці, энергіі прарастання, жыцця-здольнасці, вільготнасці, заселенасці шкоднікамі. Калі ўсе вышэйпералічаныя паказчыкі адпавядаюць патрабаванням, то выдаецца пасведчанне аб якасці насення сельскагаспадарчых раслін. Толькі пасля выдачы дадзенага дакумента матэрыял можна выкарыстоўваць для пасеву. Аб тым, што зроблена ў гэтым накірунку ў нашым раёне, пагутарылі з начальнікам раённай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін Ігарам Гаманчуком.
— Ігар Іванавіч, ці ёсць асаблівасці ў захоўванні насеннага матэрыялу?
— Канечне. Партыі насення павінны захоўвацца асобна па сартах і рэпрадукцыях. Яны павінны быць абазначаны этыкеткамі вызначанага ўзору. Склады павінны быць сухімі, чыстымі і апрацаваны ад шкоднікаў інсектыцыдамі. Раённая інспекцыя ажыццяўляе нагляд за нормамі захавання насеннага матэрыялу.
— З якімі лічбамі мы падыходзім да сяўбы-2025?
— Сельскагаспадарчымі арганізацыямі для правядзення вясенняй сяўбы засыпана, праверана і адпавядае патрабаванням Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь насення яравых збожжавых, зернебабовых і крупяных культур 2516,7 тон, з якіх ячменю — 1468,9 тон, аўсу — 180,6, яравога трыцікале — 189 тон, грэчкі — 33,3, проса — 6 тон і зернебабовых — 638,9 тон. На суперэліту і эліту даводзіцца 25,4 %, першую рэпрадукцыю — 46 %. Для правядзення абнаўлення сартавога і рэпрадукцыйнага складу плануецца набыць 180 тон насеннага матэрыялу эліты.
— Царыца палёў у сельскай гаспадарцы — гэта важны прадукт у жывёлагадоўлі. Хопіць яе насеннага матэрыялу?
— Для сёлетняй сяўбы кукурузы неабходна 540 тон насення, з якіх у наяўнасці ёсць 240,26 тон, або 44,6 % ад патрэбнасці. Насенны матэрыял таксама будзе закупляцца на Івацэвіцкім кукурузакалібровачным заводзе ТАА «Брэст-травы» і праз біржавыя таргі.
— Пагаворым, Ігар Іванавіч, крыху і пра насенне шматгадовых траў.
— Патрэбнасць у іх насенным матэрыяле складае 185 тон, з якіх 72,25 тон, або 39,1 %, адпавядае патрабаванням Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання РБ. Маецца ачышчанага насення траў 21,95 тон, на ачыстцы знаходзіцца 34,35 і плануецца закупіць 56,45 тон.
— І, канечне, бульба са льном.
— Насеннага матэрыялу бульбы засыпана 1337,12 тон. Плануецца закупка 210 тон яе элітнага насення. ААТ «Пружанскі льнозавод» запаслося 417,5 тонамі насення льну-даўгунцу, якога будзе дастаткова, каб правесці сяўбу сваімі запасамі.
— Дзякуй, Ігар Іванавіч, за размову. Няхай у нашых аграрыяў сезон складзецца на выдатна, а багаты ўраджай будзе ім платай за цяжкую, але вельмі важную для ўсіх нас работу.
Гутарыў Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік
