Практычна ўсё, як у вядомай песні, толькі там пра зіму, а ў мясцовай лазні — праблемы круглы год. Пра што і паведаміў жыхар аг. Лыскава. У яго наспела толькі адно пытанне, калі прывядуць у поўны парадак мясцовую лазню?
Як высветлілася падчас расследавання, калгасная лазня была пабудавана яшчэ ў пачатку 70-х гадоў мінулага стагоддзя. Гэта ўжо немалы адрэзак часу, каб на дадзены аб’ект звярнуць пільную ўвагу. А калі ўлічыць, што ён увесь час карыстаецца попытам, ды яшчэ і якім, то ўвагу трэба падвоіць.

Чатыры гады таму лазня належала КУВП «Камунальнік», участку ў г.п. Ружаны. Тады пад дахам знаходзіліся вялікія ёмістасці з вадой, са столі час ад часу нешта працякала, і пытанне трэба было вырашаць неадкладна. Але рамонт лазні —справа, самі разумееце, вельмі затратная, і тое, што злёгку залаталі, хутка прыйшло ў непрыдатнасць. Потым лазню перадалі на баланс ААТ «Радзіма» і пайшлі бачныя зрухі. Каб ухіліць існуючыя праблемы, залілі бетонам дах, памянялі кацёл, які зараз працуе на цвёрдым паліве, потым заладзілі сцены. У маі бягучага года зрабілі касметычны рамонт, памянялі шлангі і распыляльнікі, усё памылі, пачысцілі, але ў корані праблему гэта не вырашыла, з даху зноў цячэ вада, прычым разам з тынкоўкай.
Я разумею абурэнне мясцовых жыхароў, асабліва ў гарачую летнюю пару, ды і круглы год, калі хочацца прыйсці ў прыгожае месца, ачысціць цела і душу, атрымаць порцыю бадзёрасці і добрага настрою. Бо для многіх лазня — гэта цэлы рытуал, дзе хочацца расслабіцца і ні пра што не думаць. А тут мыешся і пазіраеш, як бы на галаву што не ўпала. Вось вам і парадокс: быццам бы і вады хапае, і парадак навялі касметычны, а воз і цяпер там.
Па вялікім рахунку, мясцовая лазня патрабуе капітальнага рамонту і сур’ёзных укладанняў. Увогуле зразумела, што практычна ў канцы года такіх сродкаў ужо ніхто не знойдзе, але закласці на будучы год пэўную суму і парадаваць дарагіх аднавяскоўцаў — гэта рэальна.
Дырэктар ААТ «Радзіма» Дзяніс Кулеша абяцаў да канца верасня ўстараніць тэрміновыя непаладкі, а ўжо з усёй сур’ёзнасцю рамонтную справу пачаць у новым годзе.
Ульяна Рысь
