
Размова пойдзе пра рэчку Баба, прыток ракі Мухавец, рэчышча якой пралягае пад мастом па вуліцы Кастрычніцкай.
Участак рэчкі, што ідзе ад гарадскога возера да Кастрычніцай, да таго зарос, што вады нават не бачна. Разумеем, што ў КУВП «Камунальнік» работы зараз хапае, але ж і стан рэчкі немалаважны для прыгажосці нашага горада. Тым больш што ў Пружанах сёлета будзе праводзіцца шэраг значных мерапрыемстваў. Адзін толькі рэспубліканскі спартыўна-культурны фестываль «Вытокі», які пройдзе напачатку чэрвеня, чаго каштуе! І шматлікім гасцям горад трэба паказаць належным чынам, каб не было такога, што твар памылі, а пяткі засталіся бруднымі.
Як пракаменціраваў заўвагу дырэктар КУВП «Камунальнік» Сяргей Бабрук, рэчышча Бабы будзе абавязкова ачышчана ад густой расліннасці. У гэтым дапамогу акажа Пружанскае ПМС.
Чакаем выніку.
Падрыхтаваў Віктар Ільюшчанка. Фота аўтара
