Развіццё фізкультуры і спорту — адзін з прыярытэтных напрамкаў дзяржаўнай палітыкі і важны складнік існавання грамадства. Менавіта па гэтай прычыне ў нашай краіне надаецца вялікая ўвага прапагандзе здаровага ладу жыцця. А вось на якім узроўні знаходзіцца спартыўная інфраструктура нашага горада, ці шмат дзяцей займаецца ў розных спартыўных секцыях і які ўзровень іх падрыхтоўкі?
Наш Прэзідэнт заўсёды надае вялікую ўвагу менавіта спорту, ды і сам з’яўляецца яркім прыкладам чалавека, які вядзе здаровы лад жыцця. Шматлікія ўдзелы ў хакейных турнірах ужо даўно замацавалі за ім вобраз здаровага кіраўніка, а некаторыя дзеці, якія прыйшлі ў спорт, рушылі ўслед за беларускім лідарам. Да гэтага прыкладу заўсёды імкнецца і немалая колькасць пружанскай моладзі. Хтосьці займаецца для таго, каб быць здаровым, а некаторыя ідуць далей і трэніруюцца ў секцыях дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ, маючы намер стаць вядомымі спартсменамі і праславіць сваю Радзіму на міжнароднай арэне.
У нашым горадзе працуюць дзве спартыўныя школы, у якіх ёсць розныя секцыі, а вось куды ісці — хлопцы і дзяўчаты вырашаюць самі… Што тычыцца СДЮШАР № 2, яна спецыялізуецца на трох відах спорту: плаванні, хакеі і фігурным катанні.
Самы папулярны з іх — спорт на вадзе, у секцыю якога ў 2024 годзе запісаны ажно 212 чалавек (у мінулым годзе такіх было 197). На другім месцы ідзе хакей, зараз тут трэніруецца 79 чалавек (у 2023 годзе — 45). Замыкае тройку фігурнае катанне, у гэтую секцыю сёлета запісана 28 чалавек. У параўнанні з двума мінулымі гадамі паказчык відавочна вырас (у 2022-м было 16, а ў 2023-м — 18 навучэнцаў). Усяго сёлета ў СДЮШАР № 2 навучаецца 319 дзяцей (у 2023-м годзе — 260). Гэты паказчык сведчыць пра тое, што малых, якія натхняюцца спортам і жадаюць звязаць сваё жыццё менавіта з ім, становіцца больш, што не можа не радаваць.
Доля навучэнцаў кожнай секцыі СДЮШАР № 2 г. Пружаны ў 2023 і 2024 годзе.
Зыходзячы з графікаў, прадстаўленых вышэй, можна зрабіць выснову, што з агульнай долі ўсіх секцый СДЮШАР № 2 у 2024 годзе адбылося павелічэнне ў дзвюх — хакеі і фігурным катанні. Гэта кажа пра павышэнне ўцягнутасці дзяцей у розныя віды спорту.
Што тычыцца вынікаў, то яны сапраўды ўражваюць, асабліва ў плаванні і фігурным катанні. Рэдка якія спаборніцтвы па гэтых відах спорту праходзяць без узнагарод і пружанскіх спартсменаў на п’едэстале. Пра высокую падрыхтоўку сведчыць і паказчык пераходу навучэнцаў у вышэйшае звяно. Так, у 2022 годзе такіх было ажно шэсць чалавек (4 — фігурнае катанне, 1 — плаванне і 1 — хакей), у 2023 годзе — два спартсмены (1 — плаванне, 1 — фігурнае катанне). Сёлета ўжо ёсць два кандыдаты на перадачу ў вышэйшае звяно. Ёсць сярод выхаванцаў школы і тыя, хто быў уключаны ў спісачны склад нацыянальных і зборных каманд Рэспублікі Беларусь па фігурным катанні і плаванні.
Колькасць наведвальнікаў спартыўных аб’ектаў, якія базіруюцца на тэрыторыі СДЮШАР № 2, толькі расце, пра гэта сведчыць статыстыка за 7 месяцаў. А гэта значыць, жадаючых весці здаровы лад жыцця становіцца больш і яны задаволены прадстаўленымі магчымасцямі. Так, за сямімесячны перыяд на масавым катанні было зафіксавана 7296 візітаў, што значна вышэй за мінулагодні паказчык — 6100. За гэты ж час стала больш наведванняў басейна — 16725 разоў (2023 год — 15127), гульні ў більярд — 1135 (2023 год — 758), трэнажорнай залы — 9680 (2023 год —9640), а таксама не падае цікавасць да настольнага тэнісу. Самым папулярным аб’ектам застаецца аквапарк, за 7 месяцаў зафіксавана 39195 наведванняў.
— Спартыўныя аб’екты карыстаюцца папулярнасцю ў шматлікіх жыхароў нашага горада і раёна. З кожным годам пляцовак для заняткаў спортам становіцца ўсё больш, што садзейнічае вядзенню здаровага ладу жыцця. Лічу, што ў нас створана годная база для развіцця розных відаў спорту, — адзначыў дырэктар СДЮШАР № 2 Аляксандр Шаманаў.
Яшчэ адной спартыўнай установай горада, дзе трэніруюцца дзеці і падлеткі, з’яўляецца ДЮСШ № 1. У секцыях па футболе, валейболе і лёгкай атлетыцы хоча займацца немалая колькасць хлопцаў і дзяўчат. Самым папулярным напрамкам з’яўляецца «каралева спорту». Сёлета ў секцыі па лёгкай атлетыцы трэніруецца 139 чалавек — крыху больш, чым летась. Далей па папулярнасці ідзе спорт нумар адзін у свеце. Футбольную секцыю наведвае 114 дзяцей. Тройку замыкае валейбол. Тут, як і летась, займаецца 51 чалавек. Паказчыкі колькасці навучэнцаў у параўнанні з мінулым годам знаходзяцца практычна на адным узроўні, што сведчыць пра трывалую цікавасць з боку падлеткаў да ўсіх гэтых відаў спорту.
Доля навучэнцаў кожнай секцыі ДЮСШ № 1 г. Пружаны ў 2023 і 2024 годзе.
Што да вынікаў — яны таксама на добрым узроўні. Прымаючы ўдзел у спаборніцтвах, навучэнцы ДЮСШ № 1 г. Пружаны займаюць ганаровыя месцы. У 2022 годзе са школы ў вышэйшае звяно перададзены шасцёра спартсменаў (4 — лёгкая атлетыка і 2 — валейбол). У 2023 годзе такіх навучэнцаў было чатыры (усе па лёгкай атлетыцы). У гэтым годзе ўжо таксама ёсць адзін такі спартсмен, які займаецца футболам. Сярод былых навучэнцаў школы — і тыя, хто быў уключаны ў спісачны склад нацыянальных і зборных каманд Рэспублікі Беларусь па футболе і лёгкай атлетыцы.
Пляцоўкі для заняткаў спортам, якія знаходзяцца на балансе школы, па-ранейшаму карыстаюцца попытам у жыхароў нашага раёна. Асабліва папулярнай з‘яўляецца трэнажорная зала, наведванні якой растуць. На гэта нават не паўплываў і той факт, што спартыўная школа ў маі была зачынена на рамонт. За 7 месяцаў 2024 года сюды прыходзілі займацца 1988 разоў (за аналагічны перыяд 2023 года — 1858 разоў). Такая ж тэндэнцыя назіраецца і ў наведванні спартыўных залаў для заняткаў валейболам — 676 візітаў (2023 год — 506) і футболам — 659 разоў (2023 год — 615). Узровень наведвання астатніх аб’ектаў калі і панізіўся, то зусім нязначна, а ключавым фактарам гэтага, безумоўна, з’яўляецца правядзенне рамонтных работ.
— У Пружанах ёсць мноства месцаў для вядзення здаровага ладу жыцця, а спартыўная падрыхтоўка нашых дзяцей і падлеткаў знаходзіцца на дастаткова высокім узроўні, што пацвярджаюць вынікі розных спаборніцтваў. З таго, што хацелася б дабавіць у інфраструктуру горада, — гэта бегавыя дарожкі са спецыяльным пакрыццём, якія, магчыма, з’явяцца на стадыёне. А ўвогуле, у нашым горадзе зроблена многае для таго, каб займацца спортам на аматарскім і прафесійным узроўнях, —падкрэсліла дырэктар ДЮСШ № 1 Анастасія Пузанава.
Калі ж дзіця хоча займацца пэўным відам спорту, секцыя якога працуе ў нашым горадзе, то яно можа запісацца на фігурнае катанне з пяці гадоў, хакей і футбол — з шасці, а вось на плаванне, лёгкую атлетыку і валейбол — з сямі гадоў.
Руслан Басак
Фота з рэдакцыйнага архіва