Понедельник, 9 декабря 2024

Ці былі сёлета падтапленні на Пружаншчыне і як кантралююць сітуацыю

412

Пачатак бягучага года нечакана выдаўся надзвычай мокры. Паводле інфармацыі метэаролагаў, у студзені на Пружаншчыне выпала ажно дзве месячныя нормы ападкаў у выглядзе дажджоў і снегу. Пры гэтым за другую студзеньскую дэкаду сярэдні нарматыў быў перавышаны ажно ў чатыры разы. Згодна з архіўнай статыстыкай, апошні раз нешта падобнае ў нашым рэгіёне адбылося 20 гадоў таму. У выніку, як паведамляе намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Гук, які ўзначальвае раённую камісію па надзвычайных сітуацыях, пагоршылася паводкавая сітуацыя, пачалі паступаць звароты па дапамогу ў сувязі з падтапленнем прыватных сядзіб.

Сітуацыю нельга назваць крытычнай дзякуючы таму, што ў асноўным атмасферныя ападкі былі ў выглядзе дажджу, таму вада хутка сыходзіла, — тлумачыць Сяргей Міхайлавіч. — Але адказныя службы, у тым ліку і райаддзел па надзвычайных сітуацыях, зараз узмацнілі маніторынг за ўразлівымі рэгіёнамі. У прыватнасці, асаблівая ўвага скіравана на Ружаншчыну, дзе ў непасрэднай блізкасці адзін ад аднаго знаходзяцца даволі вялікія вадаёмы — каля Зіновічаў, Магілёўцаў і возера Паперня. Пры росце ўзроўню вады яны могуць злучацца, руйнуючы дамбы і дарогі, што і здаралася гадоў 30 таму.

Але па стане на сярэдзіну лютага ніякіх крытычных праяў не было заўважана, рост узроўню вады не перавышае сярэдніх паказчыкаў, што пацвярджаюць рэгулярныя абследаванні работнікамі МНС. Больш таго, сёння ёсць магчымасць больш аператыўна рэагаваць на пагаршэнне сітуацыі з дапамогай міні-ГЭС на Паперні, праз якую можна скідваць у раку лішкі вады.

І ўсё ж мокры студзень праблемы стварыў. Датычацца яны прыватных сядзіб, асабліва ў раёне в. Плябанцы, адкуль прыйшло некалькі зваротаў па дапамогу. На некаторых участках глыбокія лужыны сталі размываць пад’язныя шляхі, стваралі перашкоду для руху.

— На аператыўнай нарадзе з улікам тэхнічных дадзеных было распрацавана рашэнне, якое прадугледжвае адпаведныя меры, — кажа Сяргей Гук. — Меліяратары з ПМС пашырылі змяшчальнасць вадаёма, які знаходзіцца на землях ААТ «Пружанскае», што прымыкае да праблемнай зоны, да таго ж з ёй была злучана сажалка, у якую збіраецца вада з бліжэйшых агародаў. Дзякуючы чаму праблема была лакалізавана, чакаецца, што хутка гідраўлічны рэжым палепшыцца.

Былі і іншыя трывожныя тэлефанаванні, якія мелі строга вызначаны ачаговы характар. Падобныя звароты паступалі з некаторых вуліц райцэнтра, з вёскі Аранчыцы, аграгарадка Лінова. На месцы спецыялісты высветлілі, што сітуацыя мае не столькі прыродны характар, колькі звязана з пралікамі падчас узвядзення жылля, якое будавалася ў нізіне без адпаведных перасцярог. Пацярпелым гаспадарам, каб пазбегнуць паўтарэння падобных здарэнняў, рэкамендавана падсыпаць свой падворак і агароды, каб прыўзняць узровень. Гэта паскорыць сыход вады ў бліжэйшыя меліярацыйныя каналы.

Назіранне ўстаноўлена і за праблемнымі рэчкамі, якія праходзяць праз Пружаны, і ў пушчанскай зоне нашага раёна. Своечасовыя мерапрыемствы былі праведзены камунальнай службай горада і пружанскімі меліяратарамі, дзякуючы чаму зараз сітуацыю там нельга назваць не тое, што крытычнай, а нават вострай.

Не менш праблем стварылі ападкі і сельскагаспадарчым прадпрыемствам, асабліва ў пойме ракі Ясельды, дзе ствараліся лакальныя падтапленні зямельных плошчаў, адведзеных пад азімыя культуры. Аднак і тут назіраюцца толькі часовыя ўскладненні, якія рэгулююцца меліярацыйнай сеткай са шлюзамі і помпавымі станцыямі. Пастаўлена задача забяспечыць своечасовы выхад тэхнікі ў палі.

Між тым, паўстагоддзя таму паводкі былі хутчэй традыцыяй, але дзякуючы ім не адбывалася іншых прыродных праблем — засушлівых перыядаў, якія ў цяперашні час сталі пастаяннымі. Недахоп ападкаў зімой і вясной часта прыводзіць да паніжэння ўзроўню грунтовых вод, знікнення вады ў калодзежах. Гэта кепска адбіваецца на ўраджайнасці сельгаскультур, а таксама стварае значную пагрозу для лясных насаджэнняў. Магчыма, бягучы сезон пройдзе пры больш спрыяльных умовах, што ўжо можна назіраць па павышэнні «люстэрка вады» ў калодзежах.

Алег Сідарэнка. Фота ілюстрацыйнага характару Кацярыны Масік