Воскресенье, 12 января 2025

Ці бяспечны гандаль ураджаем? Журналіст разам з супрацоўнікамі цэнтра гігіены адправілася ў рэйд па месцах дазволенага і неўстаноўленага гандлю

748

Менавіта на лета прыпадае пік гандлю агароднінай і садавіной, вырашчанымі на ўласных падворках, а таксама грыбамі і ягадамі, сабранымі ў лесе. Каб прадухіліць гандлёвую дзейнасць ва неўстаноўленых для гэтага месцах, спецыялісты Пружанскага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, падатковай інспекцыі і аддзела эканомікі Пружанскага райвыканкама правялі прафілактычны рэйд па горадзе.

Месца гандлю па вул. 8 Сакавіка.

Ажыццяўляцца такі гандаль павінен на тэрыторыях рынкаў. Акрамя таго, некалькі гадоў таму дадаткова па просьбе насельніцтва былі ўладкаваны бясплатныя месцы гандлю для фізічных асоб па вул. 8 Сакавіка і па вул. Будаўнічай. Гэтыя пляцоўкі абсталяваны сталамі і лаўкамі пад навесам. Тут, дарэчы, амаль заўсёды ёсць пустыя месцы. Спецыялісты нагадалі: галоўнае — рабіць усё ў адпаведнасці з заканадаўствам, тады будзе парадак.

Месца гандлю па вул. Будаўнічай.

Як паказаў рэйд, у нашым горадзе нямала ахвочых прадаць уласна вырашчаныя агародніну і садавіну ці сабраныя ў лесе дары. Рэалізацыя такой прадукцыі ва неўстаноўленых месцах і без адпаведных дакументаў можа стаць нагодай для накладання штрафу ў памеры да трох базавых велічынь (у адпаведнасці з часткай 6 артыкула 13.11 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях). Але падчас рэйду гэтая мера не прымянялася: спецыялісты правялі тлумачальную работу, уручылі інфармацыйныя памяткі.

Падчас рэйду.

Таксама раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі нагадвае насельніцтву, што прадукцыя, якая рэалізуецца без дакументаў і, тым больш, у непрыстасаваных для гэтага месцах, можа стаць фактарам перадачы розных інфекцыйных захворванняў, выклікаць вірусныя інфекцыі, атручванні і батулізм.

Клапаціцеся пра сваю бяспеку!


Жыхары навакольных дамоў ужо даўно мараць пра ўладкаванне месца для продажу ў раёне дамоў № 4 і № 6 па вул. Вашкевіча. Пра гэта падчас рэйду расказалі нам жанчыны, якія вынеслі да гэтых дамоў на продаж садавіну са сваіх участкаў.

У гэтым месцы на вул .Вашкевіча часта можна сустрэць жанчын, якія гандлююць ураджаем.

Аргументы даволі простыя: у асноўным, прадаўцы — гэта людзі сталага ўзросту, на Будаўнічую ім ісці далёка. А тут тэрыторыі дастаткова, каб уладкаваць сваё месца для гандлю. Тым больш, што ўчастак гэты дастаткова ажыўлены, людзі ідуць у бальніцу і назад з боку вул. Чырвонаармейскай і Юбілейнай. Ды і жыхарам мікрараёна зручна і выгадна купіць свежую прадукцыю з агарода. І самы галоўны аргумент: такі продаж — гэта няхай і маленькі, але прыемны дадатак да пенсіі. А яшчэ, кажуць пенсіянеркі, для іх гэта цудоўная магчымасць зносін з людзьмі.

Падрыхтавала Вольга Вадзяновіч. Фота аўтара