Традыцыйна напачатку кожнага года падводзяцца вынікі эканамічнага развіцця нашага раёна за год мінулы. Робіцца гэта для таго, каб мець выразныя дадзеныя, зыходзячы з якіх складаюцца наступныя планы. Падчас чарговай сесіі раённага Савета дэпутатаў аб праведзенай аналітычнай рабоце дэпутацкаму корпусу дакладвала намеснік старшыні райвыканкама Святлана Ханавец.
Па некаторых накірунках, якія найбольш цікавяць нашых чытачоў, мы атрымалі ад Святланы Мікалаеўны больш падрабязныя тлумачэнні.
— Святлана Мікалаеўна, мінулы год пачаўся з рэзкага росту цэн на некаторыя тавары, што падштурхнула адпаведныя тэндэнцыі па іншых накірунках. Ці не прывяло гэта ў выніку да правалу намечанага ў 2021 годзе?
— Эканоміка нашага рэгіёна, якая непарыўна звязана з рэспубліканскай, з’яўляецца даволі трывалай дзякуючы таму падмурку, які атрымала ў папярэднія гады. У выніку справаздачы не паказваюць ніякіх трагічных змен. Напрыклад, па выніках работы за 2021 год выканана дзевяць прагнозных паказчыкаў, пры гэтым тры з іх вельмі важныя ў плане сацыяльна-эканамічнага развіцця Пружанскага раёна:
— рост заработнай платы склаў 111,5% пры прагнозе 107,5%;
— інвестыцыі ў асноўны капітал — 105,6% замест запланаваных 102%;
— сукупныя паступленні прыбыткаў у бюджэт — 112,3%, а меркавалася 108,2%.
Забяспечана выкананне шасці паказчыкаў, якія аказваюць найбольшы ўплыў на фармаванне валавога рэгіянальнага прадукту Брэсцкай вобласці і іншых заданняў:
— індэкс фізічнага аб’ёму прамысловай вытворчасці — 111,2% (102,2%);
— тэмп росту экспарту тавараў без уліку арганізацый рэспубліканскага падначалення — 110,8% (102,5%);
— тэмп росту рознічнага тавараабароту — 101,9% (101%);
— тэмп росту будаўніча-мантажных работ — 112,7% (102%).
Паказчык па энергазберажэнні за 2021 год склаў -5,5% пры заданні -5%. Таксама за год уведзена ў эксплуатацыю 11,695 тысяч квадратных метраў жылой плошчы замест запланаваных 11,3 тысячы.
Стабільнасць назіраецца ў раённай прамысловасці, дзе аб’ём вытворчасці прадукцыі ў фактычных адпускных цэнах (уключаючы кошт давальніцкай сыравіны) за 2021 год склаў амаль 254 мільёны рублёў пры тэмпе росту 107,7%. У разрэзе выпускаемых вырабаў ёсць і інавацыйныя — 8,4% або на 21,1 млн. рублёў.
Больш завозім ці прадаём?
— У святле апошніх падзей пацвярджаюцца словы нашага Прэзідэнта адносна нарошчвання імпартнай бяспекі. Наколькі прамысловасць раёна залежыць ад знешніх паставак? Як на гэтым фоне выглядаюць экспартныя паказчыкі?
— З аднаго боку, нам ёсць, чым пахваліцца. Вось толькі прысутнічае трывога, ці ўтрымаемся мы на тых жа пазіцыях сёлета. У 2021 годзе экспарт тавараў у цэлым па раёне ідзе са знакам «плюс», склалася дадатнае сальда ў параўнанні з імпартам. Асноўным экспартным партнёрам па-ранейшаму застаецца Расійская Федэрацыя, на рынак якой пастаўлена дзве трэці тавараў. Увогуле прадукцыя прадпрыемстваў раёна летась экспартавалася ў 27 краін свету.
Хацелася б такую планку трымаць і далей, на 2022 год тэмп росту экспарту тавараў па раёне таксама запланаваны на павелічэнне. Аднак па цяперашняй знешнеэканамічнай сітуацыі відавочна, што задача вельмі напружаная. Трэба працаваць над дыверсіфікацыяй экспарту як у геаграфічным (развіваць прысутнасць на іншых рынках нараўне з прысутнасцю на расійскім), так і ў асартыментным (пашыраць спіс пастаўляемай прадукцыі) планах.
— Чым жыве мясцовая прыватная ініцыятыва, які ўклад робіць малы і сярэдні бізнес у эканамічнае развіццё Пружаншчыны?
— На пачатак бягучага года на ўліку стаяць 966 суб’ектаў малога і сярэдняга бізнесу — 791 індывідуальны прадпрымальнік і 175 арганізацый. За мінулы год было зарэгістравана новых 107 індывідуальных прадпрымальнікаў і пяць юрыдычных асоб, пры тым, што з рэестра за той жа перыяд было выключана 90 ІП і 16 юрыдычных асоб.
Колькасны рост цягне і павелічэнне якасных паказчыкаў. Гэта і стварэнне новых працоўных месцаў, і павелічэнне адлічэнняў у бюджэт, і пашырэнне магчымасцей як у рознічным гандлі, так і сэрвісным абслугоўванні.
Прыемна, што працуюць у нас і вытворчыя арганізацыі прыватнай формы ўласнасці, тым самым пашыраючы асартымент з маркай «Зроблена ў Пружанах».
Ад кадраў залежаць перспектывы
— Эксперты адзначаюць бягучыя складанасці ў кадравым забеспячэнні рэальнага прамысловага сектара. Як у нас ідуць справы з занятасцю насельніцтва? Ці не перавышае ўзровень беспрацоўя колькасць прапаноў з вакансіямі?
— Характэрнай для Пружанскага раёна з’яўляецца тэндэнцыя ўрбанізацыі з ростам гарадскога насельніцтва. На 1 студзеня 2022 года колькасць працаздольнага насельніцтва ў райцэнтры і гарадскіх пасёлках склала 12589 чалавек, а ў сельскай мясцовасці — 10250 чалавек. Пры гэтым у гарадской мясцовасці мала вакансій, яны ў асноўным прапануюцца ў вёсцы. Так атрымалася з-за трывалага трэнду канца 90-х гадоў мінулага стагоддзя, калі ў сельскай мясцовасці назіраліся праблемы з заробкамі і жыллём. Сёння адваротная карціна: у вёсцы можна зарабіць больш і жыллё купіць-пабудаваць-атрымаць намнога лягчэй. Нават падвоз на працу арганізуюць аграпрадпрыемствы. Так, ёсць людзі, якія займелі прафесію, што не падыходзіць для сяла, але ж гэта адзінкавыя факты. Ды і яны могуць перакваліфікавацца ў садавода або жывёлавода, а не сядзець дома, спадзеючыся на дапамогу сваякоў.
Калі карыстацца статыстыкай, то захоўваецца тэндэнцыя да зніжэння колькасці афіцыйна зарэгістраваных беспрацоўных: на пачатак сакавіка – 25 чалавек. Узровень беспрацоўя склаў 0,2% да колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва. Пры гэтым прадпрыемствамі і арганізацыямі на пачатак сакавіка заяўлена 391 вакансія. І зноў жа пераважная большасць — у сельскай гаспадарцы.
Паралельна выконваюцца мерапрыемствы па змяненні накірунку міграцыі з адмоўнага на станоўчы бок. Напрыклад, падтрымліваецца рост сярэднемесячнай заработнай платы, якая за 2021 год па раёне склала больш за 1130 рублёў, а за мінулагодні снежань — 1287 рублёў пры тэмпе росту 113,5%. У выніку сярод 19 раёнаў і гарадоў вобласці Пружаншчына займае 9 месца па гэтым паказчыку. Аднак не лічу вартым спыніцца на дасягнутым, скарыстаюся магчымасцю звярнуцца да кіраўнікоў арганізацый. Прааналізуйце заработную плату па катэгорыях работнікаў, разгледзьце метады стымулявання кожнага пэўнага спецыяліста з улікам сітуацыі на рынку працы. Кадры трэба берагчы.
— Святлана Мікалаеўна, якія эканамічныя перспектывы Вы бачыце ў бягучым годзе?
— Планы звярстаны, і іх неабходна рэалізоўваць, нягледзячы на цяжкасці. Да прыкладу, у бягучым годзе неабходна забяспечыць рост фізічнага аб’ёму прамысловай вытворчасці на 1%. З улікам спынення дзейнасці «Данон Пружаны» план напружаны.
Удзельная вага адгружанай інавацыйнай прадукцыі ў агульным аб’ёме павінна скласці не менш за 8,7%. У дадатак мы павінны захаваць стабільнае павелічэнне заработнай платы, сукупных паступленняў прыбыткаў у бюджэт, інвестыцый у асноўны капітал, валавай прадукцыі сельскай гаспадаркі і па шэрагу іншых важкіх эканамічных паказчыках.
Усімі прадпрыемствамі распрацаваны бізнес-планы развіцця на бягучы год. Вызначаны асноўныя накірункі дзейнасці. Першы квартал пакуль праходзіць у запланаваных межах. Аднак час уносіць свае карэктывы. Узнікаюць праблемы як у набыцці імпартнай сыравіны і камплектуючых, так і ў пастаўцы прадукцыі на еўрапейскі і ўкраінскі рынкі. Усё гэта неабходна ўлічваць і імкнуцца па магчымасці абыходзіць. Патэнцыял ёсць і спадзяюся, што ён будзе разумна выкарыстаны.
Гутарыў Алег Сідарэнка