Пятница, 14 февраля 2025

Ці адмяняе прышчэпка нашэнне маскі? Тлумачыць загадчыца паліклінікі В.П. Барысюк

1 457

Чытач газеты пацікавіўся: «Знаходзячыся ў грамадскім месцы, зрабіў чалавеку заўвагу, што ён без маскі і, да таго ж, грэбуе сацыяльным дыстанцыраваннем. У адказ пачуў, што той прышчэплены, а значыць, нібыта не ўяўляе пагрозы для навакольных. Атрымліваецца, вакцынаваныя маюць права скінуць маскі?»

Мы звярнуліся па каментарый у Пружанскую ЦРБ і пачулі, што пасля прышчэпкі не патрабуецца выконваць толькі самаізаляцыю.
А вось што тычыцца нашэння масак, вытрымлівання сацыяльнага дыстанцыравання і выканання правілаў асабістай гігіены, медыкі катэгарычны: гэтым грэбаваць нельга нікому, незалежна ад наяўнасці прышчэпкі.

— Прышчэпка — гэта ўсё-такі не панацэя: нават вакцынаваны чалавек можа атрымаць дозу віруса і сам пра гэта не ведаць, — гаворыць загадчыца раённай паліклінікі Вольга Барысюк. — Справа ў тым, што, паводле існуючых даных, прышчэпленыя, калі ўсё ж заражаюцца каранавірусам, часцей за ўсё, хварэюць бессімптомна, але тым не менш становяцца вірусаносьбітамі. Прасцей кажучы, для навакольных яны могуць стаць скрытай крыніцай інфекцыі. А маска дазваляе мінімізаваць рызыку распаўсюджання інфекцыі.

Дарэчы, нагадваем, што пры нашэнні масці важна, каб яна была апранута правільна. Маска павінна шчыльна прылягаць да твару, закрываючы і нос, і рот. Яе трэба рэгулярна мяняць.

Як зазначыла Вольга Паўлаўна, зняцце існуючых абмежавальных мер у Беларусі плануецца тады, калі працэнт прышчэпленага насельніцтва дасягне 60-70% ад агульнай яго колькасці.

***

Нагадваем, што на сённяшні дзень у Пружанскай ЦРБ ёсць дастатковая колькасць вакцыны, каб задаволіць патрэбы жадаючых абараніць сябе ад каранавіруснай інфекцыі. Для іх нават выдзелены асобны прыём урача.

Падрыхтавала Марына Вакульская