На мінулым тыдні прайшло чарговае пасяджэнне савета па дэмаграфічнай бяспецы.
Праблемай скарачэння колькасці жыхароў на сваіх тэрыторыях, асабліва карэннага насельніцтва, занепакоены ва ўсім свеце. Не выключэннем стала і наша краіна. Як зберагчы свой генафонд, ды і не толькі яго, як зрабіць так, каб пазбегнуць смерці людзей ад знешніх прычын, захворванняў, аб гэтым і адбылася размова падчас работы камісіі.
Старшыня камісіі, намеснік старшыні Пружанскага райвыканкама Руслан Супрыновіч адзначыў, што ў параўнанні з мінулым годам колькасць смерцяў значна ўзрасла. Асноўная прычына гэтаму пандэмія каранавіруснай інфекцыі. Паўплываць на замаруджванне, ды нават і прыпыненне смяротнасці ад інфекцыі могуць толькі прышчэпкі. Ні для каго не сакрэт, што тыя, хто прышчапіўся, намнога лягчэй пераносяць хваробу, чым той, хто гэтага не зрабіў. І пакуль не ахопім вакцынацыяй не менш за 75 працэнтаў насельніцтва, распаўсюджванне інфекцыі спыніць не зможам.
Немалаважным фактарам змяншэння смяротнасці насельніцтва, па словах Руслана Васільевіча, з’яўляецца барацьба з п’янствам і алкагалізмам. На яе накіравана цэлая праграма “Пружаны – здаровы горад”. На жаль, у барацьбе са згубнай звычкай мы пакуль прайграем. Мала таго, што п’яніцы і алкаголікі памяншаюць уласны тэрмін жыцця, дык яны яшчэ «спрыяюць» гэтаму і ў сваім акружэнні. У нас павялічылася колькасць злачынстваў, якія былі ўчынены ў стане алкагольнагая ап’янення. Большасць такіх адбылося ў сельскай мясцовасці. Таму праграма пашыраецца і распаўсюджваецца на ўвесь раён. Пра гэта таксама гаварыла і галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Пружанскага раёна Кацярына Папко.
Як зазначыў Руслан Супрыновіч, праблему нашага грамадства, калі ў стане алкагольнага ап‘янення гінуць людзі на пажарах і ў ДТЗ або забіваюць у такім стане іншых, трэба рашаць усім разам. Нават так званыя “ціхія” выпівакі не менш небяспечныя, чым буйныя. Іх трэба выяўляць і далучацца да гэтага павінны тыя, хто жыве побач, родныя і блізкія. Нельга быць абыякавымі.
Робяць станоўчы ўплыў на прафілактыку п’янства і алкагалізму так званыя «дні цвярозасці». Праўда, супраць гэтага выступаюць гандлёвыя арганізацыі, маўляў, губляюць у такія дні прыбытак. Аднак, нам трэба прымяняць усе магчымыя меры прафілактыкі.
Як канстатаваў загадчык арганізацыйна-метадычнага аддзела ЦРБ, сакратар райсавета па дэмаграфічнай бяспецы Юрый Карповіч, па статыстыцы за 9 месяцаў гэтага года ў сярэднім на душу насельніцтва жыхары раёна спажылі 8,3 літра абсалютнага спірту, пры тым, што ў 2020 годзе – 5,6 літра. Як бачыце, спажыванне алкаголю значна павялічылася. Гэта павінна насцярожваць усіх і кожнага.
Не менш страчваем насельніцтва з-за захворванняў сістэм крывазвароту. Пра гэта гаварыла ўрач-кардыёлаг цэнтральнай райбальніцы Інэса Косак. Прафілактыка, ранняе выяўленне сасудзістых і сардэчных хвароб, а значыць, абавязковае праходжанне дыспансерызацыі – усё гэта можа карэнным чынам зменшыць колькасць смерцяў.
Пра асноўныя накірункі дзейнасці органаў і ўстаноў па прафілактыцы ВІЧ-інфекцыі расказвала ўрач-эпідэміёлаг Пружанскага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Анастасія Браніцкая.
Пра мерапрыемствы, якія праводзіць КУВП “Камунальнік” па абслугоўванні і эксплуатацыі дзіцячага гульнёвага абсталявання на тэрыторыі, замацаванай за прадпрыемствам расказваў яго дырэктар Сяргей Бабрук.
Раённы педыятр Ірына Каўганка паведаміла пра дзейнасць установы аховы здароўя “Пружанская цэнтральная раённая бальніца” па прафілактыцы дзіцячага траўматызму.
Пытанні разгледжаны, прапановы ўнесены ў пратакол. Засталося арганізаваць сваю работу так, каб пастарацца мінімізаваць пагаршэнне дэмаграфічнай сітуацыі ў нашым раёне.
Віктар Ільюшчанка