
У рэдакцыю нашай газеты паступіў званок ад жыхаркі вёскі Дабучын. У жанчыны адразу было некалькі скарг, сярод якіх дрэнны стан дарогі па вуліцы Цэнтральнай і скарга на заараную дарогу, якая вядзе да могілак. Таксама грамадзянка была незадаволена тым, што на могілках пасля правядзення работ па выдаленні драўнінна-хмызняковай расліннасці ніхто так і не прыбраў спілаваную драўніну за межы дадзенай тэрыторыі. Мы вырашылі пагутарыць з усімі адказнымі асобамі па кожным напрамку і выслухаць іх пункт гледжання.
Першы, з кім мы звязаліся, быў дырэктар Пружанскага ДРБУ №140 Аляксандр Субота, які расказаў, што сам выязджаў зусім нядаўна для агляду дарогі па вуліцы Цэнтральнай, было прынята рашэнне аб правядзенні работ па прафіліроўцы, якія намечаны на бліжэйшы час. У далейшым пры неабходнасці будуць праводзіцца мерапрыемствы па падсыпцы.
Па пытанні зааранай дарогі на пад’ездзе да могілак мы звярнуліся да дырэктара ААТ «Агра-Калядзічы» Сяргея Суботы, які сцвярджальна сказаў, што праблем з дарогай, якая вядзе да могілак няма. Дарога знаходзіцца ў здавальняючым стане і па ёй адначасова могуць праехаць два сустрэчныя аўтамабілі. Таксама Сяргеем Сяргеевічам было адзначана, што, нават калі дадзеная дарога прыйдзе ў непрыдатны стан, людзі ўсё роўна змогуць патрапіць на могілкі, бо ёсць яшчэ адна.
А вось з пытаннем наконт непрыбранай з могілак драўнінна-хмызняковай расліннасці мы звярнуліся ў КУВП «Камунальнік», якое з’яўляецца адказным за дадзеную тэрыторыю. Тлумачэнне па гэтым пытанні даў намеснік дырэктара па ідэалагічнай і інфармацыйнай рабоце Аляксандр Кандрацюк, які адзначыў, што дзеянні ў гэтым напрамку ўжо вядуцца. Справа ў тым, што работа прадпрыемства шматфункцыянальная, таму ўсе сілы кінуць на адзін аб’ект немагчыма, аднак людзі задзейнічаны на гэтым напрамку работы. Яшчэ адной складаючай зацягнутага вырашэння пытання з’яўляецца тое, што да спілаваных дрэў не можа пад’ехаць тэхніка, таму ўсе работы даводзіцца рабіць уручную. А дыяметр некаторых ствалоў дасягае амаль аднаго метра, што гаворыць аб іх буйных памерах. Таму дрэвы даводзіцца распілоўваць на калодкі даўжынёй не больш за 30-40 сантыметраў. Аляксандр Мікалаевіч гарантаваў, што да Вялікадня ўсё будзе ўбрана.
Праблемы ёсць, але ўсе яны вырашальныя. Рэдакцыя нашай газеты працягвае сачыць за сітуацыяй.
Руслан Басак