У вясенняй пасяўной кампаніі 2024 года ў рэспубліцы плануецца ўдзел больш за 120 тыс. адзінак сельскагаспадарчай тэхнікі: трактароў, самаходных машын і абсталявання.
Згодна з Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 28 снежня 2023 года № 954, гаспадаркам краіны да 25 сакавіка бягучага года патрэбна прыняць меры па забеспячэнні гатоўнасці не менш за 95 % сельскагаспадарчай тэхнікі для правядзення вясенніх работ. Таксама ў дакуменце звяртаецца ўвага на набыццё, назапашванне і ўнясенне мінеральных угнаенняў, мікраўгнаенняў, вапнавых матэрыялаў. Што да сродкаў абароны раслін, то для Брэсцкай вобласці гэтая лічба складае 2,67 тыс. тон. І, канечне, гаруча-змазачныя матэрыялы: для правядзення вясенняй сяўбы плануецца выкарыстаць 183 тыс. тон дызпаліва, 14,5 тыс. тон бензіну і 7,7 тыс. тон маторных масел і змазак.
Гэта ўсё лічбы, за якімі — праца людзей, што робяць заклад на шчодры ўраджай сёлетняга года. Узяць, напрыклад, падрыхтоўку тэхнікі. Не проста балты і гайкі трэба папрыкручваць, а зрабіць работу якасна, з разуменнем таго, што падчас сяўбы прастой кожнай адзінкі тэхнікі ўплывае на тэрміны правядзення веснавых работ.
Разумеюць, што сяўба павінна праводзіцца ў агранамічных рамках і на сумленне, і ў ААТ «Ружаны-Агра». Таму хоць сёння могуць прыступіць да важнага этапу ў жыцці кожнага сельгаставарыства. Як у піянераў: «Будзь гатовы!» — «Заўсёды гатовы!». Гэта радуе, бо адразу бачна, што ў гаспадарцы правільна наладжана работа, калі няма свайго, а ёсць наша. Наша зямля, наша сельгаставарыста, нашы людзі.
Па словах галоўнага інжынера ААТ «Ружаны-Агра» Святаслава Роўгача, згодна з графікам прычапны інвентар быў адрамантаваны да 1 снежня мінулага года, да пачатку 2024-га на 100 % прывялі ў парадак пасяўныя агрэгаты. Дарэчы, апошнюю тэхніку, якая падчас «гасцявання» карэспандэнтаў «раёнкі» ў гаспадарцы пасля рамонту і абслугоўвання была прыгожа выстаўлена ў машынна-трактарным парку аддзялення «Ружанскае», Святаслаў Андрэевіч называе багаццем таварыства. Чаму? Бо веснавая сяўба — гэта ў наступным залацістае зерне, якое атаясамлівае сабой трываласць сельгаставарыства, яго прыбытак. Машыны для ўнясення арганічных угнаенняў гатовы выйсці на палеткі. І тэхнічнага агляду ў ААТ «Ружаны-Агра», які праходзіць сёння, 7 лютага, і зблізку не баяцца: усё ўкамплектавана і пафарбавана.
Што з запчасткамі? Загадзя патурбаваліся іх заказаць, таму асаблівых праблем не было. Праўда, недарэчныя санкцыі Захаду супраць нашай краіны паўплывалі на тое, што запасныя часткі на трактары еўрапейскай вытворчасці спыніліся на мытні. Але ў гаспадарцы спадзяюцца, што гэтую праблему ў хуткім часе ўдасца вырашыць. Ад сябе дададзім: палітыкі Заходняй Еўропы сваімі бязглуздымі забаронамі пасягаюць на самае галоўнае — мірную стваральную працу беларусаў. Няхай гэта будзе на іх сумленні!
Не забываюць у ААТ «Ружаны-Агра» і пра абнаўленне аўтапарка. Часам лепш патраціцца на новае, чым амаль кожны дзень рамантаваць старое. Вось на мінулым тыдні набылі збожжаўборачны камбайн КЗС-12 «Палессе GS 12». Калі пасеяць ёсць чым, то трэба загадзя дбаць і пра ўборку. У планах пакупка двух энерганасычаных «Беларусаў 3522». Калі штосьці плануеш, гэта азначае адно — жыццё працягваецца, будзем жыць і працаваць у сваё задавальненне.
Канечне, мы мэтанакіравана наведалі толькі адну гаспадарку раёна, але ўпэўнены, што і ў астатніх работа па падрыхтоўцы тэхнікі да веснавой сяўбы будзе закончана ў вызначаныя тэрміны. І ў хуткім часе будзем пісаць ужо пра закладку зярнятак у зямлю, а там — і пра чарговую ўборку. А што можа быць прыемней, чым добрым словам апісваць адвечную працу сельскіх працаўнікоў!
Вадзім Раўнейка
Фота Алега Сідарэнкі