Среда, 15 января 2025

Ці ўсё ў парадку ў «Радзіме»? Намеснік пракурора вобласці Аляксандр Тачко прыбыў у таварыства з праверкай

623

На мінулым тыдні намеснік пракурора Брэсцкай вобласці Аляксандр Тачко наведаў жывёлагадочыя аб’екты ААТ «Радзіма», дзе правёў дасканалую праверку фактаў невытворчага выбыцця буйной рагатай жывёлы, іх прычын і вядзення ўліку.

Разам з Аляксандрам Тачко ўдзел у праверцы прынялі намеснік пракурора Пружанскага раёна Ірына Жыгалка, намеснік начальніка аддзела па наглядзе за выкананнем заканадаўства і законнасці прававых актаў пракуратуры Брэсцкай вобласці Аляксандр Хоміч, першы намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Таццяна Вярэха, спецыялісты па жывёлагадоўлі. Разам з дырэктарам ААТ «Радзіма» Паўлам Дарафеем мы наведалі два жывёлагадоўчыя комплексы таварыства.

Адзначу, што супрацоўнікі абласной пракуратуры не ставілі перад сабой мэту абавязкова знайсці крымінал, каб пасля пакараць. Задача стаяла — разабрацца ў прычынах невытворчага выбыцця жывёлы і абставінах, якія гэтаму пасадзейнічалі. Таму дасканала вывучалі работу зааветэрынарнай службы сельсгаспрадпрыемства, правільнасць уліку ветпрэпаратаў, тэрмінаў іх спажывання, умовы захоўвання і іншае. Падчас нашага візіту галоўнага ветурача гаспадаркі не было, таму сапраўдны экзамен прыйшлося вытрымаць маладым ветфельчарам таварыства. Не ўсё яны ведалі, асабліва па дакументазвароце, але парадак у ветпунктах быў належным, лекі, сыроватка захоўваліся правільна, не выявілі ніводнага пратэрмінаванага прэпарата.

Не абмінулі ўвагай пляцоўку па тэрміновым забоі жывёл, крэматорый па спальванні загінулых ад хвароб.

Вынікі падводзілі і знаёміліся з бухгалтарскай дакументацыяй уліку жывёл, ветпрэпаратаў у офісе ААТ «Радзіма». Былі выяўлены некаторыя парушэнні ў складанні дакументаў на выбыўшую жывёлу.

Напрыканцы пракурорскай праверкі я папрасіў Аляксандра Тачко пракаментаваць яе вынікі. Вось што расказаў Аляксандр Ціханавіч:

— Праверка выканання заканадаўства, накіраванага на прафілактыку паморку буйной рагатай жывёлы, па даручэнні Кіраўніка дзяржавы працягваецца ў сельгаставарыствах вобласці. Работа праводзіцца пры ўзаемадзеянні з органамі Камітэта дзяржкантролю, унутраных спраў, мясцовай улады. Па выніках праведзеных праверак пракурорамі вобласці прыняты меры па пакрыцці матэрыяльнага ўрону каля 70 тысяч рублёў, больш за 200 службовых асоб прыцягнута да дысціплінарнай адказнасці.

На жаль, выяўляюцца факты ўтойвання паморку буйной рагатай жывёлы. Так, пракурорамі было ўзбуджана 38 крымінальных спраў па вышэйазначаных парушэннях. Але адзначу, што ў цэлым прымаемыя сумесныя меры далі станоўчы вынік: за паўгоддзе паморак жывёлы зменшыўся на 1,6%.

Разам з тым і на сёння маюцца парушэнні заканадаўства, якія звязаны з так званым чалавечым фактарам. Гэта не азначае, што для захавання ўсіх правілаў і нормаў не хапае матэрыяльных сродкаў. Яны ёсць. У большасці выпадкаў не хапае элементарнай вытворчай дысцыпліны, арганізаванасці. Неабходна навесці парадак, выконваць дысцыпліну працы і строга прытрымлівацца тэхналогіі вытворчасці. Толькі тады і будуць станоўчыя вынікі.

З довадамі намесніка пракурора вобласці нельга не пагадзіцца. Каб не трапіць у няёмкую сітуацыю, рабіце ўсё па літары закона.

Віктар Ільюшчанка. Фота аўтара