У 1946 годзе Пружанскі кансервавы завод выпусціў сваю першую вітамінную прадукцыю. На той час прадпрыемства было адным з флагманаў раённай эканомікі, аднаўляючы разбураную вайной народную гаспадарку. Асартымент прадукцыі завода за кароткі час стаў папулярным не толькі на Пружаншчыне, але і па ўсёй вобласці. Будаваліся новыя цэхі, закуплялася абсталяванне, пашыралася наменклатура выпускаемай прадукцыі. Лічыцца, што 1960-я гады сталі для прадпрыемства сапраўдным «залатым перыядам».
На пачатку 2000-х гадоў кансервавы завод змяніў свой статус, пераўтварыўшыся ў акцыянернае таварыства. Кіруючы камплект акцый набыў інвестар са сталіцы. Але… сумненні ў будучыні завода ўзніклі вельмі хутка.
Не, спачатку паступалі некаторыя капіталаўкладанні, такім чынам, напрыклад, была адкрыта лінія разліву сокаў у тэтрапакі. Ды інвестары абмежаваліся першым поспехам, не імкнуліся не толькі яго развіваць, але нават замацаваць. У выніку на працягу наступных гадоў прадпрыемства літаральна выжывала за кошт уласных напрацовак і маркетынгавых кампаній.
Аднак, пагадзіцеся, складана планаваць нават мінімальнае развіццё, калі зношваецца абсталяванне, не хапае сродкаў на закуп сыравіны, даводзіцца самастойна разлічваць рызыкі кантактаў з патэнцыйнымі пакупнікамі.
У сярэдзіне мінулага года станам прадпрыемства зацікавіўся старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч. Па яго ініцыятыве было вырашана змяніць уласніка. Адшукалі зацікаўленых асоб, а папярэдняму ўласніку зрабілі прапанову, ад якой было немагчыма адмовіцца.
— Напрыканцы года пытанне паспяхова вырашылася і ўласнік нашага завода змяніўся, — расказвае дырэктар прадпрыемства Віталій Парэмскі. — Як паказваюць першыя сустрэчы з цяперашнім інвестарам, ён будуе даволі значныя планы, звязаныя не толькі з мадэрнізацыяй вытворчасці, але і поўнай перадыслакацыяй завода з цэнтра горада на яго ўскраіну — на вуліцу Лазо.
Зараз праводзіцца маніторынг рынку кансерваванай прадукцыі. Вывучаюцца попыт на асобныя пазіцыі, лагістыка збыту прадукцыі і, зразумела, крыніцы паставак сыравіны. На падставе атрыманых дадзеных будзе распрацаваны адпаведны бізнес-план, пад які патрэбна набыццё абсталявання і правядзенне прафесійнай падрыхтоўкі работнікаў.
Трэба сказаць, што сёння завод працягвае выпускаць пэўны асартымент, які пастаўляецца не толькі па раёне, але і на экспарт. Сокі, нектары, кансервацыю, варэнне, джэмы набываюць гандлёвыя арганізацыі раёна і вобласці, установы адукацыі, аховы здароўя і іншыя арганізацыі, дзе наладжана харчаванне. Попыт даволі вялікі, канвеерныя лініі адпускаюць аб’ёмы адразу ў грузавыя аўтамабілі, на складах збіраецца толькі тая прадукцыя, якая чакае чарговага транспарту.
Па словах Віталія Генадзьевіча, цяпер ствараецца такая сітуацыя, калі вытворчасць не паспявае за заказамі пакупнікоў. Зразумела, вытворчасць патрабуе пашырэння. Яно, па папярэдніх падліках, запланавана на верасень бягучага года. Пашырыцца асартымент, пра што, як запэўнівае кіраўнік прадпрыемства, пружанцы даведаюцца першымі.
Дырэктар завода зазірае ў перспектыву. Па-першае, кансервы заўсёды запатрабаваны. Гэта і працяглы тэрмін захоўвання, і магчымасць набываць вітамінную прадукцыю ў зімовы перыяд. Варта адзначыць, што на прадпрыемстве прытрымліваюцца рэцэптур, якія былі зацверджаны яшчэ ў «савецкі час», як кажуць, «без хіміі». Па-другое, абмежаваны імпарт ад замежных пастаўшчыкоў кансерваў адкрывае літаральна неабсяжныя магчымасці. А яшчэ на месцы можна вырабляць прадукцыю па даступных цэнах, бо пружанскі кансервавы завод выкарыстоўвае айчынную сыравіну.
— Садавіну і частку агародніны, грыбы, лясныя ягады закупляем на тэрыторыі Пружаншчыны, у асноўным ад фермерскіх гаспадарак і з Белавежскай пушчы, — расказвае Віталій Парэмскі. — Напрыклад, сёлета ў тры разы перавыканалі план па закупу яблык. Агуркі выгадна везці са Століншчыны, дзякуючы вялікім аб’ёмам паставак.
Відавочна, што мадэрнізацыя пацягне і пашырэнне персаналу, стварэнне новых працоўных месцаў. Хочацца спадзявацца, што паляпшэнне перспектыў пэўным чынам адаб’ецца і на заробках завадчан. І свой 80-гадовы юбілей ў 2026 годзе прадпрыемства сустрэне абноўленым, з высокім эканамічным рэйтынгам.
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік