Пятница, 7 ноября 2025

Ці ўдарылі санкцыі па рабоце ААТ «Жураўлінае»

425

Заходнія палітыкі ніяк не супакояцца, што ні месяц уводзяць усё новыя санкцыі супраць Беларусі і Расіі. Ствараецца ўражанне, што ім проста заняцца няма чым, свабоднага часу многа. Бярыце ў рукі лапаты або вілы, паважаныя, карысці будзе больш.

Ну, увялі вы санкцыі супраць некаторых беларускіх грамадзян і арганізацый, замарозілі актывы і забаранілі ўезд у Еўрапейскі саюз. Пашырылі забарону на экспарт тавараў пэўнага віду. Не спыніліся на гэтым, дайшлі і да імпарту. Цяпер Беларусь у поўнай меры не можа карыстацца вызначанымі сусветнымі паслугамі — аўдытарскімі, бухгалтарскімі, архітэктурнымі і іншымі. І Захад не задумваецца над адным: калі робіш шкоду іншаму, абавязкова чакай, што і табе, прашу прабачэння, нехта плюне ў спіну.

Што і назіраецца на сённяшні дзень. Не будзем гаварыць аб тым, што простыя людзі з Заходняй Еўропы ўжо ж ніяк не выйграюць ад бязглуздых санкцый. Звернем увагу на стан спраў у нашай рэспубліцы.

Другі год запар эканоміка краіны расце тэмпамі вышэйшымі за сусветныя. Вывад: калі Васіль не хоча купіць маю бульбу, то яе абавязкова забярэ той жа Анатоль, магчыма, па яшчэ больш выгаднай цане. І мы знаходзім новыя рынкі, выйшлі, напрыклад, на Афрыку і іншыя дружалюбныя да нас краіны. Укараняюцца новыя механізмы падтрымкі эфектыўных інвестыцыйных праектаў у рэгіёнах. Робіцца вельмі многае, каб кожны з нас спакойна жыў і працаваў і нават думаць не хацеў пра нейкія там санкцыі. Ды што тут гаварыць, зарплаты растуць пастаянна, крамы запоўнены рознымі харчовымі і прамысловымі таварамі. Чаму ж тады беларусы павінны сумаваць, баяцца нейкай там купкі «таварышаў», якія самі для сябе вырашылі паставіць на калені Беларусь? Нават смешна становіцца ад іх памкненняў, калі вакол бачыш задаволеных жыццём суайчыннікаў.

Калі некага не задавальняе проста сказанае, то можна даказаць і на фактах. Кожны, напрыклад, бачыць, што на нашых неабсяжных палетках як і раней працуе тэхніка, штодзень адгружаюцца тоны якаснага малака, ураджаі збожжа радуюць з года ў год. Сельская гаспадарка жыве на поўныя грудзі, ёй зусім не да санкцый. І, па словах члена Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні, дырэктара ААТ «Жураўлінае» Аляксандра Пішча, так будзе далей, мы народ нязломны і працавіты.

Трактар замежны не купім? Бяды той! Ды наша энерганасычаная тэхніка нічым не саступае тым жа «Джон Дзірам», магутнасці хапае, камфортнасць на месцы, кандыцыянер працуе, камп’ютарная аснашчасць на ўзроўні. Узворвай сабе на здароўе гектары глебы, хоць салому вазі, хоць — кармы для буйной рагатай жывёлы. І дзяржава толькі «за», каб куплялі айчыннае. Для чаго ў краіне распрацавана многа праграм, па якіх любое сельгаставарыства можа набыць «Беларус» у лізінг, калі грошай не хапае. Дый па цэнах рознімся, бо наш трактар куды больш таннейшы, чым з-за граніцы.

Ёсць у нас і замежная тэхніка, якая ў любым выпадку патрабуе рамонту. Што з запчасткамі? Як расказаў Аляксандр Іванавіч, некаторыя складанасці ўзніклі. Падоўжыўся час дастаўкі: калі раней дэталь прыходзіла за 3-4 дні, то цяпер яе чакаюць 7-8 дзён. Між тым, каб не ўзнікалі прастоі і работа вялася, заўсёды ёсць тэхніка на падмену. З любой самай складанай сітуацыі ёсць хаця б адзін выхад —даказана самім жыццём. І беларусу кемлівасці не займаць.
Тыя ж сігналы GPS вырашылі на Захадзе не прадаваць нам? Дык у нас свае ёсць, і функцыі выконваюць на выдатна: уся тэхніка падчас работы на кантролі.

Справы з насенным матэрыялам таксама пытанняў не выклікаюць. ААТ «Жураўлінае» набывае і да гэтага часу як гібрыды кукурузы, так і каласавых замежнай селекцыі. І тут трэба сказаць, што за мяжой людзі разумеюць: узаемавыгадны гандаль у любым выпадку прынясе прыбытак абодвум бакам. Вельмі шкада, што заходнія палітыкі гэтага папросту не хочуць бачыць. А можа, і бачаць, але ж цяжка ім, бедным, прызнаваць свае памылкі.

— Не ў накладзе і жывёлагадоўля, — гаворыць Аляксандр Пішч. — ЗАТ «Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя» ўжо не першы год займаецца вытворчасцю прэміксаў і кармавых дабавак, якія маюць высокую пажыўнасць і ўтрымліваюць бялкі, вітаміны і мікраэлементы для кармлення жывёл. Як кажуць, не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло. Сапраўды, не хочуць з намі сябраваць, зачыняюць перад носам дзверы? Няхай, мы самі сябе забяспечым, не трэба тады і грошы за мяжу вывозіць. Імпартазамяшчэнне ў дадзеным выпадку толькі на карысць. Усё сваё, праверанае часам, зробленае на сумленне, а недзе нават на вякі, для сябе, дзяцей і ўнукаў.

Ніхто не гаворыць, што беларусам сёння ўсё лёгка даецца. У гэтым жыцці за месца пад сонцам трэба яшчэ пазмагацца, заявіць пра сябе, не згубіцца ў віхуры зла і паклёпу. Але мы, і ў першую чаргу Кіраўнік нашай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, верым, што зламаць дух народнага адзінства і прынізіць нацыю беларусаў нікому і ніколі не ўдасца.

Вадзім Раўнейка