Не верце таму, хто скажа, што Купалле на Пружаншчыне не адзначаюць! Сельскія ўстановы культуры проста не маглі абысці бокам гэтае напоўненае загадкавасцю, містыкай і шматлікімі традыцыямі свята. Мерапрыемствы, якія прайшлі з яго нагоды, атрымаліся цікавымі і непаўторнымі.
Увечары 6 ліпеня на святочную купальскую праграму запрасіў усіх Калазубскі сельскі клуб-бібліятэка.
Гасцей чакала казачная пастаноўка пра цара, яго дачку Несмяяну і Ваньку ў аўчынцы. Працэс пошуку жаніхоў для галоўнай гераіні цесна пераплёўся з традыцыямі Купалля. Яны сталі своеасаблівымі выпрабаваннямі для «кандыдатаў» на Несмяяну і палову каралеўства. Так, госці разам з жаніхамі плялі купальскія вяночкі, вязалі венічкі, умываліся гаючай вадой, раскладвалі вогнішча — адзін з галоўных атрыбутаў свята. А яшчэ прысутныя вадзілі карагоды, слухалі шматлікія музычныя нумары, прымалі ўдзел у гульнях і конкурсах. Таксама цар правёў усіх жадаючых праз сімвалічныя вароты шчасця.
Не менш цікава прайшло Купалле ў Стараволі. Дырэктар мясцовага СКБ Наталля Дарошчанка разам з памочнікамі правяла абрад Купалля на мясцовым штучным возеры Гай. Жыхары аграгарадка змаглі больш даведацца пра традыцыі свята і разам спусціць на ваду прыгожыя купальскія вяночкі.
Святкавалі Купалле таксама ў Ружанах. Цэнтр культуры і вольнага часу гарадскога пасёлка запрасіў усіх на канцэртна-забаўляльную праграму «У купальскі вечарок».
А ў мінулую суботу шчыра запрашаў на Купалле Сухопальскі сельскі клуб-бібліятэка. Для гасцей, апроч цікавай і насычанай канцэртнай праграмы, арганізавалі продаж сувеніраў і святочную дыскатэку, дзеці маглі пазабаўляцца на надзіманай горцы і батуце.
Уладзіслаў Шпарла