Понедельник, 2 декабря 2024

Чытачка з вуліцы Юбілейнай: хлопцы з ДЭУ-25 вельмі адказна падыходзяць да справы

482

На мінулым тыдні ў рэдакцыю пазваніла ўзрушаная жанчына. Яна вельмі хацела аддзячыць «дарожнікам, якія так старанна выконваюць сваю работу». Высветлілася, што Ніна Васільеўна Сцепанчук жыве ў доме № 6 па вуліцы Юбілейнай у райцэнтры. Каля гэтага дома і вядуцца рамонтныя работы.

— Хлопцы з ДЭУ-25 так адказна падыходзяць да сваёй справы, я наглядзецца не магу. Працуюць хутка, акуратна, граматна. Вельмі хочацца зрабіць для іх нешта прыемнае. Вы ўжо напішыце пра іх, калі ласка, — з захапленнем распавядала наша чытачка.

Мы вырашылі даведацца, што канкрэтна робіць служба.

Як паведаміў начальнік дарожна-эксплуатацыйнага ўпраўлення № 25 Уладзімір Пунько, сродкі на добраўпарадкаванне вуліцы Юбілейнай выдзеліла КУВП «Камунальнік». Дарожнікі ўжо ўстанавілі новыя бардзюры, таксама ў планах пакласці тут новае асфальтавае пакрыццё. Кіраўнік ДЭУ-25 зазначыў, што ўсе папярэднія работы выкананы, застаецца толькі чакаць спрыяльнага надвор’я для таго, каб завяршыць справу.

Уяўляю сабе, як абрадуецца Ніна Васільеўна, калі на яе роднай вуліцы рамонтныя работы будуць выкананы да канца! Наогул, раней у тутэйшых жыхароў было нямала нараканняў на стан дарогі, праходаў і праездаў. Спадзяёмся, што хутка шэраг праблем застанецца ў мінулым. Але гэта гісторыя выклікае і своеасаблівую ўнутраную цеплыню. Добра, што ёсць людзі, якія заўважаюць работу іншых, цэняць яе і ўмеюць ТАК дзякаваць, як наша чытачка.

Юлія Янушка. Фота аўтара