Жыхарка вуліцы Бабрука ў Пружанах паскардзілася нам на тое, што на гэтай вуліцы, дзе яна пражывае працяглы час, ніколі не было добрага дарожнага пакрыцця. «У восеньскі і вясновы перыяд уся дарога ў вадзе, па ёй цяжка перамяшчацца не толькі чалавеку, а нават машыне».
Каб атрымаць адказ на пытанне аб тым, ці плануецца тут правядзенне рамонтных работ, мы звярнуліся ў Пружанскае КУВП «Камунальнік».
Намеснік дырэктара прадпрыемства Віталій Казлоў расказаў, што праблему з дарогай па вуліцы Бабрука плануецца нарэшце вырашыць.
— Падсыпка і грэйдзіраванне сітуацыю кардынальна не мяняюць, бо пасля некалькіх дажджоў дарожнае пакрыццё зноў становіцца нездавальняючым. Таму тут будзе ляжаць асфальт, гэтыя работы ўжо запланаваны, — адзначыў Віталій Ігаравіч.

Як расказала начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела Галіна Гардзей, згодна з перспектыўным планам асфальтавання вуліц і завулкаў горада Пружаны, які быў зацверджаны рашэннем раённага Савета дэпутатаў 28.09.2023, вуліца Бабрука ўваходзіць у аб’екты першай чаргі. У спісе яна значыцца пад другім нумарам, пасля завулка Веры Харужай. Калі «Камунальніку» выдзеляць сродкі на гэтыя мэты, работы будуць праведзены.
Падрыхтаваў Руслан Басак
Фота з адкрытых крыніц, носіць ілюстрацыйны характар