Четверг, 12 марта 2026

Чытач пытаецца: як узаконіць самавольныя пабудовы?

407

– На ўласным прысядзібным участку некалі самавольна ўзвялі некалькі пабудоў. Як іх узаконіць у рамках Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 253, які ўводзіць спрошчаны парадак прыёму ў эксплуатацыю падобных аб’ектаў?

Людміла Дудзінская, аг. Лінова.

Як адзначае намеснік начальніка аддзела архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Аляксандр Глушко, летам мінулага года Кіраўнік дзяржавы падпісаў часовы нарматыўны акт, які агаворвае спрошчаны парадак прыёмкі ў эксплуатацыю аб’ектаў будаўніцтва.

– Новы Закон мае абмежаваны тэрмін дзеяння і дае магчымасць грамадзянам правесці да пачатку 2025 года рэгістрацыю змяненняў у аднакватэрных дамах ці на прыдамавой тэрыторыі, няўлічаных раней або выкананых без адпаведнага дазволу. Пры гэтым дадам, што такое права даецца тым, хто атрымаў зямельныя ўчасткі да 1 верасня 2022 года.

Гэтым грамадзянам неабходна звярнуцца ў службу «Адно акно» райвыканкама з адпаведнай заявай, да якой рэкамендавана дадаць:
– дакументы, якія пацвярджаюць права карыстання зямельным участкам;
– ведамасць тэхнічных характарыстык.

Акрамя таго, у заяве павінна быць пазначана згода паўналетніх членаў сям’і ці ўдзельнікаў агульнай долевай уласнасці, якія маюць права ўласнасці на карыстанне жылымі дамамі і капітальнымі пабудовамі. Для пацвярджэння такой згоды вышэй пералічаныя грамадзяне павінны паставіць свае подпісы ў заяве.

Яшчэ варта патлумачыць, што магчыма прыёмка ў эксплуатацыю толькі тых збудаванняў, якія адпавядаюць вызначаным крытэрыям. У прыватнасці, гэта пяты клас складанасці, захаванне будаўнічых норм і патрабаванняў захавання ўстаноўленай адлегласці ад межаў зямельнага ўчастка і іншых пабудоў.

Пасля падачы заявы на месца прыедуць спецыялісты, якім дадзены дзяржаўна-ўладныя паўнамоцтвы ў галіне архітэктуры, горадабудаўніцтва і будаўніцтва. Згодна з Указам, гэта працэдура не можа цягнуцца больш за 1 месяц.

Фота носіць ілюстрацыйны характар