– Рэгулярна ў рубрыцы «Трывожны тэлефон» друкуюцца паведамленні аб учыненні якіх-небудзь злачынстваў і затрыманні падазроных асоб, у дачыненні да якіх пакуль праводзіцца праверка. А чым заканчваюцца такія працэдуры? Няўжо ўсіх, зрэшты, абвінавачваюць? Ці хтосьці ўсё ж заслугоўвае апраўдання? Хацелася б і пра гэта даведвацца са старонак газеты.
Жыхарка аг. Клепачы

Сапраўды, наша чытачка мае рацыю і наўрад ці кожнага затрыманага адпраўляюць «за краты». Здараецца, што пасля правядзення следчых дзеянняў праваахоўнікі ўстанаўліваюць невіноўнасць падазронага. Вось толькі ў тым патоку крымінальных спраў, якія штотыднёва ўзбуджаюцца праваахоўнымі органамі, і праверачных працэдур нам, журналістам, складана сачыць за развіццём кожнай гісторыі. Магчыма, справа скончылася апраўданнем, а можа, і дайшла да суда. Ды і не мае сэнсу па некалькі разоў публікаваць звесткі пра адны і тыя ж выпадкі, якія, магчыма, даўно не цікавяць большасць нашай чытацкай аўдыторыі. Прасцей зрабіць інакш. Калі вам запомнілася нейкая гісторыя і вы жадаеце даведацца яе працяг, то абавязкова тэлефануйце нам або пішыце ў сацыяльных групах запыты. Са свайго боку, мы абяцаем, што прасочым да канца за развіццём падзей, каб атрыманую інфармацыю аператыўна данесці да заўзятых прыхільнікаў «раёнкі».
Фота носіць ілюстрацыйны характар