Наступіў агародна-дачны сезон. Рознай расады дэкаратыўных раслін сёлета ў мяне зноў з лішкам. Ці не парушу я заканадаўства, калі буду рэалізоўваць гэтую прадукцыю, не з’яўляючыся індывідуальным прадпрымальнікам?
Са званка ў рэдакцыю.
На пытанне нашай чытачкі адказала начальнік упраўлення падаткаабкладання фізічных асоб Святлана ЖУК.
— Нават калі Вы не зарэгістраваны ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка, маеце права як фізічная асоба ажыццяўляць рэалізацыю прадукцыі кветкаводства, дэкаратыўных раслін, іх насення і расады. Толькі рабіць гэта трэба на гандлёвых месцах або ў іншых устаноўленых мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі месцах гандлю.

Пры гэтым адносна такога віду дзейнасці фізічныя асобы маюць права выплачваць адзіны падатак з індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізічных асоб, стаўка якога для Пружан і Пружанскага раёна складае 130,00 беларускіх рублёў у месяц.
Пры рэалізацыі вышэйназванай прадукцыі на гандлёвых і іншых устаноўленых месцах на працягу менш як 15 дзён у каляндарным месяцы адзіны падатак вылічваецца з прымяненнем каэфіцыента 0,5.
Замест выплаты адзінага падатку з індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізічных асоб вы можаце таксама прымяняць падатак на прафесійны даход.
З інфармацыяй аб прымяненні асаблівага рэжыму падаткаабкладання «Падатак на прафесійны даход» і выкарыстанні дадатку «Прафдаход» можна азнаёміцца на сайце Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь у спецыяльна створанай і размешчанай у раздзеле «Актуальна» старонцы «Падатак на прафесійны даход» па спасылцы.
Звяртаю ўвагу: рэалізацыя прадукцыі кветкаводства, дэкаратыўных раслін іншымі спосабамі (напрыклад, выкарыстоўваючы сетку інтэрнэт) магчыма толькі пасля рэгістрацыі фізічнай асобы ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка. Справа ў тым, што, згодна з палажэннем артыкула 1 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь, гэтая дзейнасць з’яўляецца прадпрымальніцкай.
Больш падрабязную інфармацыю можна атрымаць у інспекцыі МПЗ Рэспублікі Беларусь па Пружанскім раёне па тэлефонах: 2-17-76, 4-01-17.